Жыхары Ангарску выйшлі на цэнтральную плошчу гораду, да будынка адміністрацыі, з кнігамі ў руках на знак пратэсту супраць рашэньня пра аптымізацыю бібліятэчнай сеткі, у выніку якой будуць зачыненыя чатыры бібліятэкі.
Актывісты спрабавалі ўзгадніць з гарадзкімі ўладамі правядзеньне пікету, але чыноўнікі не дазволілі ім публічную акцыю. Тады жыхары гораду вырашылі правесьці флэшмоб — выйсьці на плошчу і проста чытаць кнігі.
Паводле інфармацыі грамадзкай арганізацыі «Цэнтар праваабароны», адміністрацыя Ангарску арганізавала сьвята на тым жа месцы і ў той жа час, дзе і праходзіў флэшмоб, але ён усё ж адбыўся.
Да правядзеньня акцыі абаронцы бібліятэк напісалі пэтыцыі мэру Ангарскай гарадзкой акругі Сяргею Пятрову, у мясцовую Думу, у Заканадаўчы Сход Іркуцкай вобласьці, губэрнатару Сяргею Леўчанку і ў рэгіянальнае міністэрства культуры. Дакумэнт падпісалі каля пяцісот ангарцаў.
Першым на зварот адрэагаваў кіраўнік рэгіёну. 18 жніўня Сяргей Леўчанка накіраваў у Ангарск камісію на чале з міністрам культуры вобласьці Вольгай Стасюлевіч.
У выніку працы камісіі мэр Ангарскай гарадзкой акругі Сяргей Пятроў прыняў рашэньне адмяніць загад аб аптымізацыі бібліятэчнай сыстэмы.
Пра гэта абаронцы бібліятэк даведаліся ўжо пасьля флэш-мобу, але сваю дзейнасьць спыняць яны ня маюць намеру, пакуль не атрымаюць на рукі дакумэнт, які пацьвярджае захаваньне бібліятэк.