Маскоўскі гарадзкі суд у пятніцу адхіліў апэляцыю расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага і Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) на рашэньне аб выдаленьні з сайтаў фільма-расьсьледаваньня «Он вам не Димон» пасьля пазову расейскага бізнэсоўца Алішэра Ўсманава. Пра гэта паведамляе РБК.
Такім чынам, Навальны і ФБК павінны выдаліць з інтэрнэту тыя часткі фільма, якія выклікалі прэтэнзіі Ўсманава.
Фонд барацьбы з карупцыяй у сакавіку 2017 года апублікаваў расьсьледаваньне аб незадэкляраванай нерухомасьці прэм’ер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. У расьсьледаваньні, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што Ўсманаў у якасьці хабару перадаў падкантрольным прэм’еру структурам сядзібу коштам каля 5 мільярдаў рублёў. У траўні Ўсманаў падаў у суд на Навальнага. Пазоў бізнэсмэна быў задаволены. Апазыцыянэра абавязалі выдаліць фрагмэнты фільма «Он вам не Димон», у якіх згадваецца пра магчымае дачыненьне мільярдэра да карупцыі, а таксама апублікаваць абвяржэньне. Навальны адмовіўся выконваць рашэньне суду і абскардзіў яго ў Маскоўскім гарадзкім судзе.