Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб іншым непанадна было: з БАТЭ «сышлі» футбаліста, які пакрытыкаваў трэнэра


Ілюстрацыйнае фота

Абаронца футбольнага клюбу БАТЭ Максім Жаўнерчык сышоў з БАТЭ, як удакладняецца на камандным сайце, па згодзе бакоў. Аднак спартовыя аналітыкі лічаць, што стабільнага гульца асновы пакаралі за «доўгі язык».

Адразу пасьля гульні кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў з армянскім «Алашкертам», якую на «Барысаў-Арэне» выхаванцам Аляксандра Ермаковіча ледзь удалося зьвесьці да нічыйнага выніку, Максім Жаўнерчык рэзка скрытыкаваў узровень калектыву.

«За вынік адказвае трэнэр. Калі будзе праваленая восень, то трэба або звальняць трэнэра, або разганяць футбалістаў. Іншага выбару няма, гэта будзе правільна», — перадае ягоныя словы tribuna.com.

Ад таго дня Жаўнерчык не правёў за БАТЭ ніводнага матча. У якасьці прычыны называлася нібыта атрыманая ім траўма, але пра падрабязнасьці здарэньня ў штабе так і не расказалі.

Тым ня меней пасьля выязнога матча з «Алашкертам» галоўны трэнэр БАТЭ Аляксандар Ермаковіч усё ж мусіў патлумачыць, чаму ня ўзяў у Ерэван Максіма Жаўнерчыка:

«Скажу так: у БАТЭ інтарэсы каманды заўсёды стаяць вышэй за эмоцыі асобных гульцоў», — працытаваў настаўніка БАТЭ спартовы партал tribuna.com.

Зрэшты, сам Ермаковіч пасьля выйгрышу ў армянскага клюбу выказаўся досыць самакрытычна: «Калі б мы не прайшлі „Алашкерт“, нам бы ў Беларусі гэтага ніхто не дараваў».

Разам з БАТЭ Максім Жаўнерчык двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі, заваёўваў Кубак краіны і тройчы выйграваў Супэркубак. У сэзоне 2015/2016 гадоў выступаў у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў.

XS
SM
MD
LG