Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дэсантнікі паабяцалі паказаць, што яны «інтэлігентныя і п’янымі ў фантанах не купаюцца»


Плякат да фэсту «Рыцары неба», крыніца — minsknews.by

У Беларусі 29 ліпеня адзначаць Дзень дэсантніка (звычайна адзначаецца 2 жніўня ў гадавіну першай высадкі савецкага дэсантнага падразьдзяленьня пад Варонежам). У Менску на ўзьбярэжжы Сьвіслачы побач з Палацам спорту пройдзе фэст «Рыцары неба».

У межах фэсту заплянаваны турнір ручнога бою, выстава вайсковай тэхнікі, дэманстрацыя наземных практыкаваньняў для скачкоў з парашутам, «прыцэльныя» скачкі з парашутам на абмежаваную пляцоўку, высадка парашутыстаў на ваду з «навучальным боем», а таксама розныя музычныя выступы і конкурс «Міс дэсантура».

Член Палаты прадстаўнікоў і былы генэральны прадусар тэлеканалу «Беларусь-1» Міхаіл Мілаванаў выступіць на сьвяце дэсантнікаў у ролі «менскага рыцара Міхаіла», а член Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк — у ролі судзьдзі ў конкурсах вайсковых відаў спорту.

Арганізатары заявілі агенцтву «Менск-навіны», што хочуць зрабіць фэст «сямейным сьвятам»:

«Мы хочам паказаць, што нашыя байцы і абаронцы — людзі інтэлігентныя і прыстойныя, п’янымі ў фантанах ня купаюцца».

На Дзень дэсантніка нярэдка здараюцца канфлікты былых вайскоўцаў нападпітку між сабой і зь мірнымі жыхарамі. Апошнімі гадамі на Дзень дэсантніка вадалівы ахоўвае міліцыя і АМАП, але ўдзельнікі сьвята ўсё адно прарываюцца і купаюцца ў фантанах.

XS
SM
MD
LG