Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп назваў Вашынгтон «памыйнай ямай»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыбыў у Заходнюю Вірджынію, дзе яго чакалі 40 тысяч бойскаўтаў. Трамп сказаў ім, што быў рады зьехаць з Вашынгтону, які ён апісаў як «памыйную яму» і «сьцёкавую канаву».

«Хто наагул хоча гаварыць пра палітыку?» — выгукнуў Трамп, заявіўшы хлопчыкам, што хоча гаварыць пра тое, як яны могуць увасобіць свае мары. Але ўжо неўзабаве ён зноў вярнуўся да палітыкі, і аўдыторыі гэта вельмі спадабалася. Падлеткі пачалі крычаць, як быццам глядзелі двубой у вольнай барацьбе.

«Я прыяжджаю ў Вашынгтон і бачу ўсіх гэтых палітыкаў, бачу гэтае балота, і гэта нядобрае месца».
Дональд Трамп

«Я прыяжджаю ў Вашынгтон і бачу ўсіх гэтых палітыкаў, бачу гэтае балота, і гэта нядобрае месца, — сказаў Трамп. — Сёньня я кажу, што замест слова „балота“ нам трэба выкарыстоўваць словы „памыйная яма“ ці „сьцёкавая канава“».

«Гэта нядобрае месца. Я бачу, што адбываецца, і, паверце мне, мне значна больш падабаецца быць з вамі», — дадаў ён.

Ён сказаў хлопчыкам, што СМІ несумленныя і не пакажуць іхны зьлёт у тэлевізіі. «Ілжывыя СМІ, хлусьлівыя СМІ», — сказаў Трамп пад гул ухвалы і сьвіст аўдыторыі.

Але самыя гучныя аплядысмэнты і насьмешкі пачуліся, калі Трамп згадаў свайго папярэдніка, прэзыдэнта Барака Абаму, які адхіляў прапановы выступіць на зьлёце скаўтаў, калі знаходзіўся пры ўладзе.

«Дарэчы, проста пытаньне: прэзыдэнт Абама хоць раз прыяжджаў на зьлёт?» — спытаў Трамп.

Абама крытычна ставіўся да забароны чальцоўства ў арганізацыі для геяў. У 2015 годзе гэтая забарона была канчаткова скасаваная.

Паводле прэзыдэнта Трампа, у ягоным кабінэце і Белым доме працуюць 10 былых бойскаўтаў. Некаторых зь іх, у тым ліку міністра аховы здароўя Тома Прайса, ён запрасіў падняцца на сцэну, каб паказаць прыклад лідэрскай ролі бойскаўтаў на практыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG