Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не цярплю масавых захапленьняў. Джынсы зь дзіркамі на каленках альбо бясконцае пстрыканьне самога сябе.

Быў на востраве Закінтас, чытаю навіны: грэцкі студэнт рабіў сэлфі на скале і загінуў. Пасьля яго такі ж выпадак здарыўся з кубінкай, якая ўжо мела амэрыканскае грамадзянства. Жыць ды жыць. Але сэлфі на той самай скале!

У мястэчку Лаганас сьмяротна выцялі амэрыканца. За трыццаць сэкунд, як зафіксавалі відэакамэры. Што адбылося? Чалавек зрабіў сэлфі з бармэнкай. Бармэн і ахоўнік, грэк і сэрб, выштурхалі на вуліцу і далі пару кухталёў. Чалавек страціў жыцьцё… Ці вартае яно сэлфі?

Мне яшчэ трапіўся ў Закінтасе нечакана Канфуцый на пастамэнце
Мне яшчэ трапіўся ў Закінтасе нечакана Канфуцый на пастамэнце

Лаганас, куды я трапіў, месца для тысяч маладых лайдакоў, пераважна брытанцаў. Ёсьць дзьве асноўныя вуліцы, дзе няма дамоў, толькі бары. Шчытна, адзін пры адным. Можна ўбачыць абвестку: бясплатны алькаголь. На кожным кроку пазычальні квадрацыклаў, на якіх лётаюць дзень і ноч. Аднойчы прыехаў нейкі запатрабаваны дыджэй. Што рабілася! Сотні ўзбуджаных маладзёнаў у майках з назвай дыджэйскага клюбу прагнулі трапіць на дыскатэку. Адзін паляк абазнана паведаміў: у іх папулярныя балёнкі з закісам азоту, «весяляшчым газам», каб набыць пачуцьцё эўфарыі. Што праўда, «газанутыя» не агрэсіўныя, хутчэй утрапёныя.

Адзін плюс: у Лаганасе ідэальнае мора. Асабліва файны пляж у запаведніку чарапах. Яны адклалі ў чэрвені яйкі ў пяску, кожнае месца пазначана і знаходзіцца пад аховай. Самі чарапахі жывуць у моры.

Тут адкладзеныя яйкі марской чарапахі
Тут адкладзеныя яйкі марской чарапахі

На Закінтас я трапіў выпадкова. Што ён мне даў? Новыя ўражаньні, веды, новыя далягляды.

Сталіца вострава ня мае чароўнасьці некаторых іншых грэцкіх гарадоў, хоць будавалі вэнэцыянцы. У 1953 разбурыў землятрус. Ацалелі пара храмаў. Астатняе пераважна «новароб», але пляніроўка, выгляд, ясна, захаваныя, КПСС тут не кіравала. Першы прыпынак каля праваслаўнага сабору. У царкоўнай крамцы дзясяткі абразоў. Залачоныя, але даволі густоўна. Сярод патрыярхаў ды іншых сьвятароў трапляецца мужчына ў мундзіры. Са школьнага падручніка памятаю: адмірал Ушакоў. Зь німбам над галавой, як мае быць сьвяты. Меншы абразок за 14 эўра, большы — за 34.

Недзе і бюст адміральскі стаіць, але я не шукаў. У кастрычніку 2013-га было цэлае сьвята «рускага сьвету» на Іянічных астравах. Тут бюст паставілі, ганаровая варта была з Чарнаморскага флёту, на суседнім востраве прайшлі маршам па вуліцах і набярэжнай расейскія марскія пехацінцы з аркестрам, царкву сабраліся будаваць з ушакоўскім алтаром. Пасьля захопу Крыму грэкі наўрад ці дазволілі б такое.

Калі ўся Грэцыя была пад туркамі, Іянічныя астравы належалі Вэнэцыі, іх адабралі французы, Павал І паслаў Ушакова, і той выбіў французаў. Пад расейскім пратэктаратам паўстала Рэспубліка сямі астравоў. Пад соўсам «праваслаўнага братэрства». Адмірал сьціпла паведаміў, што Расея ня мае намеру далучыць астравы. Ясна, не было паўнамоцтваў. Дый злаваць не выпадала некаторых іншых, англічан, напрыклад. Але цікавасьць да міжземнаморскіх мясьцінаў яўна існавала ў цара: праваслаўны, а ўзначаліў Мальтыйскі ордэн. І як яму гэта ўдалося, стаць вялікім магістрам? І Басфор з Дарданэламі, мабыць, ужо пачыналі сьніцца.

Царква, дзе прадаюцца абразкі сьвятога адмірала
Царква, дзе прадаюцца абразкі сьвятога адмірала

Некалі, калі я пабываю зноў у Крыме, у царкоўнай крамцы мне трапяцца на вочы залачоныя абразкі з Пуціным. Зь німбам. Хто-хто, а ён ня менш заслужыў, чым той адмірал. Крым «вызваліў», ды яшчэ пад падвойным праваслаўным соўсам: у Херсанэсе, хлопцы, князь Уладзімір хрысьціўся з язычнікаў, а мы цёзкі, «тут русская земля, тут Русью пахнет». І міжземнаморскія берагі ВВП таксама неабыякавыя, як вядома.

Наступная за закінтаўскай царквою школка, зачыненая на лета, ясна. А на сьцяне шыльда мэмарыяльная. І на шыльдзе імя Георгіаса Папандрэу і дата: 1932. Прозьвішча знаёмае. У 1932-м ён быў міністрам адукацыі, значыць, наведваў школку на Закінтасе як чыноўнік. Сам ён чысты грэк, а вось першая жонка Зоф’я зь Мінэйкаў была «напалову полькай». Няхай даруюць патрыёты: сам некалі глядзеў па Варшаве гутарку з Мінэйкам, нашчадкам, дык ён увесь час казаў, што «мы палякі».

Такім чынам, сын Георгіаса Андрэас быў часткова зь Мінэйкаў, і сын Андрэаса Георгіас малодшы, таксама. Сям’я знакамітая: дзед, сын і ўнук былі прэм’ер-міністрамі Грэцыі! Найменш унук, дзед таксама нядоўга, але некалькі разоў. А вось Андрэас Папандрэу недзе каля дзесяці гадоў узначальваў урад у Афінах.

Помнікаў я у горадзе бачыў толькі два-тры, а так усё бюсты. На поўны рост на плошчы Дэмакратыі стаіць на пастамэнце Дыянісіёс Саломас. Паэт. Ён быў мясцовым, напісаў верш «Гімн свабоды», які стаў гімнам усёй Грэцыі. У Закінтасе і аэрапорт мае імя Саломаса. Ну, а наш Скарына да такой пашаноты не дарос, хоць 500-годзьдзе першай кнігі сёлета адзначаем нібыта. Мы ня грэкі.

Пляц Дэмакратыі
Пляц Дэмакратыі

На плошчы таксама помнік жанчыне, увасабленьне свабоды і дэмакратыі, і голубу з адным крылом.

І зусім нечакана стаіць выкапаны Пушкін. Усе надпісы, ясна, толькі па-грэцку. Давялося папацець, каб высьветліць, што Пушкін толькі браў прыклад з гэтага чалавека, што датычыць выгляду — шавялюра, бакенбарды. Гэта бюст вядомага італьянскага паэта Нікола Уга Фаскола, ураджэнца Закінтаса. Бацька вэнэцыянскі доктар, маці грачанка. Аляксандру Сяргеевічу гэта грэла душу: дзед жа ў яго быў «арапам». І біяграфія не магла не падабацца: змагар за свабоду Італіі, у напалеонаўскіх шэрагах. (Што праўда, Напалеон яго расчараваў амаль адразу. Кінуў-рынуў: 1798 год. Якраз адмірал Ушакоў вызваліў малую радзіму Фаскола.) У дадатак яшчэ так настальгічна пісаў аб сабе італьянскі паэт з Закінтаса: «І вось мяне, каторага прагналі ў чужыя землі сумленьне, час і гонар…» Аляксандру Сяргеевічу было гэта сугучна: Адэса, Кішынёў, Бахчысарай.

Бюст паэта Нікола Уга Фаскола
Бюст паэта Нікола Уга Фаскола

Апошняя нагадка пра далёкую «радзіму» — супавая талерка са штампам «Made in USSR» у гаспадара тавэрны, у якога мы кватаравалі. Прычым навюткая, а такая была ў нашай сям’і, калі я ў пачатковую школу хадзіў. Распытаць нейк не выпадала дый навошта? Ён нас за палякаў прымаў, зьвяртаўся часам па-польску, мы адказвалі. Чаго варушыць мінулае? А талерку я сфатаграфаваў.

Талерка «Made in USSR»
Талерка «Made in USSR»

Між іншым, у грэкаў Дзень незалежнасьці 25 сакавіка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG