Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскрый у сабе жанчыну! Разьвівай сваю жаноцкасьць! Павыкідай усе джынсы, шорты і офісныя штаны. Хоць не, не выкідай, а прыдумай, як даць ім другое жыцьцё — зрабі прыхопкі для гарачага, дыванок у лазенку ці ўвогуле перашый іх у спадніцу — сапраўдную жаночую сьвятыню. І пакуль народныя хоры галосяць «не задзяўбалася — ня маці», «не нараджала — не жанчына», чарговы прасьветлены гуру пачынае рэклямаваць свой новы трэнінг, на якім зьвядзе гэтыя формулы ў адно і з шырокай усьмешкай патлумачыць, што «не задзяўбалася — не жанчына».

Патлумачыць сам факт папулярнасьці трэнінгаў «па раскрыцьці жаноцкасьці» даволі проста: рэальнасьць — даволі непрадказальная рэч, а на такіх мерапрыемствах нібыта дзеляцца разгадкамі ўсіх таямніц быцьця. Навучыся гатаваць пяць новых страваў, і шчасьце пагрукаецца ў тваё вакенца! Насі толькі сукенкі ды спадніцы, і твая маціца наладзіць энэргетычны кантакт зь Зямлёй, і пацягнуцца да цябе мужчыны прыгожыя, багатыя ды пладавітыя! А ў любой незразумелай сытуацыі плянуй цяжарнасьць, бо цяжарнасьць — гэта самы натуральны і здаровы стан жаночага арганізма.

Можна раскласьці ўсе парады па палічках і радавацца адчуваньню таго, што ўсё ў жыцьці пад кантролем. Як на мяне, жаданьне атрымаць такое адчуваньне — цалкам лягічнае. Я іншага не разумею: што ня так з гэтай самай жаноцкасьцю, што яе бесьперапынна трэба ў сабе разьвіваць? Яна нібыта закладзена ў нас прыродай, але яе ўвесь час трэба шукаць^; яна нібыта наймацнейшая энэргія ў жаночым жыцьці, але можа быць парушана адной парай джынсаў.

Такая жаноцкасьць вельмі нагадвае гетэрасэксуальнасьць, як яе бачаць гамафобы: Богам задумана, каб жанчыны займаліся сэксам толькі з мужчынамі, і гэта адзіна правільна, і гэта наймацнейшы інстынкт, але інстынкт чамусьці аказваецца пад пагрозай, як толькі гетэрасэксуальны чалавек бачыць аднаполую пару, што абдымаецца ў парку. Штосьці з гэтымі тэорыямі правільнай жаноцкасьці і правільнай сэксуальнай арыентацыі дакладна ня так. Ну ня можа быць Божы Правід настолькі слабым, каб так проста абломвацца.

Увогуле, як паказвае практыка, жанчыны гатовыя плаціць вялікія грошы за тое, каб скласьці яшчэ адзін сьпіс сваіх абавязкаў. А гуру гатовыя бясконца расказваць, што працаваць за грошы жанчына не павінна, бо гэта зьнішчае яе жаноцкасьць. Сачыце, так бы мовіць, за рукамі: гуру зарабляе грошы за расповед пра тое, што кліентка ня мусіць зарабляць грошы. І я нават ня ведаю, калі гэтая сытуацыя больш абсурдная: калі гуру — мужчына, ці калі жанчына.

Тая ідэя, якая ёсьць ідэалягічнай базай усіх гэткіх мерапрыемстваў, з часам іх і руйнуе. Алег Тарсуноў, Вольга Валяева і іншыя менш папулярныя гуру адштурхоўваюцца ад аксіёмы, нібыта ўсе жанчыны аднолькавыя, усім у жыцьці патрэбна тое самае і ўсіх можна зрабіць шчасьлівымі аднолькавымі мэтадамі. Па-шчырасьці, я ня думаю, што на вяршынях гэтых гуру-пірамід шмат ідэйных людзей — тых, хто праўда верыць у тое, што прапаведуе. Збольшага ж схемы выглядаюць як «нічога асабістага, гэта проста бізнэс». Але бізнэсу варта быць гнуткім і падстройвацца пад тое, як мяняецца навакольле.

Я нават не кажу пра этычнасьць расповедаў, што “калі сіла ў жанчыны растае, яна пачынае спантанна паводзіць сябе правільна”. Як паказвае мой асабісты досьвед, гуру ня надта цікавяцца тым, што іх парады дадуць у далёкай пэрспэктыве. Разьлік ідзе хутчэй на імгненны эфэкт: ёсьць грошы за працу, ёсьць задаволеныя кліенткі, упэўненыя, што цяпер іх жыцьцё дакладна зьменіцца. Але грамадзтва зьмяняецца, і прымусіць жанчын паверыць, што нашая сіла ў нашай слабасьці, робіцца ўсё цяжэй.

Жаноцкасьць — гэта ня нейкі ідэальны стан жанчыны, да якога трэба імкнуцца ўсё жыцьцё, няспынна правяраючы сябе, ці ні ў чым не памылілася. Усё ж значна прасьцей: усё, што робіць жанчына — гэта праява яе жаноцкасьці. І балет, і маратон, і нават лаянка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG