Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналіз: як «фільтруюць» кандыдатаў на рэгіянальных выбарах у Расеі


Мэра Екацерынбургу Яўгена Ройзмана на выбары губэрнатара не прапусьцілі
Мэра Екацерынбургу Яўгена Ройзмана на выбары губэрнатара не прапусьцілі

Піша карэспандэнт Свабоды Карл Шрэк

На выбарах у 2013 годзе Ройзман стаў губэрнатарам Екацерынбургу, перамогшы кандыдата ад кіроўнай партыі. Сёлета, аднак, выбаршчыкі ў роднай для Ройзмана Сьвярдлоўскай вобласьці не атрымаюць магчымасьці аддаць свае галасы за 54-гадовага палітыка на губэрнатарскіх выбарах, якія пройдуць у Расеі 10 верасьня і на якіх будуць выбіраць 16 губэрнатараў.

іх не дапускаюць на выбары дзякуючы «муніцыпальнаму фільтру»

Ройзман і палітыкі ў іншых рэгіёнах кажуць, што іх не дапускаюць на выбары дзякуючы прававому мэханізму, вядомаму як «муніцыпальны фільтар», якім Крэмль адсейвае патэнцыйна моцных супернікаў сваіх кандыдатаў у губэрнатары.

У законе, які быў прыняты ў 2012 годзе і нанава ўвёў наўпроставыя выбары губэрнатараў, гаворыцца, што кандыдаты на рэгістрацыю ў гэтых гонках павінны сабраць подпісы ад 5 да 10 адсоткаў мясцовых муніцыпальных дэпутатаў.

Аналітыкі кажуць, што якраз збор неабходных для рэгістрацыі подпісаў зьяўляецца галоўнай перашкодай для апазыцыйных палітыкаў і іншых патэнцыйных прэтэндэнтаў, якія кідаюць выклік ляяльным да Крамля кандыдатам.

яны зачысьцілі ўсё поле

«Яны зачысьцілі ўсё поле. Там няма ніводнага моцнага суперніка, ніводнаму моцнаму кандыдату нават не дазволілі наблізіцца [да рэгістрацыі], — сказаў нашаму радыё Ройзман. — Яны не атрымалі магчымасьці удзельнічаць. Ім проста не дазволілі. Я спрабаваў, але пераканаўся, што муніцыпальны фільтар непераадольны. Такія правілы гульні цяпер».

Крытыкі Ройзмана кажуць, што ён не зрабіў сур’ёзных намаганьняў, каб сабраць патрэбныя подпісы.

«Зь цяжкасьцю магу сабе ўявіць брутальнага спадара Ройзмана, высокапастаўленага чыноўніка, гасударава чалавека — кіраўніка буйнога гораду, які валодае пэўным адміністрацыйным рэсурсам — гэтакай слабенькай ахвярай, зацкаванай рэжымам!» — сказала Эла Памфілава, кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі.

Эла Памфілава
Эла Памфілава

словы Ройзмана пацьвярджае даклад дасьледчага цэнтру Кудрына

Але словы Ройзмана пацьвярджае апублікаваны на мінулым тыдні новы даклад дасьледчага цэнтру, заснаванага экс-міністрам фінансаў Расеі Аляксеем Кудрыным, колішнім саюзьнікам Пуціна. У дакладзе сьцьвярджаецца, што мэханізм «муніцыпальнага фільтру» у яго цяперашнім выглядзе «робіць сапраўдныя альтэрнатыўныя выбары практычна немагчымымі ў абсалютнай большасьці выпадкаў».

«Многія патэнцыйныя кандыдаты з высокім узроўнем распазнавальнасьці і вялікім выбарчым досьведам у выніку ня ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе», — пішуць аўтары, дадаючы, што працэс адбору выкарыстоўваецца рэгіянальнымі элітамі, каб рэгістраваць толькі «падстаўных» кандыдатаў, якія не ўяўляюць сабою ніякай рэальнай канкурэнцыі.

У Пермскай вобласьці двух кандыдатаў, якіх палічылі моцнымі супернікамі цяперашняга губэрнатара Максіма Рашэтнікава, не дапусьцілі на выбары якраз праз збор подпісаў.

губэрнатарскія выбары ператвараюцца ў фарс

Адзін з гэтых прэтэндэнтаў, Канстанцін Окунеў, апублікаваў відэазварот да Пуціна, у якім сьцьвярджае, што мясцовыя эліты маніпулююць «муніцыпальным фільтрам», каб адсеяць «нязручных» для іх кандыдатаў. «Губэрнатарскія выбары ператвараюцца ў фарс, клаўнаду», — сказаў Окунеў.

Сяргей Кірыенка, першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пуціна, які курыруе ўнутраную палітыку, асьцярожна заявіў у мінулым месяцы, што гэтае становішча можа быць зьмененае. «Калі гэта ператвараецца проста ў сродак недапушчэньня [людзей] да [выбараў], то гэта патрабуе перагляду», — працытаваў Кірыенку «Коммерсант».

Мікалай Пятроў, экспэрт па рэгіёнах Расеі ў маскоўскай Вышэйшай школе эканомікі, сказаў нашаму радыё, што скасаваньне або зьмяненьне мэханізму «муніцыпальнага фільтра» амаль не палепшыць узроўню спаборніцтва на губэрнатарскіх выбарах, калі ня зьменіцца палітычная сытуацыя ў Расеі.

Крэмль, паводле яго, быў зацікаўлены надаць рэгіянальным выбарам выгляд спаборніцтва ў 2013 годзе, калі лідэр апазыцыі Аляксей Навальны заняў другое месца на выбарах мэра ў Маскве, набраўшы каля 27 адсоткаў галасоў паводле афіцыйных вынікаў.

Але пасьля захопу Расеяй Крымскага паўвостраву ў сакавіку 2014 году, «сытуацыя рэзка зьмянілася», — лічыць Пятроў.

Крэмль ня мае патрэбы ў канкурэнтных выбарах

«Крэмль ня мае патрэбы ў канкурэнтных выбарах, яму не патрэбная высокая яўка на гэтых выбарах. Ён патрабуе, каб выбары прайшлі спакойна і безь вялікага розгаласу», — сказаў Пятроў.

Ройзман, які спрабаваў балятавацца ад партыі «Яблоко», але ня быў зарэгістраваны абласной выбарчай камісіяй на той падставе, што не прадставіў неабходныя дакумэнты, настойвае на тым, што яму адмовілі «менавіта таму, што я б выйграў».

Некаторыя палітолягі ставяцца да гэтага скептычна.

«Я думаю, што Яўген Ройзман ня меў ніякіх шанцаў на перамогу, але ў яго быў шанец дамагчыся добрага выніку», — сказаў Аляксандр Кынеў, адзін з аўтараў дакладу, апублікаванага аналітычным цэнтрам Кудрына.

Ройзман адказвае, што ёсьць толькі адзін спосаб праверыць ягоную ўпэўненасьць: «Дазвольце мне балятавацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG