Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямногія і ў Беларусі, і за мяжой уяўляюць сабе, наколькі сёньняшняя краіна ўрбанізаваная. Доля гарадзкога насельніцтва ў Беларусі вышэйшая, чым ва ўсіх суседзяў, вышэйшая, чым у Чэхіі, вышэйшая, чым у такіх грандаў Эўропы, як Італія і Нямеччына.

Амаль уся клясычная беларуская літаратура ХІХ—ХХ стагодзьдзяў — пра вёску. Першы і пакуль апошні прэзыдэнт Беларусі — селянін па паходжаньні. У прамовах ён увесь час спасылаецца на вясковы досьвед жыцьця. Пра сябе як пра вясковую нацыю самі беларусы гавораць вельмі часта.

Тое, што гэта, прынамсі арытмэтычна, ужо даўно ня так, усе ведаюць. Насамрэч, паводле статыстыкі, паваротным пунктам быў 1976 год, калі колькасьць гараджанаў зраўнялася з колькасьцю сялянаў.

Але мяркую, што нямногія і ў Беларусі, і за мяжой уяўляюць сабе, наколькі сёньняшняя краіна ўрбанізаваная, асабліва ў параўнаньні з бліжэйшымі і далёкімі суседзямі. Пра гэта дае ўяўленьне наступны графік. На графіку няма, скажам, Сынгапуру, дзе доля гараджанаў — ступень урбанізацыі — складае 100%. Няма і афрыканскай краіны Бурундзі, дзе гараджанаў усяго 12%. Але на ім пададзеныя зьвесткі пра найбольш важныя краіны сьвету, прынамсі, найбольш важныя для Беларусі.

Крыніца: Кніга фактаў ЦРУ ЗША (CIA World Factbook), 2015

Зьвесткі гэтага графіку ўражваюць. Доля гарадзкога насельніцтва ў Беларусі вышэйшая, чым ва ўсіх суседзяў. Вышэйшая, чым у Чэхіі. Вышэйшая, чым у такіх грандаў Эўропы, як Італія і Нямеччына. Далей на Захад бліжэйшая краіна, у якой доля гарадзкога насельніцтва вышэйшая, чым у Беларусі, — Бэльгія.

Тут няма прамой залежнасьці ад дабрабыту. Шмат якія краіны, у якіх доля сялянаў большая, чым у Беларусі, значна багацейшыя за Беларусь, скажам, тыя ж Нямеччына і Італія. Хоць пэўная карэляцыя і назіраецца: як правіла, чым большая ступень урбанізаванасьці краіны, тым вышэйшы яе дабрабыт.

Аднак у любым выпадку гэты графік паказвае, наколькі недарэчнае ўяўленьне пра беларусаў як пра сялянскую, вясковую нацыю.

Наступны графік дае ўяўленьне пра тое, як імкліва Беларусь урбанізавалася ў ХХ стагодзьдзі.

* Зьвесткі па Паўночна-Заходнім краі Расейскай імпэрыі

** Зьвесткі па БССР у межах 1926 году

Крыніца: Белстат

На пачатку ХХ стагодзьдзя доля гарадзкога насельніцтва зьмянялася нязначна. На мяжы 20-х гадоў адбыліся істотныя тэрытарыяльныя зьмены. Зьмяншэньне насельніцтва з 1913 па 1926 гады — вынік ня толькі Першай усясьветнай вайны, але і Рыскай дамовы паміж Масквой і Варшавай. Але і гэтыя драматычныя падзеі не зьмянілі суадносін паміж гараджанамі і вяскоўцамі, прынамсі ў савецкай частцы Беларусі, у БССР.

Другая ўсясьветная, забраўшы велізарную колькасьць жыцьцяў жыхароў Беларусі, таксама не паўплывала на ступень урбанізаванасьці. Але ў другой палове стагодзьдзя павольны рост долі гараджанаў зьмяніўся выбуховым. У 1950–1990, на працягу 40 гадоў, ступень урбанізаванасьці Беларусі павялічвалася на 10 адсоткавых пунктаў кожнае дзесяцігодзьдзе. Толькі пасьля здабыцьця незалежнасьці тэмп росту долі гараджанаў запаволіўся. Яшчэ на 10 пунктаў з 1990 году гэтая доля вырасла не за 10, а за 25 гадоў.

Можна меркаваць, што далейшы рост калі і будзе адбывацца, то ўжо не такімі тэмпамі, як гэта было ў 50–90-я гады ХХ стагодзьдзя. Уласна, такімі тэмпамі яму ўжо і няма куды расьці. Яшчэ плюс 10 адсоткавых пунктаў долі гараджанаў — і Беларусь стане адной з самых урбанізаваных краінаў Эўропы і сьвету.

І ўсё ж самаўяўленьне пра сябе як пра сялянскую, вясковую нацыю не пазбаўленае рацыі. Гэта вынік той самай імклівай, фарсіраванай урбанізацыі. Яна адбывалася так хутка, што самаўсьведамленьне не пасьпявала за рэальнымі зьменамі.

Акрамя таго, за такі гістарычна кароткі час далёка ня ўсе гараджане сталі гараджанамі і ў сэнсе іх сьвядомасьці. Аднак гэты працэс няўхільны. Няма ніякіх прыкметаў таго, што ў выніку якіх бы там ні было нягодаў ці вялікага шчасьця доля гараджанаў у Беларусі пачне зьмяншацца. А значыць, беларускі горад будзе ўсё болей і ўсё далей вырабляць са сваіх жыхароў гараджанаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG