Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГКЧП не прайшоў. І многія пашкадавалі. Масы былі гатовыя прыняць. У думках прызвычаіцца пасьпелі, у душы — скарыцца. Балбатун Гарбачоў надакучыў.

ГКЧП быў за парадак, а гэта галоўнае. Беларусы былі за СССР, каб захаваць, іншай думкі не ўзьнікала. Усё ж нядрэнна ў нас, толькі каўбаскі падкінуць у крамы, каб паменш у чэргах стаяць. Столькі як пры Гарбачове — даўно не стаялі. Лепей, каб усё было па-старому, каб «нас» баяліся. Але каб з каўбасой.

Тыя, хто вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг і зацьвердзіў рыцарскі герб, былі раўназначныя для народу здраднікам. Свабоду, незалежнасьць ім падавай! Дэмакратыю! І народ, надыдзе час, рукамі і нагамі прагаласуе за таго, хто здраду адменіць, усё верне назад. Толькі без ЦК, без ГКЧП, усё ўзначальніць сам асабіста, возьме дзяржаўны карабель у ручное кіраваньне. І ўсіх падзеліць на чэсных і нячэсных, чытай — амаль што здраднікаў. Зь якімі трэба пільна, не спускаць з вока.

Так што тэма здрады на беларускай глебе выглядае даволі хістка, неадназначна, але падспудна нібы пастаянна прысутнічае. Прынамсі ў падсьвядомасьці.

«Яна праваслаўная, я каталік», ёсьць такая песьня. Падзеленыя беларусы пераважна на дзьве канфэсіі, нібы дзьве душы ў іх. Трапілася мне ў сацыяльных сетках дыскусія: ці можна талераваць хістаньне з канфэсіі ў канфэсію, зьмену веры бацькоў? Маўляў, канфэсія даецца з бацькамі. Калі цябе пахрысьцілі ў царкве, гэта іхні выбар, будзь ласка прытрымлівайся.

Фармальна нібы слушна. Але ў нашай беларускай сытуацыі ўсё менш акрэсьлена. Менавіта ў жыцьці, не ў тэорыі. Прычым гісторыя гэтая даволі доўгая, ня зьява сёньняшняга дня. Пачнём з таго, што беларусы хісталіся адносна саміх сябе. Хацелася быць рускімі. Прынамсі больш нэўтральна — савецкімі. Акцэнту пазбыцца, па кроплі выціснуць зь сябе нацыянальнасьць. У Менску было мноства людзей, якія прагнулі ня быць беларусамі. Ня кажучы аб тых, хто зьяжджаў у саму Расею. Масава зьяжджалі. Адна яшчэ справа па разьмеркаваньні, каб кар’еру рабіць у Маскве, але ехалі проста абы куды, не цанілі радзімы сваёй, паходжаньня, імя. Начхаць было.

Канечне, зразумела — чаму. Не было каму і як выхаваць любоў да свайго, беларускі гарт каб у людзей быў падбаць. Рабілася адваротнае. На рэспубліканскім узроўні. Ня дзіва, што народ не абрадаваўся свабодзе, незалежнасьці, дэмакратыі, магчымасьці будаваць свой беларускі дом. Начхаць было.

Здраднікамі якраз сталі мы, дзеці, якія кінуліся будаваць сваю краіну, хто паставіў крыж на СССР, пахаваным гісторыяй. Здраднікі бацькоў, іхняга ладу жыцьця, іхняй веры ці забабонаў. Насельніцтва рэспублікі было ў значнай ступені калі бяз партбілету ў кішэні, то «беспартыйнымі камуністамі». І апрыёры калі не актыўнымі антыбеларусамі, то абыякавымі да свайго. Бо беларускіх камуністаў не існавала. Калісьці былі крыху, але іх зьнішчылі. Беларушчына і партыйнасьць не спалучаліся. Не было кропак сутыкненьня.

І ў гэтым была пастка. Вось кажуць: трэба было БНФ як літоўцы дзейнічаць, як «Саюдзіс», які наладзіў супрацоўніцтва з кампартыяй, і яны разам незалежнасьці дамагаліся. Фармальна слушна. Толькі што ў іх, апроч некаторых Буракявічусаў, іншыя партыйцы былі больш літоўцамі, чым камуністамі. У нас было інакш, наадварот. Хаця некаторыя камуністы самі пайшлі ў БНФ, але ці магчыма было нейкае супрацоўніцтва на ўзроўні арганізацый? Некалі прафэсар Ткачоў з уласнай ініцыятывы стварыў партсуполку ў патрыятычным клюбе «Паходня» у Горадні, дзе хапала людзей з партбілетамі. Але самі гаркамы-райкамы гэта не расчуліла, супрацьдзейнічалі «Паходні» як маглі.

Так што наша сучасная гісторыя густа замяшаная на здрадзе «ідэалам бацькоў», якія без СССР адчулі сябе асірацелымі. І што гэта (з нашага пункту гледжаньня), як ня іхняя здрада свайму, беларускаму — рэфэрэндум 1995 году, вядомыя яго вынікі?

Вяртаючыся да дыскусіі ў сацсетках. А як жа пошукі свайго шляху, як жа свабодны выбар? — запытаўся нехта. А сапраўды? Іначай мы ўсе павінныя былі паслухмяна пайсьці ў лукашэнкавы электарат, вітаць бестэрміновасьць прэзыдэнцтва, скасаваньне нацыянальных сымбаляў, закрыцьцё беларускіх школ, таптаньне нашых кляйнотаў. Ня кажучы абавязаныя былі не адрывацца ад тэлевізару, калі ён прамаўляе ў царкве, а сьвятар слухае.

У начальства не было мэты быць начальствам усіх беларусаў. Наадварот, усё рабілася, каб замацаваць падзел на чэсных і нячэсных, на сваіх і чужых. А паколькі праваслаўная царква актыўна выкарыстоўвалася ім у сваіх дзеяньнях, то вядома, якім магло быць стаўленьне да гэтай інстытуцыі тых, каго начальства мазала «адмоўнай» фарбай.

Вось прыклад аднаго майго знаёмага. У навакольлі, адкуль паходзілі бацькі, не было храмаў. Яго ніхто не хрысьціў. Ці хрысьцілі бацькоў, яму невядома. Бацька быў з партбілетам, агітаваў: трэба ўступаць у партыю. Але яму падабаліся замкі, рыцар на кані, падабаўся касьцёл, каталіцкія сьпевы, падабалася не Масква, а Вільня. Праўда, у касьцёле панавала польская мова, чужая. Але хутка паявілася і беларуская. Ён спыніў свой выбар на каталіцтве. Дык у чым здрада?

Для мяне асабіста важней, каб беларусы ня здраджвалі свайго імя, каб беларусаў не рабілася менш, а куды яны будуць хадзіць на набажэнства ці застануцца атэістамі — справа другая. Але што ад мяне залежыць? Я магу адказваць толькі за сябе.

Ва ўзгаданай дыскусіі былі цікавыя жыцьцёвыя прыклады. Нехта піша, што сярод сваякоў палова праваслаўных, палова каталікоў, што так і ў сям’ях нярэдка бывае. І сьвяты адзначаюць па чарзе — і такія, і такія. Што ж, вельмі нядрэнна, мне здаецца. І якая тады розьніца — хто ў царкве бывае, а хто ў касьцёле? Дый рэальна бывае, што ходзяць і ў адзін, і ў другі храм.

А нехта ў гісторыю кідаецца, раз ужо тэма канфэсійнай хісткасьці ўзьнятая. Дзьвесьце год таму, піша, праваслаўных было вобмаль, а цяпер амаль усе праваслаўныя… Перахрышчаныя былі прымусам. Чалавеку гэта непрыемна ўсьведамляць. А нехта пацьвельвае — верай нашых бацькоў, выхаваных у савецкія часы, часьцей за ўсё быў атэізм або нерэлігійнасьць. Што ўжо тады рукамі размахваць сёньня?

А ў іншага чалавека сярод продкаў былі «і поп, і рабін», а габрэйская бабуля — атэісткай і камуністкай. Што рабіць у гэтым разе? Я сам, між іншым, чуў, як адзін бацюшка заняўся радаводам і высьветліў, што продкі былі каталікамі. А ў іншага юдэі знайшліся. І сапраўды: як выходзіць з сытуацыі, калі «на поўным сур’ёзе»? Наогул, чым твой свабодны сьвядомы выбар можа быць горшым проста за «даніну традыцыі»? — пытаецца яшчэ адзін удзельнік дыскусіі. Альбо: як быць дзецям, калі маці праваслаўная, а бацька каталік? — дадае другі.

А нехта б’е пад дых: што там выбар ці зьмена канфэсіі, калі мы нярэдка імёны, дадзеныя бацькамі, мяняем. Алесі, Зьмітракі, Міхасі былі Аляксандрамі, Дзьмітрыямі, Міхаіламі.

І сапраўды: ці гэта можна лічыць здрадай, непавагай да выбару бацькоў? Якія нават не спрабавалі даваць дзецям імёны не з агульнага для СССР сьпісу ў ЗАГСе, які, зразмела, быў складзены і зацьверджаны ў Маскве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG