Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленскі сайт «разграміў» Севярынца за «плянаваньне правакацыі ў Катыні». Палітык туды і не зьбіраўся


Павал Севярынец. Несанкцыянаваная ўладамі акцыя на 1 траўня (Дзень працы) на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Рэгіянальны інфармацыйны сайт Смаленшчыны Readovka.ru зьмясьціў разгромны артыкул пра Паўла Севярынца. У тэксьце палітык называецца стваральнікам арганізацыі «Млады фронт», ідэалягічна блізкай да забароненага ў Расеі ўкраінскага «Правага сэктару».

Прычынай незадаволенасьці стала анансаваная на 23 жніўня паездка пад Смаленск, на месца масавых расстрэлаў у Катыні. Як піша партал, дата візыту выбрана невыпадкова: 23 жніўня «прагрэсіўная» Эўропа адзначае як Дзень барацьбы са сталінізмам і нацызмам. А значыць, заплянаваная паездка — чарговая антырасейская акцыя, што перакрэсьлівае савецкі пэрыяд і ставіць знак роўнасьці паміж СССР і нацысцкай Нямеччынай. А гэта, па сутнасьці, перагляд вынікаў Другой усясьветнай вайны. У сувязі з гэтым згадваецца ініцыятыва Польшчы пра знос савецкіх помнікаў таго часу.

«Севярынец — асоба ў Беларусі вядомая. Зьяўляючыся непрымірымым апазыцыянэрам, менавіта ён быў арганізатарам вулічных акцый пратэсту ў Менску ў 1997-2004 гадах, у 2014-м актыўна падтрымліваў украінскі Майдан, а ў пачатку гэтага году фактычна ўзначаліў акцыю пратэсту ў Курапатах пад Менскам. Севярынец часьцяком адкрыта заклікае да зьмены ўлады ў рэспубліцы, ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за супрацьпраўныя дзеяньні і затрымліваўся КДБ Беларусі. У сукупнасьці пад арыштам правёў каля 5 гадоў», — дэманструе дасьведчанасьць аўтар інтэрнэт-парталу.

Акцыя перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам.
Акцыя перад Менскім гарадзкім судом падчас працэсу над Эдуардам Пальчысам.

Расейскім чытачам падрабязна расказваецца пра «Млады фронт». Севярынцу, які ўжо даўно ў кіраўніках іншай грамадзкай арганізацыі, прыпісваецца галоўная ідэалягічная роля ў змаганьні з Расеяй:

«Галоўнай ідэалёгіяй руху, зарэгістраванага ў Чэхіі, стаў ваяўнічы нацыяналізм, які часьцяком пераходзіць у адкрыты нацызм. Апошнім трэндам — стварэньне партызанскіх атрадаў самаабароны ад „будучай расейскай акупацыі“. Лідэры руху прама называюць Расею галоўным ворагам Беларусі. Адным з лёзунгаў арганізацыі на масавых акцыях стала вядомая па падзеях ва Ўкраіне фраза: „Хто ня скача, той маскаль!“. Актывісты „Млада фронту“, якія ўваходзяць у ваенізаванае крыло „Ваяр“, удзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце на Данбасе на баку Ўкраіны. У структуры ваенізаваных атрадаў створана тактычная група „Беларусь“, у асноўным яна складаецца з актывістаў фронту».

Павал Севярынец у размове са Свабодай выказаў зьдзіўленьне такой увагай да сваёй пэрсоны — тым больш таму, што наведаць Катынь у яго не атрымліваецца:

«Як аказалася, гэта інфармацыйнае выданьне, найбуйнейшы партал Смаленшчыны, ня нейкі там маргінальны пракрымнашаўскі сайцік. У такім выпадку я думаю, што адлюстравана пазыцыя ФСБ — магчыма, па матывах інфармацыі КДБ. Але тое, што ўжываецца назва «Млады фронт», сьведчыць, што КДБ тут, можа, і ні пры чым, нашы дакладна ведаюць, як што пішацца. Наогул цяжка нешта камэнтаваць, бо збольшага ўсё падобна на «Ўладара пярсьцёнкаў».

Палітык кажа, што дапамагаў калегам з дэмакратычнага лягеру з распаўсюдам інфармацыі пра паездку ў Катынь, але ня ёсьць арганізатарам «вылазкі», як пішуць на смаленскім партале:

Я ня толькі ня ёсьць арганізатарам, а нават не зьбіраюся туды ехаць, на гэты дзень іншыя пляны

«Мой допіс у „Фэйсбуку“ быў накіраваны на тое, каб сабраць людзей і тым самым дапамагчы арганізатарам. Я ня толькі ня ёсьць арганізатарам, а нават не зьбіраюся туды ехаць, на гэты дзень іншыя пляны. Паездку арганізоўвае рух „Разам“ — Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая. Тут і сьмех і грэх, усё разам. Бо ў тым артыкуле, пачынаючы ад назваў, фактаў і да мэтаў, застаецца проста разьвесьці рукамі — як такое ўвогуле можа быць?».

Смаленскі рэсурс нагадвае, што ў 2014 годзе ў аналягічную дату Смаленск ужо наведвала дэлегацыя беларускіх апазыцыянэраў. Госьці ня ўтойвалі свайго настрою супраць расейскай дзяржавы — маўляў, на адным з актывістаў была футболка «Стоп Пуцін».

Паводле Паўла Севярынца, насамрэч беларусы наведваюць Катынь з той жа мэтай, што і Курапаты пад Менскам — ушанаваць нявінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў:

«Людзі едуць ушанаваць памяць сваіх сваякоў, землякоў. У Катыні ляжаць ня толькі палякі, але і беларусы, якія былі грамадзянамі другой Рэчы Паспалітай у межах 1921-1939 гадоў. Афіцыйна ўстаноўлена, што там шмат беларусаў, лік ідзе на сотні. Таму гэта акцыя ўшанаваньня памяці, якая робіцца штогод. Чаму актывізаваліся менавіта зараз? Магчыма, неяк зьвязана з вучэньнямі, з агульнай нэрвознай абстаноўкай? Ня выключана, што і так...».

23 жніўня ў Катынь паедуць актывісты Руху «За свабоду», Руху салідарнасьці «Разам», Партыі БНФ, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ды іншыя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG