Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Транзытная пастка. Чаму Беларусі не патрэбныя расейскія парты


Валер Карбалевіч

У беларуска-расейскіх дачыненьнях насьпявае новы канфліктны вузел.

16 жніўня падчас наведваньня Уладзімірам​ Пуціным Калінінградзкай вобласьці на нарадзе па разьвіцьці транспартнай інфраструктуры паўночнага захаду Расеі кіраўнік расейскай чыгункі Алег Белазёраў паскардзіўся прэзыдэнту, што беларускія НПЗ адмаўляюцца ад паслуг расейскай чыгункі на карысьць інфраструктуры краінаў Балтыі. На гэта лідэр РФ сказаў:

«На беларускіх НПЗ перапрацоўваецца наша нафта (іншай там няма і наўрад ці зьявіцца), таму трэба гэта запакетаваць: атрыманьне нашай нафты ў непасрэднай прывязцы да нашай інфраструктуры».

17 жніўня беларускае афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА дало адказ. Яно працытавала выканаўцу абавязкаў гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргея Грыба, які адзначыў, што транзыт грузаў праз парты РФ Беларусі нявыгадны.

«Нават з улікам зьніжкі чыгуначныя тарыфы на іншых кірунках ніжэйшыя ў параўнаньні з расейскім», — заявіў ён.

Варта зазначыць, што гэтая ідэя зусім ня новая. Расея ўжо ня раз спрабавала рэалізаваць падобныя пляны. У 2005 годзе пасьля вяртаньня з Расеі, дзе Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, кіраўнік Беларусі нечакана заявіў пра будоўлю ў Калінінградзкай вобласьці свайго порта і арыентацыі туды беларускага экспартнага транзыту. Расейскія газэты пісалі, што гэта зроблена быццам бы ў абмен за падтрымку Масквой Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. Неўзабаве ў Менск прыехаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Ўладзімер Ягораў, які сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам, міністрам транспарту, былі распрацаваныя бізнэс-пляны. Але пасьля выбараў усё спусьцілі на тармазах.

У лістападзе 2012 г. Лукашэнка, прымаючы ў Менску губэрнатара Ленінградзкай вобласьці Аляксандра Дразьдзенку, абвясьціў пра пляны пераарыентаваць перавалку беларускіх грузаў з партоў краін Балтыі на парты Ленінградзкай вобласьці. Прычым беларускі лідэр паведаміў, што «прынцыповае рашэньне» па гэтым пытаньні яны з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прынялі на сустрэчы ў верасьні. У выніку зноў нічога не атрымалася.

Тэма зноў ажыла ў кастрычніку 2016 году. Тады з адпаведнымі заявамі выступаў віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч. Прычым Масква адначасова выкарыстоўвала адносна Беларусі і бізун, і пернік. Урад хацеў замацаваць у міжурадавым пагадненьні, якое рэглямэнтуе бязмытныя пастаўкі нафты з Расеі для перапрацоўваньня на беларускіх НПЗ, абавязаньні Беларусі па экспарце пэўных аб’ёмаў нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Але, акрамя бізуна, Расея прапанавала і пернік. Спачатку расейская чыгунка прапанавала беларусам зьніжкі ў памеры 25%, а ў сакавіку гэтага году яны вырасьлі да 50%. Гэтае пытаньне стаяла на парадку дня перамоваў паміж Менскам і Масквой у ходзе доўгай нафтагазавай вайны 2016–2017 гг. Але было зьнятае ў выніку красавіцкіх дамоўленасьцяў Пуціна і Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу.

І вось зноў. Адказ беларускага боку на гэтыя прапановы Расеі вельмі просты. Расейскі транзыт Беларусі відавочна нявыгадны. Таму сёньня больш за 90% транзыту беларускіх нафтапрадуктаў ідзе ў кірунку краін Балтыі (перш за ўсё — Клайпеда, Рыга, Вэнтсьпілс) і чарнаморскіх партоў Украіны. І гэтаму ёсьць эканамічныя прычыны.

Па-першае, ужо шмат гадоў уся лягістыка транзыту нафтапрадуктаў зарыентаваная на балтыйскія парты. Там створана адпаведная інфраструктура. У Латвіі заснавана даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі, празь якую прадаюцца нафтапрадукты. (Дарэчы, ў 2013 годзе Беларуськалій купіў 30% тэрмінала ў порце літоўскага гораду Клайпеда.) Літоўская кампанія па перавалцы нафты Klaipedos nafta падпісала зь Беларускай нафтавай кампаніяй трохгадовую дамову аб перавалцы мазуту. Пагадненьне дзейнічае з 2016 па 2019 гг.

Па-другое, Расейская чыгунка прапануе зьніжку толькі на два гады. А што далей?

Па-трэцяе, ва ўзгаданым паведамленьні агенцтва БелТА выканаўца абавязкаў гендырэктара БНК Сяргей Грыб канстатуе:

«У ходзе прапрацоўваньня пытаньня наша кампанія адзначыла цяжкасьці асноўных расейскіх тэрміналаў у прыманьні беларускіх грузаў, асабліва ў зімовы пэрыяд. Не заўсёды ўдавалася знайсьці кампраміснае рашэньне з апэратарамі расейскіх тэрміналаў па гарантыі захаваньня якасьці беларускіх нафтапрадуктаў пасьля перавалкі».

Па-чацьвёртае, у сувязі з падзеньнем усясьветных цэнаў на нафту пастаўкі нафтапрадуктаў праз парты ў далёкія краіны становяцца менш выгаднымі. Беларусь цяпер імкнецца мінімізаваць транзыт, пастаўляць гэты тавар у суседнія краіны, напрыклад, ва Ўкраіну.

Акрамя эканамічных чыньнікаў, існуюць і геапалітычныя. Задача дывэрсыфікацыі замежнаэканамічных сувязяў пастаўленая ў якасьці стратэгіі замежнай палітыкі Беларусі. Беларускія афіцыйныя асобы асьцярожна дэманструюць імкненьне аслабіць эканамічную залежнасьць ад Расеі. А Масква якраз прапануе цяпер нешта зусім супрацьлеглае. На дадатак да эканамічнай, фінансавай, энэргетычнай залежнасьці Расея імкнецца прывязаць Беларусь яшчэ і транзытнай залежнасьцю.

ня думаю, што цяпер Масква будзе праціскаць сваю ідэю ў выглядзе ўльтыматуму. Бо гэта будзе азначаць новую нафтавую вайну

Рызыкну зрабіць прагноз. Хоць даручэньне Пуціна недвухсэнсоўнае, але ня думаю, што цяпер Масква будзе праціскаць сваю ідэю ў выглядзе ўльтыматуму. Бо гэта будзе азначаць новую нафтавую вайну зь Беларусьсю. А яна для Масквы зусім не ў час. Масква апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, ва ўмовах амэрыканскіх санкцый, і новы скандал у адносінах з апошнім саюзьнікам наўрад ці патрэбен сёньня Крамлю. Тым больш напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Таму, думаю, цяперашнія пляны РФ пераарыентаваць беларускія грузы на расейскія парты скончацца тым жа, што і ранейшыя спробы.

А калі ўжо Расея будзе моцна выкручваць рукі, то ёсьць яшчэ адзін добра вядомы і даўно апрабаваны спосаб тарпэдаваць нявыгадную зьдзелку: падпісаць пагадненьне — і не выконваць. Як, напрыклад, Беларусь гэта шмат гадоў рабіла з экспартам нафтапрадуктаў у Расею. Кожны год Менск, у абмен на пастаўкі нафты, браў на сябе абавязаньні пастаўляць пэўны аб’ём бэнзіну ў РФ. І кожны год іх не выконваў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG