Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няправільны» гімн


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Беларусам давядзецца шукаць кансэнсус. І выпадак са Скварцовай паказвае, што ён можа быць дасягнуты праз велізарныя духоўныя высілкі, праз пераадоленьне пэўнай пазыцыі, а не праз напаўненьне правільным зьместам пустаты.

Беларуская спартоўка Віялета Скварцова стала пераможцай у трайным скачку на юніёрскім чэмпіянаце Эўропы па лёгкай атлетыцы ў італьянскім Грасэта. Падчас цырымоніі ўзнагароджаньня запусьцілі гімн іншай краіны, і Віялета на знак пратэсту пакінула пастамэнт.

Чаму ўчынак маладой беларускі выклікаў такую вялікую зацікаўленасьць і гарачыя спрэчкі ў Байнэце? Ужо даволі даўно палітычныя навіны не выклікаюць і малой долі такога інтарэсу. Не, такія, як маштабны хапун сёлета на Дзень волі, дык выклікаюць. Але збольшага — не.

Але ці вынікае з гэтага проста тое, што грамадзтва апатычнае, атамізаванае, што людзей наагул нічога не цікавіць, акрамя асабістага лёсу і дабрабыту? А вось і не. Грамадзкая энэргія, зацікаўленасьць проста трансфармаваліся, яны факусуюцца на іншым.

Учынак і ідэнтычнасьць

Першы фокус — учынак. І другі — ідэнтычнасьць, адказ на пытаньне «хто мы». У дэмаршы Віялеты Скварцовай спалучылася і адно і іншае.

Сыход з пʼедэсталу — гэта нечаканасьць. Вось выхад на вуліцу з палітычным пратэстам некалькіх дзесяткаў ці соцень чалавек успрымаецца як руціна — дожджык ідзе, аўтобусы езьдзяць, апазыцыя мітынгуе, усё, як заўжды. Насамрэч удзельнікі тых акцыяў рызыкуюць куды больш, чым Скварцова, і дорага плацяць за свой выбар. Але звыкла. А так, як Скварцова — упершыню.

І важны момант — сама, уласны душэўны парыў. Ніякае спартовае начальства не магло прадугледзець, што арганізатары спаборніцтва могуць пераблытаць гімны, ніхто ня мог загадаць спартоўцы, як ёй паводзіць у такой малаімавернай сытуацыі. Спантанасьць у чыстым выглядзе.

Дарэчы, яшчэ адна тэма, якую зараз публіка горача абмяркоўвае — гэта дадзеныя апытаньня Гэлапа, паводле якіх беларусы — самы неэмацыйны народ. Таксама, між іншым, пра ідэнтычнасьць, пра тое, якія мы. Але калі казаць пра сутнасьць, пра зьмест, то натуральна, што народ, ня схільны да фантанаў жарсьці, асабліва высока цэніць прыгожыя эмацыйныя жэсты.

Ну а чаму ж спрачацца сталі вакол жэсту Скварцовай? Бо ён — не пра яе асабіста, а пра ўсіх беларусаў. Чырвона- зялёны ці бел-чырвона-белы, «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» ці «Мы, беларусы, мірныя людзі» — гэта не адно пра палітычныя пазыцыі, пра стаўленьне да дзейнага кіраўніка дзяржавы, а пра рэчы больш глыбокія. «Мы, беларусы» — якія, хто?

Няма дэманстрацыі — няма каштоўнасьці?

Спрэчку, жарсьці ўчынак Скварцовай спарадзіў яшчэ адной нечаканасьцю. Той, якая выкліканая пэўнай несымэтрычнасьцю ролі сымбаляў. Скажам, ня так ужо і шмат беларусаў вешаюць на сваіх машынах бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Але ня так і мала. І розныя, вельмі розныя людзі гэта робяць. Як ёсьць і тыя, хто вешае георгіеўскія стужкі. А чырвона-зялёныя? Наўскідку, такіх менш, чым тых, хто вешае хоць бел-чырвона-белыя, хоць георгіеўскія.

З гэтага некаторыя робяць выснову, што нікому тыя афіцыйныя сымбалі нецікавыя, што ніякай каштоўнасьці ні для каго яны не ўяўляюць. Не дэманструюць, не ўзьнімаюць, не вешаюць — значыць, і абыякавыя. Адсюль, у сваю чаргу, робіцца выснова, што калі зьменіцца ўлада, а зь ёй і сымбалі, то пройдзе гэта гладка, ну няма ж нікога, для каго дарагія «закат над балотам» і «капуста».

А вось і не. І тут дарэчы ўзгадаць тую самую беларускую неэмацыйнасьць. Шмат хто заўважае, што гэта — ня толькі і можа ня столькі адсутнасьць эмоцыяў, як такая, колькі звычка, культурная асаблівасьць, якая прымушае эмоцыі падаўляць і хаваць. Не прынята дэманстраваць свае пачуцьці хоць да іншых людзей, хоць да радзімы. «Люблю Беларусь» — не прынята гэтага казаць і гэта дэманстраваць. Хіба начальства загадае.

Зразумела, гэта не пра ўсіх. У любым грамадзтве ёсьць людзі розных тэмпэрамэнтаў, розных эмацыйных тонусаў, але размова ідзе пра паводзіны мэйнстрыму, беларускай большасьці. Але ў крытычнай сытуацыі гэты мэйнстрым свае эмоцыі, пачуцьці не дэманструе, а праяўляе.

Памятаю, ў 2004 годзе, падчас першага беларуска-расейскага газавага крызісу браў інтэрвію ў расейскага палітоляга, блізкага да Крамля, Сяргея Маркава. Ён мне казаў — беларусы любяць Расею, шануюць Пуціна, хочуць таннага газу, праз пару месяцаў у Беларусі паўстане моцны прарасейскі рух. Недзе праз паўгода пацікавіўся ў маскоўскага суразмоўцы — ну і як рух, і дзе рух? І праўда ж нібыта — і любяць, і шануюць, і хочуць. Але прынамсі ня ўся праўда. Яны, аказваецца, і Беларусь любяць. Нехта ў асобе Лукашэнкі, нехта, ненавідзячы яго, іншыя, і можа нават большасьць, глядзіць так, што сёньня ён начальнік, заўтра іншы будзе, але Беларусь была, ёсьць і будзе. Па-над усё, назаўжды, даражэй за ўсё — так ня скажуць, нясьціпла неяк. Гэта пакажуць. Пры нагодзе, калі «прабʼе».

Як Скварцову «прабіла». Склалася ўнікальная сытуацыя, калі беларуска яўна паказала свой патрыятызм. Так, чырвона-зялёны, так бы мовіць. Ён такі ёсьць. Для некага — нечакана. Век жыві — век вучыся.

Кансэнсус ці перамога?

Але самая дыскусія, спрэчка, якую спарадзіў учынак спартоўкі — паказьнік расколу ў беларускім грамадзтве, прычым не палітычнага нават, а наконт ідэнтычнасьці. У іншай краіне такі жэст мог бы выклікаць моцныя пачуцьці, але ня спрэчкі.

Аднастайнасьць — зусім не ідэал. Але без кансэнсусу па базавых рэчах грамадзтва ўнутрана няўстойлівае. Як яго дасягнуць? Выпадак са Скварцовай абвяргае звыклую для многіх трактоўку, паводле якой ёсьць сапраўдныя беларусы пад сапраўднымі беларускімі сымбалямі і нешта-нейкае, безаблічнае, якому сапраўдныя беларусы мусяць накінуць сапраўдную беларускасьць.

Асабіста Скварцова на пʼедэстале ў Італіі паказала замежнікам, што яна — ня нешта-нейкае. Хто захацеў усьвядоміць, магчыма, і ў Беларусі зразумеў, што яна і безьліч такіх, як яна — гэта беларусы. Не «і яны беларусы», не «менавіта яны і ёсьць беларусы», а проста — беларусы. Як і тыя, у каго ўчынак спартоўкі выклікаў раздражненьне і нават абурэньне.

Беларусам давядзецца шукаць кансэнсус. І выпадак са Скварцовай паказвае, што ён можа быць дасягнуты праз велізарныя духоўныя высілкі, праз пераадоленьне пэўнай пазыцыі, а не праз напаўненьне правільным зьместам пустаты.

Не, верыць у непераможную сілу ўлады, дзяржавы нікому не забаронена. Вось калі мы станем уладай, дык і загадаем усім... І ўсе падпарадкуюцца? А калі не? А пераканаць вось канкрэтную Віялету Скварцову сёньня — не, не варыянт, ня мэта?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG