Напэўна, у кожнай вёсцы ёсьць такія дамы, якія людзі называюць «прэзыдэнцкімі». Бо пабудаваныя па волі вышэйшага кіраўніка. Для шчасьлівых маладых калгасьнікаў. Я часта сустракаю гэтыя дамы-прывіды ў розных вёсках. Дзе даўно не засталося ні шчасьлівых, ні маладых. Але ў вёсцы Чухны, што пад Крэвам, зарастае пустазельлем цэлая «прэзыдэнцкая» вуліца. Зь пяці дамоў.
Вось гэты дом аблюбавалі авечкі. А хто ў наступным церамочку хоча жыць? Сьвінкі? Ці, можа, кароўкі? Месца хопіць усім. Маладыя шчасьлівыя калгасьнікі ня зьявяцца. Бо іх не бывае ў прыродзе. Старыя калгасьнікі адышлі. А ў маладых свае паняцьці пра шчасьце. І гэта дакладна ня шчасьце пажыць у сырых сьценах за права працаваць за грашы.
Гледзячы ў сумныя вочы авечак, менш за ўсё хацелася разважаць – колькі ж гэтае шматгадовае «адраджэньне сяла» каштавала. Але было б справядліва, каб «прэзыдэнцкія дамы» нарэшце набылі свайго законнага гаспадара. Чаго дабру прападаць? Тым больш падказка ад народа ёсьць. Трэба прыбраць двукосьсі. І хай усё гэтае архітэктурнае багацьце нарэшце будзе аддадзенае законнаму гаспадару. Колькі іх стаіць па ўсёй краіне? Сто дамоў? Ці тысяча? Шыльды павесіць на кожным будынку. «Дом Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Ахоўваецца дзяржавай». Варта было ініцыяваць грамадзкую кампанію па ўсталяваньні такіх шыльдаў.
Але Чухны вёскай зачуханай ніяк не назавеш. Бо на іншым канцы вёскі стараньнямі мастака Сяргея Бандарэнкі паўстае сапраўдны Крэўскі замак. З сапраўдных цаглін. З сапраўдных камянёў. Маштабам 1:10. Адна вежа ўжо стаіць. Растуць сьцены. Але галоўнае – паглядзець на гэты замак ужо едуць людзі. Іх будзе з кожным годам усё болей. Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве Чухны стануць абавязковым пунктам для турыстаў, што едуць адмыслова ў Крэва. Паглядзелі на руіны вялікакняскай цьвердзі? А цяпер паглядзім на вобраз замка. Створаны адным чалавекам.
Цікава паглядзець, як на адной чухнаўскай вуліцы папрацавалі два чалавекі. Адзін – усемагутны фараон зь бюджэтам краіны ва ўласнай кішэні, з тысячамі халуёў і мільёнам рабоў. Другі – апантаны прыгожай ідэяй мастак, які можа разьлічваць толькі на свае рукі. Як вы думаеце, што застанецца ў Чухнах праз гадоў сто ад дзейнасьці аднаго і другога? Чыя піраміда выстаіць?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.