Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як амэрыканцы ў Твітэры вучылі Мядзьведзева дэмакратыі


Пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон аб новых санкцыях супраць Расеі, прыняты раней Кангрэсам ЗША, расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў закінуў Трампу, што той перадаў уладу Кангрэсу «максымальна зьневажальным чынам».

Мядзьведзеў разьмясьціў у сваім англамоўным Твітэры пост, дзе абвінаваціў Трампа ў поўным бясьсільлі перад Кангрэсам.

«Адміністрацыя Трампа прадэманстравала поўнае бясьсільле, самым зьневажальным чынам перадаўшы выканаўчыя паўнамоцтвы Кангрэсу».

Гэты пост выклікаў у Твітэры шквал рэакцыяў з боку амэрыканскіх карыстальнікаў, якія нагадалі Мядзьведзеву, што менавіта гэта і завецца падзелам уладаў, які засьцерагае ад бескантрольнага аднаасобнага кіраваньня краінай.

«Гэта завецца падзелам галінаў улады, містэр Мядзведзеў. Гэта той самы краевугольны камень нашай канстытуцыйнай рэспублікі, які прадухіляе бескантрольнае кіраваньне краінай адным чалавекам або арганізацыяй. Нашы продкі змагаліся і паміралі за тое, каб гэтага дамагчыся. За мінулыя гады многія нашы браты і сёстры памерлі, абараняючы гэта. І ў гэтым выпадку гэта спрацавала менавіта так, як і павінна было», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Прабачце, у нас тут такая штука пад назвай „дэмакратыя“, і ваш стаўленік ў Белым доме нічога ня можа з гэтым зрабіць», — зазначыў іншы.

Трэці адказаў Мядзьведзеву ягонымі ж словамі:

«Адміністрацыя Мядзведзева паказала поўную бездапаможнасьць, самым зьневажальным чынам перадаўшы выканаўчыя паўнамоцтвы Пуціну».

Ад таго часу на англамоўным Твітэры Мядзьведзева пакуль не зьяўлялася ягоных новых пастоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG