Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніц Pussy Riot затрымалі за акцыю ў падтрымку Алега Сянцова


Алег Сянцоў на судзе, 25 жніўня 2015

Дзвюх удзельніц Pussy Riot Марыю Алёхіну і Вольгу Барысаву затрымалі ў Якуцку на наступны дзень пасьля таго, як яны правялі акцыю ў падтрымку асуджанага за тэрарызм у Расеі ўкраінскага кінарэжысэра Алега Сянцова.

Абедзьвюх затрымалі паводле абвінавачваньняў у адміністрацыйным правапарушэньні — напярэдадні на адным з мастоў яны разгарнулі банэр з надпісам «Free Sentsov» і запалілі фаеры. У паліцыі заявілі, што акцыя была несанкцыянаванай.

Акцыю дзяўчыны правялі побач з папраўчай калёніяй № 1, дзе ўтрымліваецца рэжысёр.

«Справа Сянцова і Кольчанкі — адна з галоўных і ключавых палітычных справаў у гісторыі нашай краіны. Свабоду», — напісала пасьля акцыі Алёхіна ў сваім Фэйсбуку.

Раней у межах кампаніі «Imprisoned For Art» у падтрымку асуджанага рэжысэра выступіў галівудзкі актор Джоні Дэп — ён зьняўся ў міжнародным Фотапраекце, прысьвечаным мастакам, якія апынуліся ў зьняволеньні.

Таксама ў падтрымку Сянцова выступіла ляўрэат Канскага кінафэстывалю рэжысёр Марына Врода, яна адмовілася ад узнагароды на фэстывалі «Кінашок» у Анапе. Врода заявіла, што ня прыме дыплём «За сілу выказваньня», прысуджаны ёй за кароткамэтражны фільм «Смаўжы», да таго часу, пакуль Алег Сянцоў ня будзе вызвалены.

Марына Врода на Канскім кінафэстывалі
Марына Врода на Канскім кінафэстывалі

Ад моманту абвяшчэньня прысуду рэжысэру ягонага вызваленьня патрабуюць: Андрэй Зьвягінцаў, Аляксей Герман-малодшы, Павел Бардзін, Эўрапейская кінаакадэмія, расейскі КіноСаюз, Нацыянальны саюз кінэматаграфістаў Украіны, краінаў СНД і Балтыі, а таксама многія вядомыя заходнія рэжысэры.

АлегСянцоў быў у жніўні 2015 году прысуджаны ў Расеі да 20 гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавачвалі ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасьці і тэрактах у анэксаваным Крыме: нібыта яны рыхтавалі падрыў помніка Леніну ў Сімфэропалі і падпалілі офісы «Рускай абшчыны Крыму» і партыі «Адзіная Расія». Сянцоў сьцьвярджаў, што ў турме яго катавалі.

Пасьля сустрэчы з расейскімі дзеячамі культуры ў Крамлі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Сянцоў асуджаны не за творчасьць, і без рашэньня суду дзейнічаць немагчыма.

Amnesty International і расейскі праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызналі Сянцова палітвязьням. Украіна накіравала ў Эўрапейскі суд па правах чалавека пазоў да Расеі ў сувязі з прысудам рэжысэру.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG