Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 сцэнароў, якія могуць давесьці да вайны Расеі з Захадам, у тым ліку празь Беларусь


Расейскі зьнішчальнік Су-24 пралятае над амэрыканскім ракетным эсмінцам «Donald Cook» у Балтыйскім моры, 12 красавіка 2016
Расейскі зьнішчальнік Су-24 пралятае над амэрыканскім ракетным эсмінцам «Donald Cook» у Балтыйскім моры, 12 красавіка 2016

За апошнія два гады адносіны паміж Расеяй і Захадам дасягнулі найгоршага стану ад часоў «халоднай вайны» і апынуліся ў глыбокім крызісе. І ня выключана, што гэты крызіс можа неўзабаве пагоршыцца.

Гэтак сьцьвярджаюць Томас Фрыяр і Іен Кернс — дасьледнікі з Эўрапейскай сеткі лідэраў (European Leadership Network), навукова-дасьледчага цэнтру ў Лёндане — у сваім дакладзе, які аналізуе асноўныя разыходжаньні ў палітыцы Захаду і Расеі, прадстаўляе сцэнары пагаршэньня згаданых адносін і дае рэкамэндацыі адносна таго, як пазьбегчы яшчэ горшага крызісу ў будучыні.

Праводле Фрыяра і Кернса, існуе ня менш за пяць імаверных сцэнараў паглыбленьня разыходжаньняў паміж Захадам і Расеяй, якія могуць прывесьці да ваеннага канфлікту зь непрадбачанымі наступствамі.

1. Крызіс улады ў Беларусі

Аўтары дакладу лічаць, што ў Беларусі могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы захаваньня статус-кво ў межах Беларусі, выкліканыя, напрыклад, нечаканай сьмерцю або недзеяздольнасьцю Аляксандра Лукашэнкі. Нявызначанасьць у дачыненьні да пераемніка Лукашэнкі ўскладняе ацэнку таго, што адбудзецца далей, аднак Фрыяр і Кернс перакананыя, што ў выпадку крызісу пераемнасьці ўлады і ўзьнікнення пытаньняў у адносінах да будучага накірунку руху краіны, магчымасьць непасрэднай расейскай інтэрвэнцыі ў Беларусь становіцца цалкам рэальнай.

2. Эскаляцыя баявых дзеяньняў ва ўсходняй Украіне

Чаму такая эскаляцыя можа адбыцца? Па-першае таму, што нізкі прыярытэт, нададзены адміністрацыяй Дональда Трампа ўкраінскаму канфлікту, можа разглядацца Крамлём і сэпаратыстамі як магчымасьць дабіцца павелічэньня тэрыторыі. Аналягічна, Кіеў асьцерагаючыся таго, што падтрымка з боку ЗША можа паступова скарачацца, можа таксама пачаць ваенную апэрацыю, каб падкрэсьліць важнасьць украінскага пытаньня для ўсяго сьвету. Ня варта чакаць, пішуць Фрыяр і Кернс, што зьнешнія гульцы, уключаючы ЗША, NATO і ЭЗ, змогуць застацца ўбаку ад больш маштабнага канфлікту ва ўсходняй Украіне.

3. Аднаўленьне канфрантацыі ў Грузіі

Адзін з аспэктаў грузінскага канфлікту, які ў 2008 годзе выліўся ў «пяцідзённую вайну» паміж Грузіяй і Расеяй, захоўвае патэнцыял да эскаляцыі да сёньняшняга дня. Аўтары дакладу ўказваюць на «паўзучы захоп» тэрыторыі Грузіі Паўднёвай Асэтыяй. Пасьля вайны 2008 году расейскія і паўднёваасэтынскія вайскоўцы і памежнікі пад покрывам ночы пераносяцьць мабільныя памежныя слупы, якія пазначаюць мяжу Паўднёвай Асэтыі, глыбей на тэрыторыю Грузіі. Нягледзячы на больш стрыманы тон новага грузінскага парлямэнту ў адносінах да Расеі, пішуць аўтары, у нейкі момант у Тбілісі можа ўзьнікнуць неабходнасьць даць больш жорсткі адказ на такое прысваеньне грузінскай тэрыторыі.

4. Вайсковы інцыдэнт са сьмяротнымі наступствамі ў Балтыйскім або Чорным моры

Паколькі Расея, NATO і іншыя рэгіянальныя дзяржавы нарошчваюць сваю вайсковую магутнасьць і карэктуюць расстаноўку сіл, збліжэньні войскаў і парушэньні паветранай прасторы адбываюцца ўвесь час. Відавочна агрэсіўны характар некаторых з такіх збліжэньняў, уключаючы хуткія пралёты зьнішчальнікаў над вайсковымі караблямі на невялікай вышыні, як лічаць аўтары дакладу, нясуць з сабою немінучую рызыку эскаляцыі і вайсковага канфлікту.

5. Авіяцыйны інцыдэнт са сьмяротнымі наступствамі з удзелам вайсковых і цывільных паветраных судаў

Павелічэньне актыўнасьці ў агульнай паветранай прасторы ў некаторых выпадках прывяло да таго, што цывільныя авіяляйнэры былі вымушаныя прымаць меры, каб ухіліцца ад расейскіх паветраных судаў, якія ляцелі, не перадаючы свае каардынаты грамадзянскім службам кіраваньня паветраным рухам. Палёты вайсковых самалётаў у грамадзянскіх паветраных калідорах з выключанымі транспондэрамі працягваюцца. У выпадку сутыкненьня расейскага вайсковага самалёту і авіялайнера пасьлядоўнасьць падзеяў, якую можа запусьціць такое здарэньне, як мяркуюць Фрыяр і Кернс, патэнцыйна здольная прывесьці да ваеннага канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG