Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Забытыя героі Бабруйскай крэпасьці»: у Менску адкрыецца выстава пра Першы польскі корпус у Беларусі


Адзін з карпусоў Бабруйскай крэпасьці

А 17:30 у пятніцу 18 жніўня ў менскім Нацыянальным гістарычным музэі адкрыецца выстава пра гісторыю Першага польскага корпусу ў Беларусі і Бабруйскай крэпасьці, падрыхтаваная амбасадай Польшчы ў Беларусі, Нацыянальным гістарычным музэем і беларускім гісторыкам Ігарам Мельнікавым.

Мельнікаў называе выставу ўнікальнай, бо ў Беларусі мала згадваецца Першы польскі корпус, які, як кажа гісторык, зрабіў вялікі ўнёсак у гісторыю і Польшчы, і Бабруйскай крэпасьці.

Першая частка выставы прысьвечаная Бабруйскай фартэцыі XIX стагодзьдзя — «аб’екту, які цалкам зьмяніў горад, — па сутнасьці, зруйнаваў стары Бабруйск, але выканаў досыць важную ролю ў ягонай гісторыі».

«Сёньня крэпасьць у заняпадзе, — кажа Мельнікаў Свабодзе. — Адзін з галоўных мэсэджаў гэтай выставы — прыцягненьне ўвагі да Бабруйскай фартэцыі як унікальнага аб’екту ў сэнсе культуры, гісторыі і турызму».

Ігар Мельнікаў
Ігар Мельнікаў

Другая частка прысьвечаная ўласна Першаму польскаму корпусу, пра які ў Беларусі няма ні кніг, ні абароненых дысэртацыяў, як сьцьвярджае гісторык. У прыватнасьці, на выставе раскажуць гісторыі вайскоўцаў корпусу:

«Адзін з такіх вайскоўцаў — Ян Скарына, камандзер інжынэрных частак Першага польскага корпусу, — распавядае Мельнікаў. — Я гадоў 10–15 таму размаўляў зь ягоным сынам, які тады жыў у Лацінскай Амэрыцы. Ён увесь час падкрэсьліваў, што „мы бярэм пачатак менавіта ад Францішка Скарыны“, што „ваш славуты першадрукар гэта ў тым ліку і наш продак“.

Такіх афіцэраў досыць шмат. Гэты корпус быў калыскай ці адной з калысак войска міжваеннай Польшчы. У Першым польскім корпусе служыў маладым афіцэрам у тым ліку Уладзіслаў Андэрс — чалавек, які потым зрабіў выдатную кар’еру, камандаваў Польскім войскам у СССР, пад яго кіраўніцтвам падчас Другой усясьветнай вайны шмат беларусаў змагаліся з нацыстамі. Быў там і Канстанты Плісоўскі, які змагаўся з нацыстамі і камандаваў абаронай Берасцейскай крэпасьці ў верасьні 1939 году. Там будуць і некалькі пляншэтаў пра афіцэраў, народжаных у Беларусі.

Наконт „беларускасьці“ Першага польскага корпусу цяжка казаць, бо матэрыялаў пра гэта досыць мала, але ўраджэнцаў Беларусі там служыла досыць шмат. Гэтая частка бярэ пачатак яшчэ зь Першай усясьветнай вайны, калі ў польскіх частках было шмат народжаных у Беларусі каталікоў, якія служылі ў гэтым войску паводле рэлігійнага прынцыпу. І ў час Першай усясьветнай вайны гэтыя польскія часткі гераічна змагаліся ў тым ліку ў Беларусі. Напрыклад, быў моцны контрудар пад Баранавічамі, у якім удзельнічалі польскія падразьдзяленьні ў складзе расейскага імпэратарскага войска, а гэты момант амаль ня вывучаны ні ў Расеі, ні ў Польшчы».

Таксама адмыслова для выставы Мельнікаў падрыхтаваў форму афіцэра і шарагоўца Першага польскага корпусу — такое, кажа ён, у Беларусі яшчэ не паказвалася.

XS
SM
MD
LG