Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэр з Украіны атрымаў 12 гадоў турмы ў Расеі за падрыхтоўку тэрактаў


Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне
Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне

Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд 31 ліпеня прысудзіў 61-гадовага ўкраінца Аляксея Сізановіча да 12 гадоў пазбаўленьня волі і штрафу 250 тысяч рублёў.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, пэнсіянэр нібыта падрываў цягнікі на тэрыторыі самаабвешчанай «ЛНР», быў схоплены там мясцовымі сілавікамі, але здолеў зьбегчы, скокнуўшы ў раку з моста, а празь месяц яго злавілі расейскія памежнікі, калі ён плянаваў тэракты ў Растоўскай вобласьці.

Сам Сізановіч на судзе заявіў, што плаваць ён ня ўмее, але віну ў выніку прызнаў.

Паводле яго словаў, ён нарадзіўся 23 сакавіка 1956 году ў Кіеўскай вобласьці, а жыве ў Краснадоне Луганскай вобласьці. Краснадон з 2014 году кантралююць сэпаратысты «ЛНР».

Паводле вэрсіі сьледзтва, у красавіку 2014 Сізановіч стварыў у Кіеве «злачынную групу для падрыхтоўкі тэрактаў» і вырабляў выбуховыя прылады. Зь іх дапамогай, у прыватнасьці, былі падарваныя дзьве цыстэрны ў раёне Краснадону.

У Расеі Сізановіч нібыта плянаваў закласьці адно выбуховае прыстасаваньне ў сьметніцу каля чыгуначнага вакзалу Каменск-Шахцінскі, іншае — у сьметніцу на аўтобусным прыпынку, а міны раскласьці на шляхах станцыі «Ліхая». Сьледчыя ФСБ настойваюць, што тэракт павінен быў адбыцца ў дні выбараў у Дзяржаўную думу — 17 або 18 верасьня 2016 году, але не адбыўся «па незалежных ад Сізановіча абставінах».

«Медиазона» адзначае, што на судзе ў якасьці сьведкаў выступалі людзі, зьвязаныя зь сілавымі структурамі самаабвешчанай «ЛНР». Пры гэтым усе 10 чалавек, паказаньні якіх ёсьць у справе, адмовіліся зьявіцца ў суд і даслалі тэлеграмы з просьбай правесьці слуханьні бязь іх.

Прадстаўнікі ўкраінскага консульства ў Растове-на-Доне спрабавалі трапіць да Сізановіча, пакуль ён утрымліваўся ў СІЗА ў Растове, але да абвешчаньня прысуду так і не змаглі гэтага зрабіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG