Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіньня бруд знойдзе, ці Кожны бачыць тое, што хоча ўбачыць


2 жніўня, у дзень ПДВ, склалася адчуваньне, што сьвет ужо ніколі ня будзе ранейшым. Хоць чаго тут адчуваць — так і ёсьць. Пачало здавацца, што многія беларускія СМІ як згаварыліся — матэрыялы пра сьвята дэсантнікаў былі вытрыманыя ў лірычных і патасных тонах і паўтонах: ніхто ня піў, ня біўся, не валтузіўся паміж сабой, не купаўся ў фантанах… Хлопцы ў цяльняшках зрабілі сьвята «сямейным», «кранальным», некаторыя жыта жалі на камбайнах пад сьцягам ВДВ, іншыя — сіротам і бедным дапамагалі, пераводзілі бабулек праз дарогу… Прынамсі, так было ў Менску, Гомелі, Баранавічах, калі пачытаць справаздачы з тых гарадоў. Я чытала, пераглядала здымкі, і ледзь ня плакала ад замілаваньня — мі-мі-мі. Міліцыя паведамляла раніцай, што прынамсі ў Гомелі ўсё было «ціха-мірна».

хай беражэ цябе Бог

…Вечарам 2 жніўня на Савецкай сустрэла сясьцёр Маці Тэрэзы. Яны пыталіся: «А што сёньня за сьвята, што ходзяць нейкія нібы ваенныя ў цяльняшках са сьцягамі?». Сёстры якраз праводзяць лягер для дзяцей з малазабясьпечаных сем’яў, вадзілі хлопчыкаў і дзяўчынак у парк. «І там адзін падбег да мяне, амаль укленчыў, і як закрычыць: „Дабраславіце, дабраславіце мяне!“, моцна крычаў, я сказала „Хай беражэ цябе Бог“ і хуценька адышла, бо мне падалося, ён п’яны быў». Мы пачалі рагатаць і казаць, што яна мела рацыю і інтуіцыю, што «дабраславіла», бо ў адваротным выпадку магла б і атрымаць кухталя. Сёстры ходзяць у белых сары з блакітнымі палоскамі. Магчыма, менавіта такі ўбор прыцягнуў увагу таго з ПДВ, які тэрмінова меў патрэбу ў «дабраславеньні».

трое качалі аднаго па траве нагамі

Пакуль мы размаўлялі, на супрацьлеглым баку дарогі пачулі гучныя крыкі. На траве каля прыпынку валтузіліся хлопцы ў цяльняшках. Здалёк не было зразумела — ці гэта бойка, ці такая гульня нейкая. Трое качалі аднаго па траве нагамі, як бервяно. Потым прысядалі над ім, нешта крычалі, падхопліваліся — і працягвалі качаць нагамі, зь цяжкасьцю ўтрымліваючы раўнавагу. З ног аднаго зь іх зьляцеў «сланец», проста на праежджую частку, той кінуўся яго выхопліваць з-пад колаў аўтамабіляў. Ахвяра ляжала на траве. Каты адышлі, але вярнуліся, каб зноў пакачаць свайго «брата» нагамі туды-сюды. Трохі далей стаялі разявакі, набліжацца ніхто не рызыкаваў. Нам нельга з-за працы, каб на твары былі гематомы, таму мы хоць і перайшлі дарогу, але захоўвалі неабходную для магчымых уцёкаў адлегласьць. Да нас падышлі маладыя-прыгожыя дзяўчаты, гадоў 17, сказалі, што ўжо выклікалі міліцыю, ды вось чакаюць. Тым часам «атаварыўшы» таварыша, «бачныя ўчасткі цела» якога зрабіліся колеру расейскага сьцягу, тыя ў цяльняшках правялі з ім «прафіляктычную гутарку» на маральна-этычныя тэмы з ужываньнем экспрэсіўнай лексыкі, па-за якой можна было разабраць «Ты ганьбіш нашы войскі», і запіхнулі яго ў тралейбус з крыкам «Едзь дахаты!». Хоць дзе яго хата — наўрад ці мог бы ён сам адказаць. Як толькі той паехаў, напэўна, у гарызантальным становішчы (а так халадней, у такую сьпёку) — прыехала міліцыя.

міліцыянэры доўга размаўлялі зь дзяўчынкамі

Не, было так. Спачатку міліцыя прыйшла, зьявілася блакітнай хмаркай з-за елак на пагорку каля гатэлю. Тыя хуліганы, парушальнікі грамадзкага парадку і супакою грамадзян, якія толькі што, пагарджаючы агульна-прынятымі нормамі маралі, беспрычынна, дэманструючы п’яную зухаватасьць і фізычную перавагу над іншымі, цяпер выдавалі зь сябе мірных грамадзянаў — сядзелі сабе пад піўнымі парасонамі і сьвяткавалі перамогу над «братам». Міліцыя, натуральна, скіравалася да дзяўчат, якія яе і выклікалі. Потым пад’ехала другая міліцыя, на «козьліку». Потым — адзін АМАП, на «УАЗ-Патрыёт», сьледам — яшчэ адзін АМАП, таксама на «УАЗ-Патрыёт». Цалкам іх налічылі дванаццаць чалавек. Яны ахвотна размаўлялі з дзяўчатамі. Тыя спалохана і эмацыйна распавядалі, як гэтыя хуліганы качалі нагамі па траве і білі кулакамі па твары свайго «брата». Дзяўчаты нават паказалі месца дысьлякацыі дэсантнікаў, што сёрбалі піва пад парасонам. Размова зь імі ў міліцыі была кароткая. Пагаварылі — і адышлі, відаць, правялі «прафіляктычную гутарку», і досыць. Хоць тыя ў цяльняшках былі «па зьнешніх прыкметах у стане моцнага алькагольнага ап’яненьня», прычым у грамадзкім месцы — ніхто іх не чапаў, не гаварыў «Прайдзёмце!», не праводзіў пад белыя рукі ні ў «козьлік», ні ў «УАЗ-Патрыёт». Міліцыянэры доўга размаўлялі зь дзяўчынкамі. Канечне, з такімі прыгожымі і маладымі больш прыемна размаўляць, чым з п’янымі ў дым дэсантнікамі.

мы заяву напісалі, што прэтэнзій ня маем

У выніку зьехаў «козьлік», зьехалі і два «УАЗ-Патрыёты». Засталіся п’яныя ў цяльняшках і дзяўчаты. «А што — вас хоць не прыцягнулі да адказнасьці? (пажартавалі мы). — Не, мы проста заяву напісалі, што прэтэнзій ня маем. — Да каго не маеце — да міліцыі? — Не, што да ПДВ мы ня маем прэтэнзій. — А чаму яны іх не забралі? — Яны неяк паміж сабой дамовіліся».

Сьвіньня бруд знойдзе. Усё залежыць ад «чысьціні» позірку. Добрым людзям пашанцавала ўчора бачыць кранальнае сямейнае сьвята зь пераводам бабулек праз дарогу, мне ж Сусьвет падкінуў брутальную карцінку з акрываўленым хлопцам у паласатай «алькагалічцы», якога качалі нагамі па траве яго «браты». «Пашанцавала» назіраць, як твар чалавека пераўтвараецца ў крывавае месіва, а парушальнікам грамадзкага парадку міліцыя можа толькі паківаць пальцам: «Ну-ну, ня трэба так!», і супакоіцца на адказ «Мы больш ня будзем».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG