Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць краіны, дзе насельніцтва столькі ж, колькі ў Беларусі


На пачатку жніўня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусі не хапае грамадзян.

«Наша галоўнае багацьце — гэта чалавечы капітал. У апошнія гады была станоўчая дынаміка прыросту насельніцтва. Неабходна гэтую дынаміку ня проста захаваць, яе трэба павялічыць. Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А самая галоўная наша задача, якую ня мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бясьпека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях», — сказаў кіраўнік краіны.

Лукашэнка ня першы раз выказваецца за павелічэньне колькасьці насельніцтва краіны.

18 лютага 2008 году ў інтэрвію тэлеканалу Russia Today: «Сваю краіну я бачу стабільнай дзяржавай, дзе праз 10 гадоў будуць жыць не 10 мільёнаў, а 13 мільёнаў чалавек, дай Бог. А нам трэба 25–30 мільёнаў насельніцтва на гэтай зямлі, тады гэта будзе поўная незалежнасьць і сувэрэнітэт».

Па зьвестках Белстата, колькасьць насельніцтва Беларусі на 1 ліпеня 2017 году склала 9 мільёнаў 495 тысяч 500 чалавек. То бок на 3 з паловай мільёны менш, чым плянаваў Лукашэнка ў 2008 годзе.

Ці дапаможа рост насельніцтва павялічыць эканамічную бясьпеку, Свабода папрасіла пракамэнтаваць старшага аналітыка «Альпары», эканаміста Вадзіма Іосуба:

«На самой справе, напэўна, на стан эканамічнай бясьпекі ўплывае не сама па сабе колькасьць насельніцтва, — мяркуе аналітык. — Уплывае колькасьць працаздольнага насельніцтва, якое мае працу. А само па сабе павелічэньне колькасьці насельніцтва ў краіне не азначае аўтаматычнага росту дабрабыту. Асноўная праблема ня проста ў зьніжэньні колькасьці насельніцтва ў Беларусі, а ў суадносінах працаздольнага насельніцтва да колькасьці людзей пэнсійнага ўзросту. У размовах пра тое, што рост колькасьці насельніцтва дапаможа захаваць эканамічную бясьпеку краіны, я ня бачу сэнсу».

Свабода выбрала пяць краін, колькасьць насельніцтва якіх блізкая да беларускай, а паказчыкі валавога ўнутранага прадукту і індэксу чалавечага разьвіцьця вышэйшыя, чым у Беларусі.

Швайцарыя — 8 236 600 чалавек. ВУП — 660 мільярдаў даляраў, 19 месца ў сьвеце. Індэкс чалавечага разьвіцьця — 2 месца ў сьвеце.

Швэцыя — 10 005 673 чалавекі. ВУП — 511 мільярдаў даляраў, 23 месца ў сьвеце. Індэкс чалавечага разьвіцьця — 14 месца ў сьвеце.

Аўстрыя — 8 773 686 чалавек. ВУП — 387 мільярдаў даляраў, 28 месца ў сьвеце. 24 месца ў сьвеце па індэксе чалавечага разьвіцьця.

Ізраіль — 8 760 000 чалавек. ВУП — 318 мільярдаў даляраў, 34 месца ў сьвеце. 19 месца ў сьвеце па індэксе чалавечага разьвіцьця.

Чэхія — 10 578 820 чалавек. ВУП — 193 мільярды даляраў, 51 месца ў сьвеце. Індэкс чалавечага разьвіцьця — 28 месца ў сьвеце.

Беларусь — 9 495 500 чалавек. ВУП — 49 мільярдаў даляраў, 82 месца ў сьвеце. Індэкс чалавечага разьвіцьця — 52 месца ў сьвеце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG