Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Іпатава: «Безь Янкі Брыля мне было б не да вершаў»


Галіна і Радзім Гарэцкія, Ягор Фядзюшын і Вольга Іпатава, Янка Брыль

4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Клясык беларускай літаратуры пражыў доўгае і насычанае жыцьцё, аднак некаторыя старонкі біяграфіі дагэтуль закрытыя нават ад ягоных калегаў па цэху.

Калі ў гэтым жыцьці нехта ўзяў мяне, прыўзьняў і паставіў на тую прыступку, зь якой я пайшла ў сваё далейшае жыцьцё, то гэта быў Іван Антонавіч. Часта жартам ён казаў, што ведаў Волю Іпатаву да яе нараджэньня. І гэта амаль што так, бо ён быў разам з маімі бацькамі ў партызанах, а пасьля ён быў рэдактарам раённай газэты ў Міры, дзе я і нарадзілася. Ён і мае бацькі вельмі сябравалі. Сяброўства засталося і пасьля таго, як Іван Антонавіч пераехаў у Менск.

Мама мая памерла, калі мне было чатыры гады, і так сталася, што я апынулася ў Горадні ў дзіцячым доме. Калі я ў старэйшых клясах пачала нешта рыфмаваць, то паслала гэтыя свае вершыкі Івану Антонавічу. І вось недзе на пачатку 1959-га прыйшоў выклік з Саюзу пісьменьнікаў на сэмінар маладых літаратараў у Каралішчавічах. І я, дзевяціклясьніца, чытала свае вершы на гэтым сэмінары, які вялі вельмі паважаныя мной пісьменьнікі. Гэта мяне так натхніла, што, прыехаўшы назад у дзіцячы дом, я пачала вельмі шмат пісаць і даволі актыўна друкавацца. Так што калі я паступала ва ўнівэрсытэт, то як для шаснаццацігадовай абітурыенткі творчы багаж мела ўжо даволі істотны.

Паступіць ва ўнівэрсытэт я паступіла, але тады тыя, што пасьля школы адразу паступілі, мусілі год перад вучобай недзе папрацаваць. Іх называлі «ўстановачнікі». І вось я апынулася ў такой сытуацыі, што ня маю ні жытла, ні працы, ні стыпэндыі. Ізноў мне дапамог Іван Антонавіч, і я стала працаваць машыністкай у дзяржарбітражы. За год вельмі добра асвоіла друкарскую машынку, што потым вельмі мне спатрэбілася ў маёй пісьменьніцкай працы. Свае творы я пісала адразу на друкарцы.

Сёньня я думаю, што мой творчы лёс без Івана Антонавіча склаўся б іначай. Хаця ўвогуле ў тыя часы, калі я пачынала, Саюз пісьменьнікаў вельмі пільна сачыў за моладзьдзю і як бы іх прыгалубліваў. Тым ня менш у маёй сытуацыі, калі не было маці і мала хто мне мог дапамагчы з родных, без апекі Івана Антонавіча, безь ягонага ўдзелу ў маіх складаных жыцьцёвых абставінах мой лёс мог пайсьці зусім па іншым шляху. Мне было б не да вершаў.

Пазьней таксама ён ня раз выручаў мяне. Хачу тут прыгадаць выпадак, калі я, на знак пратэсту супраць перасьледу Алеся Разанава за дамаганьне навучаньня ва ўнівэрсытэце па-беларуску, адмовілася прыняць грамату ЦК камсамолу Беларусі. Гэта было на нарадзе маладых пісьменьнікаў у Каралішчавічах. Пасьля майго дэмаршу камсамольскія кіраўнікі пакінулі нараду, і ўсе былі вельмі засмучаныя ў чаканьні нейкіх наступстваў. І вось на агульнай вячэры ўсе сядзяць такія прыгнечаныя, і тут Брыль падымаецца з келіхам віна і кажа: «А я прапаную першы тост за Волю Іпатаву». Усе ўзьнялі келіхі за гэты тост, павесялелі, загаварылі, атмасфэра разрадзілася. Хаця, канечне, праблемы ў мяне былі пасьля гэтага, але яны не былі такія ўжо страшныя, таму што Саюз пісьменьнікаў абараняў мяне, і ў першую чаргу, канечне, Іван Антонавіч. Ён тэлефанаваў у Гародню, дзе я працавала, і даводзіў начальству, што, маўляў, маладыя гарачыя і ўсе пратэстуюць. Мяне тады ня выкінулі з працы.

Я лічу, што Янка Брыль побач з Быкавым — наш лепшы беларускі пісьменьнік. Гэтыя дзьве асобы для мяне стаяць у адным шэрагу. Янка Брыль і жыцьцём сваім простым чалавечым, і жыцьцём творчым паказаў вялікую сілу нашай беларускай нацыянальнай літаратуры. І ён уваходзіць у лік лепшых пісьменьнікаў былога Савецкага Саюзу. Наогул, Янку Брыля я лічу адным з маякоў нашай літаратуры ня толькі ў сёньняшнім часе, але і ў будучым.

Вольга Іпатава (зьлева) з Натальляй Брыль і дачкой партызана Тацянай Дуднікавай (1959 год)
Вольга Іпатава (зьлева) з Натальляй Брыль і дачкой партызана Тацянай Дуднікавай (1959 год)

Янка Брыль і Вольга Іпатава на 200-я ўгодкі Яна Чачота ў Карэлічах
Янка Брыль і Вольга Іпатава на 200-я ўгодкі Яна Чачота ў Карэлічах
Міхал Іпатаў і Янка Брыль на адпачынку
Міхал Іпатаў і Янка Брыль на адпачынку

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG