Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест разьняволеньня бізнэсу ідзе запрыгоньваньне насельніцтва


Валер Карбалевіч

Дзяржаўныя мэдыя зь вялікім захапленьнем даводзяць аўдыторыі пра захады ў кірунку разьняволеньня бізнэсу, якія плянуюць улады. Праўда, адразу ж узьнікае пытаньне: а навошта было яго няволіць? Але ў дзяржаўных мэдыя такія лягічныя пытаньні задаваць не прынята.

І вось на тле рэклямаванай нібыта эканамічнай лібэралізацыі неяк менш прыкметна набірае сілу процілеглая тэндэнцыя. Міністэрства фінансаў анансавала зьмены ў Падатковы кодэкс, якія набудуць моц з пачатку 2018 году. Там прапануюцца захады ва ўзмацненьні кантролю над эканомікай. У прыватнасьці, устанаўліваецца больш жорсткі кантроль за замежнымі рахункамі і грашовымі плынямі. Гэтую навацыю на сайце «Заўтра тваёй краіны» сустаршыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў камэнтуе так: «Агульная скіраванасьць заплянаваных новаўвядзеньняў ідзе курсам на ўзмацненьне жорсткасьці. Вырашаецца пытаньне, як пад кантроль дзяржавы ўсё больш і больш паставіць працэсаў. А гэта ўскладняе і робіць даражэйшай дзейнасьць бізнэсу».

Другі сюжэт, зьвязаны з новай вэрсіяй дэкрэту аб дармаедах. Усе зьвярнулі ўвагу на тэзіс Лукашэнкі пра тое, што трэба прымусіць усіх працаваць. Што выглядае дзіўна на тле скарачэньня працоўных месцаў у краіне.

Але больш цікавымі выглядаюць іншыя захады ўладаў у гэтым рэчышчы, зьвязаныя з устанаўленьнем татальнага кантролю за працаздольнымі грамадзянамі, за грамадзтвам увогуле. Разважаючы пра новы варыянт дэкрэту аб дармаедах, Лукашэнка даў даручэньне: «Мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець ўсе паўнамоцтвы і рычагі ўзьдзеяньня на гэтых людзей для вырашэньня гэтай праблемы».

11 жніўня, падчас рабочай паездкі ў Берасьце, кіраўнік дзяржавы зноў зьвярнуўся да гэтай тэмы: «Мы вылучылі людзей паводле пэрсаналіяў: хто можа, але не хоча; хто хоча, але ня можа; і тых, якім трэба рыдлёўку ў зубы — і пайшоў працаваць». То бок, ставіцца задача ўстанавіць дзяржаўны кантроль над кожным чалавекам.

Па выніках нарады ў Лукашэнкі аб дэмаграфічнай сытуацыі і садзейнічаньні занятасьці насельніцтва 3 жніўня міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч паведаміла, што ўрад прыдумаў новы спосаб рэалізацыі нормаў абноўленага дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Навацыя палягае ў тым, што замест існуючай цяпер карты сацстрахаваньня з 2018 году будзе ўведзеная ID-карта. І. Касьцевіч тлумачыць: «Атрыманьне гэтай ID-карты і спалучэньне праз агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сыстэму на ведамасныя базы дадзеных дазволіць убачыць чалавека: працуе ён сёньня ці не. Калі не працуе, то дзяржава будзе ўжо зусім па-іншаму прапаноўваць паслугі». То бок урад прапануе рэалізаваць прынцып «не працуеш — плаціш за паслугі». «Гэта паслугі, якія сёньня субсідуюцца зь дзяржаўнага бюджэту», — кажа міністар.

Такім чынам, з усяго гэтага можна зрабіць некалькі высноваў.

  1. Разьняволеньню бізнэсу спадарожнічае трэнд на адначасовае ўзмацненьне кантролю падатковых і фінансавых органаў за грашовымі плынямі суб’ектаў гаспадараньня і фізычных асобаў.
  2. Паралельна з распрыгоньваньнем бізнэсу (як высьвятляецца, даволі ўмоўным) адбываецца фактычна запрыгоньваньне працаздольнага насельніцтва.
  3. У дэмакратычных краінах лічбавыя тэхналёгіі выкарыстоўваюцца дзеля дэмакратызацыі грамадзтва, каб зрабіць уладу больш празрыстай (электронны ўрад). У Беларусі ж, наадварот, новыя тэхналёгіі выкарыстоўваюць для ўзмацненьня кантролю ўлады над грамадзтвам.
  4. Цікава назіраць, як хутка эвалюцыянуе, дакладней дэградуе, сацыяльная дзяржава ў беларускім варыянце. Яна ўсё больш скідвае з сваіх плячэй цяжар сацыяльнай падтрымкі насельніцтва, перакладаючы яго на саміх грамадзян. Апошнім часам яна ўсё часьцей заклапочаная ня тым, каб больш даць людзям, а тым, як больш забраць у іх. Павышаюцца камунальныя тарыфы¸ падвышаецца пэнсійны ўзрост. І вось цяпер ўлады будуць браць грошы ў непрацуючых грамадзян за паслугі, якія субсідуюцца з дзяржбюджэту. Заканамерны фінал.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG