Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік Кляўко застаецца пад арыштам, ён прыпыніў кантакты з адвакатам і жонкай


Ігар Кляўко

Беларускі добраахвотнік Ігар Кляўко, які зь лютага знаходзіцца ў Марыюпальскім сьледчым ізалятары Данецкай вобласьці паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве жыхара паселішча Мангуш, застанецца пад арыштам да 17 верасьня.

«Я адзіная была на пасяджэньні суду, калі ухвалялі рашэньне пра падоўжаньне трыманьня пад вартаю. Ён у вельмі цяжкім псыхалягічным стане. Ні зь кім не размаўляе — ні з адвакатам, ні нават са мной. Але я працягваю дасылаць яму перадачы», — паведаміла Свабодзе грамадзянская жонка беларускага добраахвотніка Валянціна Сакалова.

Цяпер ён наагул ні з кім не кантактуе.

Паводле яе, на судовым паседжаньні Ігару Кляўку стала кепска і яму выклікалі хуткую дапамогу. «У яго быў нізкі ціск, але на момант аказаньня дапамогі мяне выдалілі з залі. Цяпер ён наагул ні з кім не кантактуе. Хто б да яго не прыйшоў — адмаўляецца выходзіць на спатканьне», — дадала Валянціна Сакалова.

Ягоны адвакат Ірына Галоўчанка ў размове са Свабодай пацьвердзіла гэтую інфармацыю. «Ігар ужо 10 дзён ні зь кім не размаўляе», — адзначыла яна.

Ігар Кляўко, больш вядомы пад пазыўным «Леў», разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сэктар» прайшоў амаль усе гарачыя пункты антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пяскі.

Сёлета ў лютым яго ўзялі пад варту паводле падазрэньня ў выкраданьні і наўмысным забойстве.

У чэрвені Ігар Кляўко абвясьціў галадоўку, патрабуючы ў дачыненьні да сябе зьмены меры стрыманьня. Праз тры тыдні жонцы ўдалося пераканаць яго спыніць галадоўку.

XS
SM
MD
LG