Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова ўкраінцаў станоўча ставіліся да саюзу Ўкраіны, Расеі і Беларусі 4 гады таму. Цяпер — 20%


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнты (зьлева направа) Расеі — Ўладзімір Пуцін, Беларусі —Аляксандар Лукашэнка і Ўкраіны — Пятро Парашэнка
Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнты (зьлева направа) Расеі — Ўладзімір Пуцін, Беларусі —Аляксандар Лукашэнка і Ўкраіны — Пятро Парашэнка

Паводле апытаньня Інстытуту сацыялёгіі ўкраінскай Акадэміі навук, вынікі якога перадае УНІАН, 62% украінцаў нэгатыўна ставяцца да магчымага саюзу Ўкраіны зь Беларусьсю і Расеяй.

У 2013-м, да анэксіі Расеяй украінскага Крыму і пачатку канфлікту на Данбасе, 49% украінцаў станоўча ставіліся да такога саюзу. У 2014-м такіх стала толькі 25%, цяпер засталося 20%. Нэгатыўнае стаўленьне вырасла з 28% у 2013-м да 62%.

Найбольш нэгатыўна да такога саюзу ставяцца на захадзе Ўкраіны (4% станоўча, 88% адмоўна), найбольш пазытыўна — на ўсходзе (32% станоўча, 46% адмоўна). На Данбасе значная частка — 38% — не змагла вызначыцца з адказам на такое пытаньне (29% станоўча, 33% адмоўна). На поўдні Ўкраіны станоўчае і адмоўнае стаўленьне аднолькава распаўсюджаныя (па 37%).

Пасьля распаду СССР былыя савецкія дзяржавы (акрамя краінаў Балтыі) ўтварылі Садружнасьць незалежных дзяржаваў (СНД), але гэты зьвяз не паказаў сябе эфэктыўным. Пасьля нападу Расеі у 2008 годзе Грузія выйшла з СНД. Украіна не ратыфікавала Статут СНД, таму фармальна не была яе чальцом, а толькі ўдзельніцай. Пасьля анэксіі Крыму ўкраінскія дэпутаты пачалі абмяркоўваць поўны выхад з СНД, падрыхтавалі законапраект у 2016 годзе.

Беларусь ад 1996 году з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ўваходзіць у «Супольнасьць Беларусі і Расеі», ад 1997 — у «Саюз Беларусі і Расеі», ад 2000 — у «Саюзную дзяржаву»). Абвяшчалася, што ў «Саюзнай дзяржаве» маюць зьявіцца адзіныя органы ўлады, адзіныя дзяржаўныя сымбалі, адзіная валюта, адзіная фінансавая, падатковая, цэнавая, гандлёвая палітыка, уніфікацыя заканадаўства.

З гэтых плянаў нічога не было рэалізавана, інтэграцыя Беларусі і Расеі цяпер ідзе ў эканамічнай галіне ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, у які таксама ўваходзяць Армэнія, Казахстан і Кіргізстан. Пасьля «Рэвалюцыі годнасьці» («Эўрамайдану», які пачаўся з абароны асацыяцыі з Эўразьвязам) Украіна не разглядала далучэньне да ЭАЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG