Сяргей Удальцоў — расейскі левы апазыцыянэр, лідэр руху «Авангард красной молодёжи» (АКМ) і каардынатар «Левага фронту». У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў на Балотнай плошчы ў Маскве ў 2012 годзе (тады адбыліся сутыкненьні паміж паліцыяй і ўдзельнікамі шэсьця «За сумленныя выбары»). Усяго па справе былі асуджаныя больш за 30 чалавек, частка з якіх ўжо адбылі пакараньне і выйшлі на волю. Удальцова асудзілі на 4,5 гады калёніі.
Аб вызваленьні Ўдальцова напісала яго жонка Анастасія ў фэйсбуку. Паводле яе, Сяргей Удальцоў «перадае ўсім велізарнае прывітаньне і дзякуе за падтрымку, ён поўны аптымізму і пазытыўных эмоцый.»
У ліпені 2014 году Маскоўскі гарадзкі суд прызнаў Удальцова і Леаніда Развазжаева вінаватымі ў арганізацыі масавых беспарадкаў на Балотнай плошчы ў Маскве ў 2012 годзе, а таксама ў спробе арганізаваць аналягічныя мерапрыемствы ў іншых гарадах Расеі. Абодва адмовіліся прызнаць сваю віну.
Развазжаеў выйшаў на волю ў красавіку, Удальцоў — у аўторак, 8 жніўня. У зьняволеньні Удальцоў правёў чатыры з паловай гады, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін. Летась у сакавіку апазыцыянэру адмовілі ў датэрміновым вызваленьні, бо Ўдальцоў не прызнаў віны і меў на той момант восем спагнаньняў.