Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД заяўляе, што кампанію дыскрэдытацыі хрысьціянскіх дэмакратаў перанесьлі ў сеціва


Павал Севярынец

2 жніўня кіраўніцтва аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі перадае ў Генэральную пракуратуру Беларусі дзьве заявы.

Пра гэта сустаршыні аргкамітэту Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец сказалі сёньня на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай «Кампаніі КДБ супраць БХД, разгорнутай улетку гэтага году».

Першая заява тычыцца 19-хвіліннага рэпартажу «Адваротны бок міласэрнасьці брата Луіджы», паказанага ў эфіры БТ-4 16 ліпеня.

Другая — таго, што ў сетцы Інтэрнэт створаныя адмысловыя сайты, празь якія распаўсюджваецца інфармацыя нэгатыўнага зьместу, накіраваная на дыскрэдытацыю Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

Заяўнікі просяць «знайсьці ўладальнікаў сайтаў www.dal.by і www.predateli.com і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці».

Паводле прадстаўнікоў кіраўніцтва БХД, правакацыі супраць партыі арганізоўваліся і раней.

Зьмянілася сама тэндэнцыя шальмаваньня. Калі раней палітычныя апанэнты ўлады дыскрэдытаваліся пераважна празь дзяржаўныя СМІ, то цяпер высокая актыўнасьць праяўляецца ў сеціве, на YouTube і г. д.

«Але сёлета гэты працэс проста зашкальвае — кажа Павал Севярынец. — Калі раней іх можна было лічыць у межах аднаго дзясятка за ўвесь год, то сёлета такія прыклады можна знаходзіць сотнямі. Прычым часта гэта робіцца ў сьпешцы, зь вялікімі памылкамі. Так, на працягу аднаго сюжэту колькасьць сябраў нашай партыі зьмянялася так: 1000 чалавек, 130, 100, 30 і, нарэшце, 10. Маю жонку назвалі, напрыклад, Тацянай, хоць насамрэч у яе зусім іншае імя, а Тацянай завуць маю маці.

Зьмянілася сама тэндэнцыя шальмаваньня. Калі раней палітычныя апанэнты ўлады дыскрэдытаваліся пераважна празь дзяржаўныя СМІ, то цяпер высокая актыўнасьць праяўляецца ў сеціве, на YouTube і г. д. За апошні квартал існуе толькі адзін эпізод ілжывай дыскрэдытацыі БХД на дзяржаўным тэлебачаньні і сотні эпізодаў у сеціве».

На думку кіраўніцтва БХД, гэта ўсё зьвязана з тым, што тыя масавыя лякальныя кампаніі, якія ладзяць партыйныя актывісты, кшталту стварэньня прытулкаў для бяздомных, барацьбы супраць піцьця алькаголю непаўналетнімі і іншыя, атрымліваюць высокую падтрымку ў рэгіёнах. У актывістаў БХД існуюць добрыя шанцы на пасьпяховае правядзеньне выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Баючыся, што яны могуць стаць дэпутатамі, улады і арганізоўваюць супраць іх шматлікія правакацыі.

У прыватнасьці, на прэсавай канфэрэнцыі паказалі сюжэт і расказалі, як спрабуюць дыскрэдытаваць Аляксея Шчадрова, які жыве ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну. Фэльчар па адукацыі, Шчадроў займаецца грамадзка карыснай дзейнасьцю — утрымлівае прытулак для бяздомных.

Як патлумачыў Павал Севярынец, у Горадні ёсьць дзяржаўны прытулак для «бамжоў». Дыскрэдытацыяй прытулку ў вёсцы хочуць прыцягнуць увагу да дзяржаўнага і паказаць, што ўлады быццам бы з клопатам ставяцца да гэтай катэгорыі насельніцтва. Але ж насамрэч, як падкрэсьліў Севярынец, дзяржаўны прытулак улетку зусім не працуе.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Шматлікія прыклады, якія сёньня прыводзіліся на прэсавай канфэрэнцыі і былі паказаныя журналістам на экранах кампутараў, падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі, можна ацаніць «як атаку на БХД і на нашых партнэраў, найперш — правацэнтрысцкую кааліцыю і кампанію «Права выбару». Ад пачатку ліпеня патокі ілжывай інфармацыі хлынулі на электронныя адрасы актывістаў БХД і нашых партнэраў. Праваслаўным сьвятарам касяком пайшлі лісты, у якіх шальмуюцца ідэі і лідэры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

«Сёлета мы шырока сьвяткуем 100-я ўгодкі стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, — сказаў Павал Севярынец. — А бальшавікі сьвяткуюць свой 100-гадовы юбілей крывавага перавароту ў Расеі. Нашчадкі камуністычнага рэжыму нам як бы нагадваюць пра наша месца і пра іх уладу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG