Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шмат хто ў Вашынгтоне занепакоены заявамі Трампа пра Расею


У нядзельным інтэрвію прэзыдэнт зноў выказаўся ў абарону расейскага лідэра.

Праваабарончыя арганізацыі, шэраг амэрыканскіх заканадаўцаў, некалькі адстаўных генэралаў і былых паслоў выказалі трывогу наконт камэнтароў прэзыдэнта Дональда Трампа ў абарону расейскага лідэра Ўладзіміра Пуціна, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У інтэрвію тэлеканалу Fox, якое трансьлявалі ў нядзелю перад Суперкубкам, Трамп зноў заявіў, што паважае Пуціна. Калі вядучы Біл О’Рэйлі аспрэчыў меркаваньне Трампа, назваўшы расейскага прэзыдэнта «забойцам», Трамп адказаў: «У нас поўна забойцаў. А што вы думаеце, наша краіна такая ўжо нявінная?

У ходзе перадвыбарчай кампаніі Трамп адмаўляўся казаць што-небудзь негатыўнае пра Пуціна і неаднаразова заяўляў, што добрыя стасункі зь ім, як і з астатнімі сусьветнымі лідэрамі, сталі б для краіны актывам, а не пасівам.

Судырэктар амэрыканскай праграмы арганізацыі Human Rights Watch Марыя Макфарленд у панядзелак у інтэрвію «Голасу Амерыкі» выказала занепакоенасьць у сувязі з заявамі Трампа пра Расею.

«Гэта ў многіх сэнсах дзіўная заява, — адзначыла яна. — Але сутнасьць у тым, што Трамп пастаянна прымяншае жахлівыя парушэньні правоў чалавека, учыненыя расейскім урадам. У апошнія гады мы назіралі ў Расіі паўнавартасную кампанію задушэньня свабоды слова, апазыцыйных настрояў і грамадзянскай супольнасьці. У той жа час мы назіралі, як Расея ўдзельнічала ў ваенных злачынствах у Сырыі».

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс, які выступіў у нядзелю ў эфіры ток-шоў на CBS News, абверг ідэю, што Трамп параўноўваў Расею з ЗША: «Я проста не прымаю ідэі, што ў камэнтарах прэзыдэнта праводзілася маральная паралель».

Лідэр сэнацкай большасьці Мітч Макконэл, адказваючы на пытаньні пра камэнтары Трампа ў эфіры CNN, заявіў: «Мы ня дзейнічаем так, як дзейнічае Расея».

Іншыя заканадаўцы, як дэмакраты, так і рэспубліканцы, рэзка раскрытыкавалі Трампа за тое, што ён не асудзіў Пуціна.

Сэнатар-рэспубліканец Сьюзан Колінз сказала ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі»: «Тут няма ніякай маральнай эквівалентнасці. І здагадка, што яна ёсьць, зьяўляецца непавагай да гісторыі нашай краіны і нашай дзейнасці».

Сэнатар-дэмакрат Боб Кэйсі заявіў: «Гэтая заява прэзыдэнта абуральная. Я паставіўся да яе вельмі крытычна і буду крытыкаваць яе надалей. Спадзяюся, прэзыдэнт перагледзіць свае словы».

Сэнатар-дэмакрат Даян Файнстайн падзяляе гэты пункт гледжаньня: «Злучаныя Штаты Амэрыкі — краіна, якая вельмі моцна адрозьніваецца ад Расеі. Мы не краіна аўтакратаў. Мы не краіна дэспата. Мы свабодная дэмакратыя, вельмі адрозная ад Расеі».

Майкл Макфол, які працаваў паслом у Расеі зь 2012-га па 2014 год, напісаў у газэце Washington Post, што ня ведае, чаму Трамп працягвае абараняць Пуціна. Паводле яго, адна з магчымых інтэрпрэтацыяў — гэта проста жаданьне Трампа палепшыць дачыненьні з Масквой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG