Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пашырыў санкцыі супраць Расеі за турбіны Siemens у Крыме


Турбіна кампаніі Siemens

Рада Эўразвязу пашырыла санкцыі супраць Расеі праз пастаўкі турбін нямецкага канцэрну Siemens у Крым. У сьпіс дадалі яшчэ трох фізычных і трох юрыдычных асоб з Расеі.

На сайце, дзе публікуецца, заканадаўства і афіцыйныя рашэньні органаў Эўразьвязу, можна пабачыць, што санкцыі ўвялі супраць трох расейскіх кампаній — адкрытага акцыянэрнага таварыства і таварыства з абмежаванай адказнасьцю з аднолькавай назвай «Технопромэкспорт» і закрытага акцыянэрнага таварыства «Интеравтоматика», а таксама супраць намесьніка міністра энэргетыкі Расеі Андрэя Чэразава, кіраўніка дэпартамэнту Міністэрства энэргетыкі Яўгенія Грабчака і генэральнага дырэктара кампаніі «Технопромэкспорт» Сяргея Тапор-Грылкі.

Санкцыі прадугледжваюць замарозку актываў гэтых людзей і кампаній, а таксама забарону на паездкі ў краіны Эўразьтвязу.
Іх дадалі ў санкцыйны сьпіс для асоб, «якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасьць, сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны».

Штаб-кватэра кампаніі Siemens у Бэрліне
Штаб-кватэра кампаніі Siemens у Бэрліне

Як гаворыцца ў паведамленьні Рады Эўразьвязу, Siemens прадала турбіны Расіі для выкарыстаньня на тэрыторыі краіны. Перадача абсталяваньня ў Крым парушала палажэньні дамовы.

Транспарціроўкай займаўся «Технопромэкспорт» — даччыная кампанія расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Ростех». За ўстаноўку турбін адказная кампанія «Интеравтоматика».

***

21 ліпеня нямецкі канцэрн Siemens абвясьціў аб спыненьні паставак абсталяваньня расейскім дзяржаўным кампаніям. Прадстаўнікі Siemens заявілі, што знайшлі доказы таго, што ўсе чатыры газавыя турбіны, якія былі пастаўлены летам 2016 года ў Краснадарскі край, былі на месцы мадыфікаваныя і незаконна перамешчаныя ў анэксаваны Крым.

11 ліпеня канцэрн Siemens падаў пазоў у Арбітражны суд Масквы супраць расейскіх кампаній-партнэраў. Канцэрн запатрабаваў вярнуць у Тамань турбіны, якія знаходзяцца ў Крыме. У кампаніі «Технопромэкспорт» настойваюць, што турбіны для Крыму набылі на другасным рынку і правялі мадэрнізацыю установак сваімі сіламі. Крэмль заявіў, што на паўвостраве усталёўваюць турбіны расейскай вытворчасьці, сабраныя з расейскіх кампанэнтаў.

XS
SM
MD
LG