Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзіў кастынг на абслугоўваньне нобэлеўскага ляўрэата


Сьвятлана Алексіевіч у школе ў Капаткевічах, дзе вучылася. 13 жніўня 2017

«El ciudadano ilustre!» — тахкала ў галаве назва фільму па дарозе ў Капаткевічы, куды мы імчаліся ўсьлед за нобэлэўскім ляўрэатам. Дурное ўяўленьне малявала патасныя карцінкі сустрэчы ў Капаткевічах вядомай пісьменьніцы. Будзе, як у гэтым аргентынскім кіно, «Ганаровым грамадзяніне». А што ж — падобны сюжэт. Нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры Даніэль Мантавані раптам паддаўся эмоцыі і паляцеў праз акіян у Салас — мястэчка, дзе нарадзіўся, і адкуль зьехаў у Эўропу на доўгае жыцьцё. Яму там падрыхтавалі патасны прыём, і прызналі яго «ганаровым грамадзянінам». Праўда, потым падстрэлілі. Але гэта кіно.

дзе аркестар, мясцовая Каралева прыгажосьці?

Тут, можа, будзе нават прыгажэй. Святлана Алексіевіч, аб’езьдзіўшы белы сьвет, цяпер наведвала некалі родны павет. «Яна будзе тут прыватным чынам, ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў не плянуецца» — так ахарактарызавалі яе візыт у Петрыкаўскім райвыканкаме. Ах. Ну чым Капаткевічы горшыя за аргентынскі Салас? Няўжо ў вёсцы не маглі б арганізаваць пажарны аўтамабіль, на якім правезьлі б слынную зямлячку па вёсцы? Дзе аркестар, мясцовая Каралева прыгажосьці? Хіба дзяўчаты тут не такія прыгожыя, як аргентынскія? Дзе запрашэньне на мясцовае тэлебачаньне — каб нобэлеўскі ляўрэат прарэклямавала сок мясцовай фірмы? Дзе мэр? Дзе бліскучыя паперкі, што так прыгожа ляцелі са школьнай столі на Даніэля Мантавані? Ах. Гэта не кіно. Гэта не Аргентына. Мы ж, паводле дасьледаваньняў вучоных, нацыя без эмоцыі. Таму так: кавалак хлеба на стале, і каб усё было добра, ціха-мірна.

эй, Уладзіміравіч, кажуць, у нас учора Алексіевіч была?

Па дарозе Святлана Алексіевіч спынялася трохі падсілкавацца ў адной установе грамадзкага харчаваньня ў адным райцэнтры. Каб пазьбегнуць лішніх для аўтэнтычнага мэнталітэту эмоцый, назву не пішу. Напэўна, там сёньня ўсе ходзяць на вушах — як жа, такая наведвальніца! Напэўна, ужо ў мэню новыя стравы, а на сьцяне — аўтографы, ці здымак, зроблены бармэнам спадцішка. Ці зьявілася ўжо ў мясцовай газэце разгорнутае інтэрвію з бармэнам — як і дзе сядзела, што ела, што казала, як была ўдзячная за боршч? Халаднік? Дранікі? А дарэчы… Ва ўстанове, напэўна, ганарацца гэтым фактам. Мо, ужо і назву зьмянілі з ангельска-трасяначнай на… Ня ведаю. «Што? Хто? Алексіевіч? Была ў нас? Ня ведаю. Я ўчора не працавала. Эй, Уладзіміравіч, кажуць, у нас учора Алексіевіч была? Ня ведаеш? А хто ведае? Ох, ведаеце, можа, яе і не пазналі. У нас літаратуру ня ўсе чытаюць. Я, каб была, я б можа і пазнала, ды я ўчора не працавала. А вам для чаго гэта? Ну, можа і была. Можа быць. Бармэн кажа — здаецца, была. Ну, можа, такая зьмена ёй трапілася, што і не пазналі», — распавядалі мне сёньня ва ўстанове.

адна прашаптала: «Цу-е-фа»

Учора ж мы назіралі такую сцэну. Пакуль вядомая пісьменьніца гартала мэню, афіцыянткі праводзілі выбары — каму яе абслугоўваць. Можа, яны так штораз разьбіраюцца паміж сабой — ня ведаю. Але калі мы зайшлі (нібыта ў прыбіральню) — наведвальнікаў было вобмаль, мякка кажучы, а дзьве афіцыянткі — чарнявая і бялявая, схіліліся галовамі, і адна прашаптала: «Цу-е-фа». Адна выкінула сьціснуты кулак, другая — растапыраныя два пальцы. І выйграў, канечне, кулак, ці камень. Ці прайграў. Вось я ня ведаю — яны спаборнічалі за тое, каб абслугоўваць, ці наадварот — каб насалоджвацца недзе прахалодай, пакуль калега будзе бегаць з падносам? Бегаць — гэта я, канечне, з гарачкі так напісала, дзеля прыгажосьці. Хадзіць, павольна так, не губляючы пачуцьця ўласнай годнасьці.

… Гэта была сапраўды настальгічная паездка, нават для нас. Асабліва калі афіцыянтка строга сказала нам, папярэджваючы, што чакаць замову прыйдзецца доўга: «Вас тут шмат!» — «А я адна», — ціха дадалі мы — тыя, што пасьпелі пабыць «чырвонымі чалавечкамі».

ад дваццаці да сарака хвілінаў гатуюцца ўсе стравы!

Тая небарака-афіцыянтка, што паказала «камень», пазьней стаяла ля нас з такім жа тварам. Хіба можна прайграць у «Цу-е-фа» два разы запар? Напэўна. З нашым шчасьцем. «Каб ты каменем стаў». І ён стаў пры дарозе. Не, не пры дарозе. У рэстаране. Яна стаяла ля нас з каменным тварам, і паўтарала сёмы раз з роўнымі дыдактычным інтанацыямі: «Ад дваццаці да сарака хвілінаў. Усе стравы гатуюцца ад дваццаці да сарака хвілінаў». Але мы не здаваліся: «Ну можа хоць салат? Халаднік? Не? Нешта халоднае, хутка?». Яна настойвала: «Яшчэ раз вам паўтараю — ад дваццаці да сарака хвілінаў гатуюцца ўсе стравы!». «А халаднік, халаднік?!», — з кволай надзеяй запытваў нехта. «А салат?», — перабівала іншая. «Ад дваццаці да сарака хвілінаў. Мужчына! Што вам?!», — раптам зьмяніла яны пласьцінку. Той наш знаёмец хадзіў у прыбіральню, і ня ведаў, што «ад 20 да 40», таму таксама спытаўся: «А што можаце хутка прыгатаваць?» — «Ад дваццаці да сарака хвілінаў!», — адказалі мы ўсе хорам.

Надзіва, ежа была нармальная, ніхто не атруціўся, нехта нават пахваліў і халаднік, і блінцы. Ці хваліла што нобэлеўскі ляўрэат — сакрэт установы харчаваньня. «Вам будзе зручней і хутчэй у яе самой спытаць», — прапанавалі мне ў рэстаране. Гэта дакладна.

ох, для чаго ж яна такое гаворыць

І вось ён, Салас. Ой, Капаткевічы. Ні аркестру, ні пажарнай машыны, ні нават ня тое каб мэра, дык хоць намесьніка старшыні па ідэалёгіі. Былыя аднаклясьнікі, настальгічныя ўспаміны. Некалькі вершаў, адна песьня пад гітару, аўтографы… Прасякнутыя нейкім болем твары былых аднаклясьнікаў у тыя моманты, калі пісьменьніца адказвала на пытаньні пра «магчымасьць крымскага сцэнару». Ох, для чаго ж яна такое гаворыць, ці яна ня бачыць — мы ня можам такое слухаць, у нас дзеці, унукі, у сьценаў — вушы, і так далей.

яна сама казала сёньня, што ў яе цьвёрды характар

Ці ўсе землякі ўспрымаюць выказваньні Сьвятланы Алексіевіч, ганарацца ёй? Ёсьць жа тыя, хто крытычна ставіцца да яе асобы? Чаму так? «У асноўным мы ганарымся. У асноўным. У кожнага чалавека сваё меркаваньне, свая праўда. А чаму некаторым не падабаецца… Ведаеце, яна сама казала сёньня, што ў яе цьвёрды характар, і што гэта — ад бацькоў. Маці яе вучыла нямецкай мове, пакаленьне было пасьляваеннае, пераросткі, некаторым па 19 гадоў. Але яны ад яе плакалі, уявіце, плакалі ад яе патрабавальнасьці. І вось яна кажа — бацькі заклалі ва мне такі фундамэнт, цьвёрды характар. А ў вёсцы ўсё ж памятаюць. Вёска ўсё памятае…», — разважала былая аднавяскоўка.

«Разумееце, у кожнага свае погляды на жыцьцё… Розныя меркаваньні і думкі. Некаторыя думкі яе і я падзяляю. Напрыклад, як вам сказаць… што час такі нейкі складаны… Я б сказаў, што ня ведаем, што заўтра будзе. Раней неяк было іншае — чакалі нечага, а цяпер неяк на месцы…», — дадаў былы аднаклясьнік.

ня трэба такое пісаць!

…Падчас вяртаньня на вакзале аднаго з райцэнтраў сустрэлі начальніцу аднаго зь цягнікоў. Нашы бадзяжныя твары многія ведаюць. Неяк пра гэты цягнік пісалі матэрыял, нэўтральны, аўтэнтычны, без эмоцыі — ні вашым, ні нашым, і каб ніхто не прыдзіраўся. Як і павінна быць. «Нармальны быў матэрыял. Вось толькі адно блага — вы там пісалі пра п’янага пасажыра, які пераблытаў вагон з прыбіральняй!», — з дакорам папікнула начальніца цягніка. «Дык, а вы тут пры чым? Вас што — пакаралі за гэта? Вы чым вінаватыя?», — зьдзівіліся мы. «Не, не пакаралі. Але ня трэба такое пісаць!», — параіла кабета.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG