Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў пра новыя санкцыі ЗША: «Расеі абвешчана гандлёвая вайна»


Дзьмітрый Мядзьведзеў (зьлева) і Ўладзімір Пуцін

Кіраўнік ураду Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што ўвядзеньне новых санкцый ЗША паклала канец надзеям Крамля на паляпшэньне стасункаў зь дзейнай амэрыканскай адміністрацыяй.

«Расеі абвешчана паўнавартасная гандлёвая вайна», — заявіў Мядзьведзеў. Паводле яго, санкцыйны рэжым «будзе захоўвацца дзесяцігодзьдзямі» і, паколькі абмежаваньні носяць «ўсёабдымны характар» і ня могуць быць адмененыя спэцыяльным распараджэньнем прэзыдэнта ЗША бяз згоды Кангрэсу, адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам, як лічыць Мядзьведзеў, «будуць вельмі напружанымі незалежна ад складу Кангрэсу ці асобы прэзыдэнта».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней заявіў, што ўвядзеньне новых санкцый ЗША «дэ-факта нічога не мяняе». На пытаньне аб тым, ці будзе Крэмль прымаць якія-небудзь меры ў адказ у дачыненьні да Злучаных Штатаў, Пяскоў адказаў, што такія меры «ўжо былі прынятыя».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 2 жніўня падпісаў закон аб новых санкцыях у дачыненьні да Расеі. Адпаведны законапраект раней ухваліў Сэнат ЗША. Дакумэнт, у прыватнасьці, абмяжоўвае максымальны памер інвэстыцый у нафтагазавыя праекты, а таксама дапускае ўвядзеньне пэрсанальных санкцыяў адносна расейцаў, якіх Вашынгтон лічыць датычнымі да кібэратакаў, карупцыі і парушэньняў правоў чалавека. Акрамя гэтага, закон абмяжоўвае магчымасьці прэзыдэнта ЗША — цяпер ён ня зможа зьняць санкцыі з Расеі без ухвалы Кангрэсу. Сам Дональд Трамп лічыць, што такім чынам закон «замахваецца на яго паўнамоцтвы».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней заяўляў, што Крэмль можа прыняць нейкія «меры ў адказ» пасьля ўвядзеньня новых санкцый ЗША. Пасьля гэтага Міністэрства замежных спраў Расеі запатрабавала скараціць колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў краіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG