Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’еру фільму «Жоўты пясочак» паводле твору Быкава пра расстрэлы ў Курапатах заплянавалі на верасень


За кіпучай чэкісцкай работай, кадар зь фільму «Жоўты пясочак»
За кіпучай чэкісцкай работай, кадар зь фільму «Жоўты пясочак»

Кінарэжысэр Аляксей Туровіч атрымаў клясыфікацыйнае пасьведчаньне на пракат мастацкага фільму па апавяданьні Васіля Быкава «Жоўты пясочак». Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Інстытут культуры Беларусі» рэкамэндавала стужку для прагляду гледачам, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту.

Афіша да фільму «Жоўты пясочак»
Афіша да фільму «Жоўты пясочак»

Як расказаў рэжысэр-пастаноўшчык карэспандэнту Свабоды, ужо падпісана пагадненьне з «Кінавідэапракатам», прэм’ерны паказ прызначаны на сярэдзіну верасьня ў менскім кінатэатры «Масква».

Крэдыт на завяршэньне фільму

Здымалі кінафільм у Ратамцы пад Менскам. Матэрыял быў змантаваны яшчэ летась, але праца затармазілася на этапе зьвядзеньня і агучваньня — паводле Аляксея Туровіча, які выступіў адначасова рэжысэрам, аўтарам сцэнару і прадусарам, скончыліся грошы. Паколькі дзяржава праігнаравала ягоныя прапановы і ня ўклалася ніводнай капейкай, усе фінансавыя выдаткі Туровіч узяў на сябе:

Аляксей Туровіч у студыі майстэрынгу
Аляксей Туровіч у студыі майстэрынгу

«Усё рабіў за ўласныя грошы. „Беларусьфільму“ пералічваў за строі, за рэквізыт, за „палутарку“, у якой герояў вязуць на расстрэл. Дамаўляўся, каб зрабіць і паставіць на кузаў будку, шукаў падвалы, каб абсталяваць катавальні. На этапе зьвядзеньня грошы скончыліся. Рабіў запыты ў інтэрнэце, ніхто, на жаль, не дапамог. Тэма Курапатаў прынагодна ўсплывае, але падтрымаць экранізацыю геніяльнага твора Быкава ахвотных не знайшлося. Узяў крэдыт, каб разьлічыцца з гукарэжысэрам. Ад дзяржавы разуменьня асабліва і не чакаў, а вось інэртнасьць грамадзтва засмуціла. На фінішныя працы не хапіла 6,5 тысячы даляраў, аформіў банкаўскую пазыку і пытаньне закрыў».

Клясыфікацыйнае пасьведчаньне на стужку Туровіча
Клясыфікацыйнае пасьведчаньне на стужку Туровіча

Усе ролі ў крыху больш як гадзінным фільме, прысьвечаным масавым расстрэлам «ворагаў народу» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, выканалі тэатральныя артысты зь Менску, Віцебску, Бабруйску. Аднаасобніка Аўтуха ўвасобіў Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Зайкоўскага — Аляксей Міхалоў, крымінальніка Фэлікса Грома — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, сьледчага НКВД — Аляксей Туровіч, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака.

Белагвардзеец Валярʼянаў (актор Генадзь Трацякоў)
Белагвардзеец Валярʼянаў (актор Генадзь Трацякоў)

На перакананьне рэжысэра, пачытаць арыгінал і паглядзець экранізацыю «Жоўтага пясочку» павінен кожны жыхар Беларусі, асабліва маладыя людзі. Таму асабіста ён ня згодны з вэрдыктам «Інстытуту культуры Беларусі», які вызначыў узроставы цэнз ад 16 гадоў і вышэй:

«Хай гэта застанецца на сумленьні экспэртаў, я з такім абмежаваньнем ня згодны. Праўду пра Курапаты трэба даводзіць са школьнага ўзросту, каб не было падмены паняцьцяў. Бо і сёньня значная частка людзей нічога пра гэта ня ведае... Як бы там ні было, я заключыў дамову з „Кінавідэапракатам“, на суботу 16 верасьня ў 19.15 заплянаваная прэм’ера ў кінатэатры „Масква“. Другі паказ — там жа, а 17-й гадзіне. Заля на 700 месцаў, спадзяюся, удасца запоўніць. Ці далучацца іншыя кінатэатры? Ня ведаю, прозьвішча Быкава па інэрцыі яшчэ насьцярожвае. Прынамсі падчас нарады ў „Кінавідэапракаце“ асаблівай актыўнасьці дырэктары ня выявілі. Ну што ж, буду сам езьдзіць па абласьцях, каб стужку пабачыла максымальна шырокае кола».

Сьмеласьць на экранізацыю

У «Жоўтым пясочку» Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумнавядомай менскай турмы НКВД вязуць на расстрэл ва ўрочышча Курапаты. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, у апошнія гадзіны жыцьця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі, але абʼядноўвае ўсіх адно: сытуацыя не пакідае выбару. Людзі пакорліва церпяць, нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага вартавога — памочніка камэнданта. Але замест гэтага выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам.

Афіша да фільму «Жоўты пясочак»
Афіша да фільму «Жоўты пясочак»

Адным з галоўных плюсаў кінакарціны Аляксей Туровіч называе яе стопрацэнтную беларускую прапіску. Зрэшты, за візуалізацыю знакамітага твору, які расказвае пра канвэер расстрэлаў, браліся многія беларускія творцы. Але з розных прычын іх задумы так і не ўвасобіліся ў жыцьцё. Чаму тое, што не ўдалося Ігару Дабралюбаву ці Сяргею Шульгу, рэалізаваў Аляксей Туровіч?

«Напэўна, нават такія мэтры, як Ігар Міхайлавіч Дабралюбаў, наіўна спадзяваліся на падтрымку дзяржавы. Дабралюбаў — мой настаўнік, але хай прабачыць: на нешта разьлічваць проста нерэальна. Дый каштарыс аказаўся немалы. Напачатку Міністэрства культуры нешта нават думала, але пасьля выхаду карціны „Эпілёг“ паводле раману Івана Шамякіна, якая паказвае жабрачы стан інтэлігенцыі, Дабралюбава залічылі да апазыцыі. Дый сам ён ужо быў крытычна настроены да ўладаў. Думаю, за старыя заслугі маглі прафінансаваць нешта іншае, але ніяк ня „Жоўты пясочак“. Што да мяне, то ў нейкі момант адчуў, што магу адужаць такую складаную экранізацыю».

Марнасьць камэрцыйнай аддачы

Працоўны момант здымак фільма
Працоўны момант здымак фільма

​Пачынаючы складаны кінапраект, Аляксей Туровіч выдатна разумеў, што камэрцыйнай аддачы наўрад ці варта чакаць. Таму ягоная праца — хутчэй своеасаблівы гуманітарны жэст, чым спосаб зарабіць:

«Абсалютна зразумела, што гэта ня той прадукт, які можа прынесьці вялікую колькасьць грошай ці сабраць поўныя залі. Але разам з тым гэта матэрыял нацыянальнага парадку. Як мне падаецца, удалося стварыць адпаведны антураж, падабраць добрыя тыпажы — ад селяніна Аўтуха і белагвардзейца Валярʼянава да камуніста Шэстака і чэкіста Сурвілы, якога ў фільме сыграў я. Пазнавальных зорак няма, адмыслова падбіраў людзей, якія б найбольш адпавядалі сваім прататыпам. Падчас пробаў некаторых давялося нават мяняць месцамі, бо ў працэсе станавілася зразумела, што камусьці больш пасуе іншая роля. Было складана, але цешыць, што ёсьць вынік».

Экіпаж сьмяротнікаў, кадар зь фільму «Жоўты пясочак»
Экіпаж сьмяротнікаў, кадар зь фільму «Жоўты пясочак»

Аляксей Туровіч кажа, што хоць паміж сёньняшнім днём і падзеямі апавяданьня «Жоўты пясочак» Васіля Быкава — восем дзясяткаў гадоў, паралелі напрошваюцца адназначныя:

«У Курапаты людзі траплялі зломленыя, пад катаваньнямі, справы ў масе сваёй сфабрыкаваныя. Паглядзіце, асуджаныя на расстрэл выцягваюць з балота машыну НКВД, толькі крымінальнік Гром зьдзекаваўся з чэкістаў і зь сяброў па няшчасьці — давайце, дурні, штурхайце сабе на пагібель. Над імі быў толькі адзін канваір, маглі папросту яго заваліць. Але людзі надламаныя, дэмаралізаваныя. Маўляў, лепш не пярэчыць, падпісаць, што скажуць, прагнуцца пад іх сыстэму. Гэта жахліва, што тварыла сыстэма. Таму пра яе злачынствы трэба расказваць нават праз столькі часу».

Рэжысэр, актор, прадусар Аляксей Туровіч нарадзіўся ў 1959 годзе ў Глыбокім Віцебскай вобласьці. Рос без бацькоў у інтэрнаце на Ашмяншчыне. Да войска працаваў трактарыстам, быў кіроўцам вялікагрузных аўтамабіляў у Сыбіры, кіраваў цягнікамі менскага мэтрапалітэну. У 1994-м скончыў школу-студыю на базе кінастудыі «Беларусьфільм». Як рэжысэр зьняў шэраг фільмаў, найбольш вядомыя зь іх — «Турма для кума», «Сынок», «Яблык Месяца», «Трэба жыць». Зьняўся амаль у паўсотні стужак, сярод якіх «Анастасія Слуцкая», «Franz+Polina», «Ліст да Фэліні», «Паскораная дапамога», «Кантракт са сьмерцю», «Вам — заданьне», «Жоўты пясочак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG