Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Носам у нос з патрулём


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Што сёньня ў Беларусі важна? Што трэба вырашыць, што зрабіць? Каб лепей было жыць? Трэба, каб патрулі вайсковыя былі на вуліцах, гэта «вельмі важнае пытаньне», лічыць Лукашэнка.

Для чаго яны патрэбныя, гэтыя патрулі? «Думаю, людзям спакайней, калі вайсковы чалавек на вуліцы», перакананы Лукашэнка.

Якіх людзей ён меў на ўвазе? У якой краіне? Тлумачэньняў не было. Калі чалавек выйшаў з народу амаль чвэрць стагодзьдзя назад і ўзьняўся высока-высока, што ён можа ведаць аб тым, ад чаго людзям можа быць спакайней?

Быў нядаўна праездам у Варшаве, сустрэў знаёмы паляк словамі: вітаю ў гасьціннай Польшчы. І дадаў: а ведаеш, у нас сапраўды спакойна, сам адчуваеш сябе нармальна, упэўнена. Быў нейк па справах у Афрыцы, вяртаўся праз Парыж: войска ў горадзе, ніякавата, у Польшчы такога няма. Што праўда, у Руандзе, куды лятаў, узброеныя жаўнеры на вуліцах — звычайная справа. Там, кажа, кіруе «афрыканскі Лукашэнка», больш за сямнаццаць год ужо. У яго стаўка на парадак і замежныя інвэстыцыі. А людзям жывецца няпроста, узровень жыцьця невысокі…

І вось я ў Горадні, а насустрач мне нейкі дзіўны патруль, не міліцэйскі. Ледзь не сутыкнуліся. Таксама з гумовымі друкамі, але форма іншая. І даходзіць да мяне, што гэта патруль вайсковы. Сто гадоў ня бачылі! Разьняволеныя натоўпы турыстаў і раптам — патрулі, спачатку вайсковы, затым міліцэйскі. Ці стала замежнікам спакайней? Мне — не. Дарэчы, камэндатура са сталінскіх часоў у Горадні разьмяшчалася ў палацы ў парку культуры і адпачынку працоўных, у самым цэнтры. Ці спакайней было людзям? Дзеці, атракцыёны, марозіва, а за плотам гаўптвахта.

Ні аб якіх турыстах тады мовы не магло быць. Цяпер няма больш камэндатуры ў Старым горадзе, а турысты нарэшце паявіліся. Наколькі ім спадабаецца наяўнасьць вайсковых патрулёў, ня ведаю.

Ну, канечне, на нашай тэрыторыі не Лукашэнка першым прыдумаў вайсковыя патрулі. А Язаў і Пуга. За паўгода да ГКЧП яшчэ. Памятаю непрыемны халадок у душы, калі ўсе газэты напачатку 1991-га надрукавалі сумесны загад міністраў абароны і ўнутраных спраў.

Абгрунтаваньне было такім: стан правапарадку пагаршаецца. Рэзка павялічылася лічба цяжкіх злачынстваў з гвалтам, часта дзёрзкіх і цынічных. Адзначаныя акты вандалізму над помнікамі гісторыі савецкай дзяржавы. Павялічылася колькасьць нападаў на міліцыянтаў, вайсковыя аб’екты, на вартавых і паасобных вайскоўцаў. Ёсьць факты блякаваньня вайсковых аб’ектаў (што, як вядома, паўтарылася ў Крыме падчас апэрацыі анэксіі, якую ажыцьцяўляў асабіста Пуцін) і гэтак далей.

Вось дзеля гэтага, таварышы, і пачнецца сумеснае патруляваньне вуліц войскам і міліцыяй. Трэба падрыхтаваць службовы транспарт і бронетранспарцёры. Неабходна зьвярнуць увагу на пошук дэзэрціраў, асабліва ўзброеных. Мець пастаянны рэзэрв патрулёў у складзе роты-батальёну з узбраеньнем і боезапасам. Самая пільная ўвага — месцам, дзе зьбіраецца шмат людзей, масавым мерапрыемствам.

Загад Язава з Пугам, які запоўніў першыя старонкі газэт, выклікаў не спакой, а трывогу. Памятаю гэта абсалютна выразна, абмяркоўвалі яго тады ў рэдакцыі, ніхто будучым БТР-м на вуліцах ня радаваўся. Але начальства, зразумела, такога памятаць ня можа, яму здаецца, што «вайсковы чалавек на вуліцы» выклікае ў душы прыўкрасныя мэлёдыі, накшталт «когда поют солдаты, спокойно дети спят». Ну проста ідылія наступіць ад падмацаваньня міліцэйскіх патрулёў вайсковымі…

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG