Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магніты з Горадні для Love Parade ў Бэрліне


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ты можаш убачыць подпіс: «А.Суровы» на турыстычных магнітах у Бэрліне, Празе, Варшаве, Уроцлаве, Гданьску, Вільні, Каўнасе, Рызе, Таліне. Яны аўтарства мастака Алеся Сурава. Магніты для замежных гарадоў масава вырабляюцца ў Горадні. Пэўная канкурэнцыя для «made in China».

Сураў зрабіў бэрлінскага мядзьведзя, які круціцца вакол тэлевежы, нібы на шасьце ў стрыпбары: сьцяг сэксуальных меншасьцяў, надпіс «I love Berlin». Турыстаў цікавіць: што за каляровыя трубы цяпер паўсюль у цэнтры Бэрліна? Над машынамі, уздоўж дамоў. Ідзе будаўніцтва і адпампоўваюць грунтовыя воды, яны вельмі блізка ад паверхні. Усё аплецена трубамі. Сураў узяў ды аплёў Брандэнбурскую браму такімі трубамі. Рэйхстаг? Таксама ёсьць. Але перад ім на газоне чорная постаць пад капялюшам. У мастака пытаюцца: гэта хто? Шцірліц. Трэба з гумарам падыходзіць да працы, кажа Сураў. Мне ў ім гэта падабаецца.

Адзін з бэрлінскіх сувэніраў аўтарства Алеся Сурава, які зроблены для паба
Адзін з бэрлінскіх сувэніраў аўтарства Алеся Сурава, які зроблены для паба

Мноства магнітаў ды іншых сувэніраў ён зрабіў для Масквы і «залатога кальца». Былі замовы з Сочы, з Растова, з Сахаліну. Нядаўна знаёмы быў у Сочы, сказаў, што ўсе сураўскія рэчы цяпер робяць у Кітаі, праўда, подпіс захавалі: «А.Суровы». Магніты, сумкі, цішоткі зь ягонымі малюнкамі. Чалавек быў уражаны, купіў узоры, прывёз: слухай, цябе кітайцы падрабляюць! А вось у Маскве прадаюцца ужо падробкі сураўскіх «ключніц», але подпісу няма. Кітайцы ўсё ж паважаюць аўтара і не сьціраюць подпіс, сьмяецца ён.

А.Сураў з акварэлямі польскіх гарадоў, паводле якіх былі зробленыя магніты
А.Сураў з акварэлямі польскіх гарадоў, паводле якіх былі зробленыя магніты

Міністэрства энэргетыкі Расеі замовіла дванаццаць магнітаў, раздавалі на сусьветным нафтавым форуме ў Стамбуле ў ліпені. Таксама з подпісам гарадзенца. Тысячы штук былі надрукаваныя. Мастаку складана было: зрабіць малюнкі буравых у акіяне, сфатаграфаваных зьверху, мноства дробных дэталяў, ён быў у шоку. Зрабіў мэтадам абагульненьня.

Чаму Сураву замаўляюць малюнкі для магнітаў? Для замежжа. І мноства. Проста пашанцавала? Маркес аднойчы сказаў, што Кафка навучыў яго таму, што «трэба пісаць іначай». Алесь дзейнічаў падобным чынам. Вывучыў рынак і вырашыў, што трэба не ўскладняць, а спрашчаць. У выніку стаў рабіць акварэльныя выявы: эскіз, накід. Нібы сам турыст замаляваў з натуры сам для сябе. І гэта трапіла ў душы. Навала заказаў, прызнаецца ён.

А.Сураў з акварэлямі польскіх гарадоў, паводле якіх былі зробленыя магніты
А.Сураў з акварэлямі польскіх гарадоў, паводле якіх былі зробленыя магніты

Задача — малюнак зрабіць так, каб людзі хацелі набываць. Жывыя замалёўкі з натуры, зь няроўнымі краямі, успамін турыста, пляма ў памяці, тлумачыць Алесь. Усё робіцца ў Горадні, у студыі дызайну «Эльф», зь якой ён супрацоўнічае. Удзельнічалі ў выставе ў Маскве «Сьвет падарункаў», у Варшаве. Езьдзілі ў Франкфурт-на-Майне, але там удзелу ня бралі, толькі паглядзець.

А пачынаў з гарадзенскага касьцёлу. Горадня, Менск, затым пайшла ў работу астатняя Беларусь. Маладэчна, Валожын, Салігорск. Аднак сутыкнуўся з праблемай. Калі нешта захавалася, яно нярэдка ў занядбаным стане ці напалову разбуранае. Адзіны шанец — нейкі касьцёлік ці цэркаўка. Астатняе — хрушчоўкі. Ня можаш ні за што зачапіцца. Той жа Валожын. Вялікая гісторыя. А што там абмаляваць? Усё зруйнавалі, усё папсавалі. Баракі сельсаветаў ці сталовак? Адметнае будаваць не давалі, гэта — грошы, а грошы ішлі на танкі і ракеты ці на Анголу і Кубу, кажа мастак. Што рабіць? Узяць родную Бярозу. Вядомы кляштар разбураны. Але захаваліся малюнкі Напалеона Орды, таму можна яго намаляваць. Або браму нейкую. Ён шукае вобраз.

А.Сураў з акварэлямі польскіх гарадоў, паводле якіх былі зробленыя магніты
А.Сураў з акварэлямі польскіх гарадоў, паводле якіх былі зробленыя магніты

Толькі што была размова пра Нью-Ёрк з былым гарадзенцам, які мае бізнэс там. Самае сьмешнае, выявілася: там таксама няма чаго маляваць, апроч статуі Свабоды. За што зачапіцца? Перагледзеў мноства здымкаў. Чым Нью-Ёрк адрозьніваецца ад Таронта, ад Чыкага? Гмахі-гмахі-гмахі. Каб сам хадзіў па вуліцах, нешта б трапілася на вочы, помнік Касьцюшку, напрыклад, ці Вашынгтону. Трэба браць мост Бруклінскі, напэўна, «эмпайр-стэйт-білдынг». А заказчык зь Нью-Ёрку прапануе яшчэ жоўтую таксоўку, як жа безь яе?

Магніцік на лядоўню і кубкі — самыя ходкія сёньня сувэніры. У Сурава кубкаў ягонага аўтарства таксама не бракуе. Вярнуўся да сваіх старых карыкатураў. Стаў маляваць Беларусь сьмешную, калгасную, з трактарамі. І што вы думаеце? «Менск купляе, а ў Горадні пераляканыя начальнікі мне кажуць: не, гэта антыбеларускі кубак. Таму што сялян на возе з бульбай намаляваў п’яных, крычаць песьні якія. Але так і бывае ўвосень, калі яны п’яныя і шчасьлівыя», пасьміхаецца мастак. Або сэрыя партызанаў-дзяцей. З гумарам зроблена. Дзяўчынка з кошыкам нясе яблыкі і бомбу, на галаве чырвоны каптурок, распавядае аўтар. Назва магніта «Belarus — partisan land»: «Расейскім турыстам падабаюцца дзеці з аўтаматамі, я чуў водгукі, што гэта лепшае, што яны набылі ў Беларусі. Няма пафаснасьці савецкіх часоў. А гумар такі з засьцярогаю: мы, маўляў, у душы — партызаны».

Меў, безумоўна, рацыю Габрыэль Гарсія Маркес: трэба пісаць іначай. Людзям гэта цікава. У нашым выпадку — турыстам.

Котка, якая жыве ў майстэрні мастака
Котка, якая жыве ў майстэрні мастака

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG