Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля выставачнага цэнтру ў Дамаску, дзе выстаўляюцца беларускія вытворцы, выбухнуў снарад. Ёсьць параненыя


Дамаск. Ілюстрацыйнае фота
Дамаск. Ілюстрацыйнае фота

Некалькі чалавек атрымалі раненьні ў выніку выбуху рэактыўнага снараду ля ўваходу ў будынак, дзе адбываецца міжнародная выстава Damascus International Fair. Сырыйскае дзяржаўнае агенцтва САНА не ўдакладняе нацыянальнасьцяў пацярпелых.

Сёлетняя Damascus International Fair будзе доўжыцца 10 дзён, у сырыйскай сталіцы сабраліся больш за 2 тысячы дэлегацый з розных краінаў сьвету.

Некалі традыцыйная выстава з прычыны маштабнага ваеннага канфлікту адбываецца ў Сырыі ўпершыню за апошнія шэсьць гадоў. Як паведамяла Свабода, у ёй бяруць удзел і беларускія прадпрыемствы: на калектыўнай экспазыцыі Made in Belarus сваю прадукцыю паказваюць жодзінскі БелАЗ, Менскі аўтамабільны завод, Менскі трактарны завод, завод «Магілёўліфтмаш», а таксама вытворца мэдычнай мэблі ААТ «Ольса».

Як адзначыў міністар эканомікі і замежнага гандлю Сырыі Самер аль-Халіль, з дапамогай выставы краіна разьлічвае падпісаць кантракты на пастаўку сучаснага абсталяваньня, неабходнага для пасьляваеннага аднаўленьня краіны.

Дамаская міжнародная выстава арганізуецца ад сярэдзіны 1950-х і лічыцца адной з найстарэйшых у блізкаўсходнім рэгіёне. Напярэдадні яе адкрыцьця афіцыйны Дамаск заявіў, што цалкам кантралюе сытуацыю. Аднак з улікам надзвычайнага здарэньня выглядае, што 100-працэнтнай гарантыі бясьпекі для ўдзельнікаў усё ж няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG