Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавы сакратар МЗС пракамэнтаваў выпрабаваньне Паўночнай Карэяй балістычнай ракеты, праведзенае 4 ліпеня


4 ліпеня КНДР правяла чарговае выпрабаваньне балістычнай ракеты, якая ўпала ў Японскім моры. Выпрабаваньне балістычнай ракеты Паўночнай Карэяй выклікала асуджэньне шмат якіх дзяржаваў сьвету, у тым ліку ЗША.

Радыё Свабода зьвярнулася па камэнтар да Міністэрства замежных справаў Беларусі і атрымала наступны адказ.

«Запускі балістычных ракетаў, якія ўсё часьцей робіць Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка на сёньняшні момант, у тым ліку апошні запуск 4 ліпеня сёлета, безумоўна, выклікаюць занепакоенасьць беларускага боку.

МЗС Беларусі раней неаднаразова асуджала гэтыя дзеяньні, якія супярэчаць рэзалюцыям Рады Бясьпекі ААН, і заклікала да дээскаляцыі на Карэйскім паўвостраве шляхам правядзеньня канструктыўнага дыялёгу.

Беларускі бок зыходзіць зь неабходнасьці няўхільнага выкананьня нормаў міжнароднага права і абавязаньняў, замацаваных у дакумэнтах ААН і іншых міжнародных арганізацыяў.

Лічым таксама вартай увагі сумесную ініцыятыву замежнапалітычных ведамстваў Расейскай Фэдэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі ў пытаньні комплекснага вырашэньня праблем Карэйскага паўвострава, агучаную 4 ліпеня 2017 г. Мяркуем, што ўзаемная павага бакоў да інтарэсаў адзін аднаго дазволіць зьнізіць напружанасьць у рэгіёне і вярнуцца за стол перамоваў, неабходных для гарантаваньня міжнароднай бясьпекі», — паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Таксама карэспандэнт Свабоды прасіў патлумачыць, чаму МЗС Беларусі не пракамэнтаваў выпрабаваньня Паўночнай Карэяй балістычнай ракеты неўзабаве пасьля 4 ліпеня. Гэтая частка пытаньня засталася без адказу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG