Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подзьвіг № 1: Мы ішлі па газоне насустрач АМАПу


Алена Германовіч

Ах, каб у нас было так, як у Эўропе! Але ў нас ня так, як там. А там ня так, як у нас. Гуляем па парку зь беларускай, якая нарадзілася тут, але ўсё сьвядомае жыцьцё правяла за акіянам. Цяпер па дакумэнтах яна грамадзянка іншай краіны. Прыехала на радзіму, нанава знаёміцца з пасталелай бацькаўшчынай, паціху спрабуе заплысьці ў нашы жыватворныя глыбіні народнага духу. Яна хацела б тут асесьці на некаторы час, але вагаецца. Канечне, на вуліцах чыста, і бандыты з ножыкамі не заходзяць у гарадзкія аўтобусы, каб забраць у пасажыраў мабільныя і грошы. Тут так нахабна грошы не забяруць. Але каб нешта забраць — трэба спачатку зарабіць, тут з гэтым праблема. Яна мела розныя ідэі для заробку грошай, для дробнага бізнесу, але… Яе агонь патушылі не прадстаўнікі ўлады, спэцслужбаў, падатковай, міліцыі — тыя можа і не падазраюць пра яе існаваньне, а добразычліўцы, нашы знаёмыя, зь якімі яна падзялілася ідэямі. «Не, не, не!» — махалі рукамі, як ветракамі, і амаль лямантавалі яны, маладыя здаровыя хлопцы 30+, калі жанчына пачала агучваць свае ідэі пра пастаўкі кавы ці рому, пра воркшопы, майстар-клясы па танцах, тэатральны ці псыхалягічны гурток. «Ні ў якім разе! Ня будзьце вар’яткай! За вамі прыйдзе падатковая! Вас у лепшым выпадку дэпартуюць! Вашы мяхі з кавай і кантэйнэры з ромам не прапусьціць мытня, бо ў вас ня хопіць якой-небудзь паперкі! Вас задушаць штрафамі і пасадзяць у турму! Не ўздумайце нават, сядзіце ціха, не прыцягвайце ўвагу!», — раілі суайчыннікі.

да вас прыйдзе міліцыя, падатковая, КДБ!

А практыку па псыхалёгіі? А танцы ці майстар-клясы па стравах краінаў Цэнтральнай Амэрыкі? «Да вас прыйдзе міліцыя, падатковая, КДБ!», — землякі былі катэгарычныя і ўпэўненыя. Яны горача тлумачылі пра жахі жыцьця ў гэтай краіне, і страх задаволена плёскаўся ў іх вачах, падымаў пырскі, даваў нырца ў тыя «жыватворныя» глыбіні. Выплываючы на паверхню, абкідаў усіх брудам і багавіньнем, якія прыхопліваў на дне гэтай Марыянскай упадзіны, дзе пад вялікім ціскам усіх плюшчыць так, што маці не пазнае.

«Вы ня ведаеце жыццё Тут! Гэта страшна! За ўсімі намі сочаць! — амаль шапталі ўжо суразмоўцы і інстынктыўна адсоўваліся адзін ад аднаго. — Вы ведаеце, якія зараз ёсьць праграмы і тэхнічныя магчымасці!». Спрабавала ўставіць свае пяць капеек, што нікому яны і я асабліва ня трэба, і нават калі сочаць — хай сабе, чаго нам баяцца, калі мы ня робім злачынства і не задумалі выбухі. На мяне глядзелі мінімум як на дурніцу, максімум — як на «агента». А што — праўда, прадстаўнікі гарвыканкаму ці міліцыі ходзяць па ўсіх кватэрах і палохаюць небаракаў? Ці яны самі падчапілі недзе гэты пэдыкулёз і разносяць заразу па сябрах і знаёмых — замест таго, каб абліць галаву газай, ці пастрыгчыся нагала?

мясцовая вар’ятня ўжо гасьцінна прыняла новых кліентаў з пагонамі

Уявіла, што за мной пільна сочыць — праслухоўвае ўсе тэлефонныя і хатнія размовы які-небудзь няшчасны лейтэнант КДБ — і прасякнулася жахам. Бедны, гаротны… Я такія кілятоны размоваў на такі шырокі дыяпазон, на ўсе на сьвеце тэмы ў рэжыме нон-стоп ня вынесла б. Калі гэта так, то мясцовая вар’ятня ўжо гасьцінна прыняла новых кліентаў з пагонамі.

…У маёй новай знаёмай, гляджу, імпэту паменшала. Яна пачала разважаць, што ня так блага было ў той краіне за акіянам. Хай там у гарадзкіх аўтобусах часам з ножыкамі забіралі грошы, але і зарабіць іх назаўтра таксама было больш рэальна. Яна нават пачала гаварыць як суайчыньнікі, а шырокую ўсмешку на твары скалечылі нейкія трагічныя і незадаволеныя рыскі.

мы бралі больш управа, АМАП ішоў улева

«Ах, вось ідзем зараз па парку, і толькі па сьцяжынках з пліткі… А ў Эўропе тут бы на лагчынках гэтых, на газоне сядзелі б ці ляжалі людзі, і ніхто б іх не чапаў!», — заўважае яна. Прапаноўваю спраўдзіць такую інфармацыю — легчы ці сесьці на траву, о проста зараз, і паглядзець, што будзе. «Не, не, нас забярэ міліцыя!», — упэўнена яна. Добра, ня легчы ці сесьці — гэта потым, давайце спачатку проста пойдзем па траве, тым больш гэта прыемна і зручна, і шлях значна скароцім. Яна ўпарціцца, кажа, што можа нельга, што можа гэта засеяны газон… Кажу ёй пра тое, што тут няма шыльдаў ніякіх, акрамя як у нашых галовах — запаленае чырвонае сьвятло на зламаных святлафорах, псыхалягічны дальтанізм. Насупраць нас, на паралельнай сцяжынцы, заўважаю двух супрацоўнікаў АМАПу. Ідуць сабе, нага за нагу, мэдытуюць на Сож. Якраз зручны момант, ну, давайце ж! Моцна ўхапіла яе пад локаць і практычна пацягнула па траве ці газоне, якая розніца. Спачатку яна ледзь не самлела, але потым крокі зрабіліся больш упэўненымі. І вось мы ўжо перасеклі лагчынку, трымаючыся пад рукі, і стаім на цьвёрдай плітцы. Мы бралі больш управа, АМАП ішоў улева. Ішоў і прайшоў. Але вось яны спыніліся на тым баку, і глядзяць на нас. Глядзяць і глядзяць. Паглядзелі і пайшлі далей. Яшчэ б ім справа была да кабетак, якія зьдзейснілі Подзьвіг № 1 і прайшлі па траве!

У нас запланаваны Подзьвіг № 2 — сядзець на траве ў парку.

…Неяк я нават хадзіла «па пуцях». Прыехалі сярод ночы ў Гомель, цягнік спыніўся вельмі далёка ад падземнага пераходу, і таму пайшлі са спадарожнікам «па пуцях». Калі да вакзалу заставаліся тры ці чатыры «пуці», якраз насупраць на пэроне заўважылі міліцыянэра. Ён нас сустрэў і злосна выгаварыў: «Мяне ня так злуе, што вы ішлі па пуцях — хай сабе, як тое, што вы, бачачы мяне, ўсе роўна працягвалі ісьці!».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG