Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенная «Адысэя палешука», — выйшла кніга пра беларускага шарагоўца Арміі Андэрса


Ігар Мельнікаў падчас прэзэнтацыі

У менскай галерэі TUT.BY прэзэнтавалі кнігу ўспамінаў «Адысэя палешука». Рэдактар выданьня, якое выйшла ў выдавецтве «Альфа-кніга», — спэцыяліст у галіне вайсковай гісторыі, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў.

Кніга багата ілюстраваная і складзеная на падставе нататак Паўла Нічыпарука — беларускага жаўнера Другога польскага корпусу Арміі Андэрса. Тут жа даюцца тлумачэньні Ігара Мельнікава той ці іншай гістарычнай падзеі, якія дзесяцігодзьдзямі замоўчвала афіцыйная савецкая гісторыяграфія.

Павал Нічыпарук — чалавек унікальнага лёсу і зайздроснай вытрымкі. Нарадзіўся ў жніўні 1902 году на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (цяперашні Кобрынскі раён). Звычайны беларускі селянін, без адукацыі, займаўся гаспадаркай.

Уратаваньне са сталінскага ГУЛАГу

У лютым 1941-га яго затрымалі як патэнцыйнага «польскага шпіёна» і саслалі ў лягер ГУЛАГ у Сьвярдлоўскай вобласьці. Дома засталіся жонка і сын, а потым аказалася, што яшчэ і ненароджаная дачка — дзяўчынка зьявілася на сьвет ужо пасьля арышту бацькі, пабачыцца ім так і не ўдалося.

Пасьля турэмных, а затым і лягерных зьдзекаў, у 1942 годзе ў статусе «паляка» Нічыпарук залічаны ў Армію Андэрса. Спачатку падразьдзяленьні пад камандаваньнем будучага нацыянальнага героя Польшчы разьмяшчаліся ў Арэнбурскай вобласьці, пазьней былі выведзеныя ва Ўзбэкістан. Далей быў доўгі паход на Пэрсію, Ірак, Ярданію, Палестыну. Канчатковым пунктам стала Італія. Там беларус разам зь іншымі землякамі, уратаванымі ад сталінскага тэрору, у складзе кулямётнай часткі Трэцяй Карпацкай стралковай дывізіі ваяваў супраць нацыстаў, браў непрыступнае гітлераўскае ўмацаваньне ў горным манастыры Монтэ-Касына.

Армія Андэрса (Другі польскі корпус) — падразьдзяленьне ўзброеных сілаў Польскай Рэспублікі, створанае савецкім урадам і генэралам Уладзіславам Андэрсам у 1941 годзе на тэрыторыі СССР. Было падпісана пагадненьне з польскім урадам у выгнаньні пра барацьбу супраць гітлераўскай Нямеччыны сумесна з войскамі СССР і іншых саюзных дзяржаў. Фармаваньне складалася з польскіх грамадзянаў, якія трапілі ў савецкі палон у 1939 годзе, а таксама палякаў, дэпартаваных і зьняволеных у лягерах ГУЛАГу. У 1943-1946 гадах польскі корпус уваходзіў у склад арміі Вялікай Брытаніі.

Пасьля завяршэньня Другой усясьветнай вайны Нічыпарук разам з бальшынёй дэмабілізаваных жаўнераў ад’ехаў у Вялікую Брытанію. Як паказаў досьвед іншых вяртанцаў, на радзіме іх нічога добрага не чакала. Беларускіх андэрсаўцаў прыраўнялі да «ворагаў народу»: тых, хто праігнараваў папярэджаньні і вярнуўся ў Беларусь, на пачатку 1950-х дэпартавалі ў Іркуцкую вобласьць. Як тлумачыць спадар Мельнікаў, савецкаму ўраду было некамфортна ад таго, што пад бокам знаходзяцца тысячы выдатна абучаных, загартаваных у баях жаўнераў, якія ў выпадку абвастрэньня сытуацыі могуць узяцца за зброю і павярнуць яе супраць бальшавікоў.

Старонка з кнігі
Старонка з кнігі

Нічыпарук вырашыў лёс не спакушаць і застаўся на Захадзе. У 1947 годзе ён напісаў ліст бацькавай цётцы, якая ў пачатку ХХ стагодзьдзя зьехала на заробкі ў Злучаныя Штаты і там засталася. Атрымаўшы запрашэньне, неўзабаве выправіўся ў Чыкага. За акіянам беларускі герой Войска Польскага пражыў наступныя паўстагодзьдзя, да сваёй сьмерці на пачатку 1979 году.

Гаворачы пра адметнасьць кнігі, Ігар Мельнікаў найперш падкрэсьлівае: за мяжой выдадзена нямала ўспамінаў афіцэраў, але яшчэ не было, каб свае ўражаньні ад службы ў Арміі Андэрса так дэталёва апісаў звычайны беларус. Паводле ўкладальніка, у нататках Нічыпарука, надрукаваных на маленькіх аркушыках паперы, адлюстравана ўсё: сялянская праца, жывёльныя ўмовы савецкіх турмаў, бітва пры Монтэ-Касына, жыцьцё ў эміграцыі і невыносная настальгія па роднай Беларусі:

«Як ужо заўважылі, кніга складаецца з дзьвюх частак: першая — уласна ўспаміны Паўла Нічыпарука, другая — мае тлумачэньні. Матэрыялы я выбіраў, каб яны былі зьвязаныя з гісторыя Заходняй Беларусі, з гісторыяй Палесься, з гісторыяй тых тэрыторый, дзе да арышту жыў Павал Каленікавіч. Выданьне добра ілюстраванае: некаторыя здымкі — з прыватнага архіву героя, іншыя з маёй калекцыі. Дзякуючы ахвяраваньням, яны ўнікальныя, набываліся ў прыватных асобаў і на аўкцыёнах. Многія маюць непасрэднае дачыненьне да Кобрыншчыны, таму дапамагаюць скласьці ўражаньне, што насамрэч у той пэрыяд адбывалася».

Андэрсаўцаў выкрасьлілі са сьпісу франтавікоў

Пасьля прэзэнтацыі
Пасьля прэзэнтацыі

Гісторык кажа, што вельмі хацеў, каб кніга пабачыла сьвет да 9 Траўня. Паводле яго, удзел беларусаў у апошняй вайне дагэтуль падаецца аднабакова, выключна праз прызму змаганьня ў партызанах ці на савецкім фронце. Пра гераізм беларускіх салдатаў Другога польскага корпусу, якія змагаліся супраць гітлераўцаў на Заходнім фронце, амаль нічога невядома. Толькі цяпер, калі тых вэтэранаў ужо няма, праўда пра іхныя заслугі паступова робіцца набыткам галоснасьці.

Цягам паўтара месяца на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by адбываўся збор сродкаў на выданьне ўспамінаў Паўла Нічыпарука. Ігар Мельнікаў хацеў, каб гэта стала нацыянальнай акцыяй, каб як мага болей людзей усьвядомілі, наколькі важна данесьці да грамадзтва той бок вайны, які быў надзейна схаваны савецкай прапагандай. У выніку спонсарамі «Адысэі палешука» сталі больш за паўтары сотні асобаў зь Беларусі і замежжа.

Таксама цікава, як архіўныя матэрыялы трапілі да дасьледчыка, былі сыстэматызаваныя і аформіліся ў выданьне. Летась пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі ўдалося арганізаваць выставу «Беларусы ў Войску Польскім» — паводле афіцыйных зьвестак, з пачаткам вайны ў верасьні 1939 году былі мабілізаваныя больш як 70 тысяч этнічных беларусаў.

Ігар Мельнікаў раздае аўтографы
Ігар Мельнікаў раздае аўтографы

Экспазыцыя выстаўлялася ў Менску і ў Музэі абароны Берасьцейскай крэпасьці. У абласным цэнтры да яго падышлі знаёмцы сваякоў Нічыпарука, сказалі, што ёсьць ягоныя ўспаміны, датаваныя другой паловай 1970-х, але яны ня ведаюць, што зь імі рабіць. Прапанавалі за невялікае ўзнагароджаньне. Спачатку, прызнаецца Ігар Мельнікаў, не ўспрыняў тыя аркушы вартымі кнігі, але, учытаўшыся, зразумеў, наколькі бясцэнныя сьведчаньні трымае ў руках.

Да таго ж высьветлілася, што яшчэ ў 1989 годзе гэтыя лісты праглядаў пісьменьнік-франтавік Васіль Быкаў, назваўшы іх вартымі ўвагі і выданьня. Тады мэмуары беларуса так і не пабачылі сьвет, але праз чатыры дзясяткі гадоў матэрыял нарэшце дайшоў да друку.

Ігар Мельнікаў прызнаецца, што гэта была цяжкая праца: калі раней даводзілася мець справу з гістарычнымі тэкстамі, то гэтым разам быў матэрыял, напісаны звычайным чалавекам. Таму рабіў камэнтары, удакладненьні да фактаў, якія мала што сказалі б сёньняшняму пакаленьню чытачоў. Мэмуары выйшлі па-беларуску, мова арыгіналу — беларуска-польска-расейская трасянка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG