Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 трактароў і 2 камунальныя машыны — прэзыдэнт Малдовы прывёз зь Беларусі гуманітарную дапамогу


Трактар на выставе БелАгра 2017. Ілюстрацыйнае фота.

Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што пачынаюць выконвацца дамоўленасьці з Аляксандрам Лукашэнкам, дасягнутыя падчас ягонага нядаўняга візыту ў Менск

Пазьней допіс быў пакладзены ў аснову афіцыйнага паведамленьня прэзыдэнцкай прэсавай службы

Як піша Ігар Дадон, згодна з дасягнутымі пагадненьнямі Беларусь надасьць Мадове ў якасьці гуманітарнай дапамогі партыю сельскагаспадарчай тэхнікі — пяць трактароў МТЗ-82 і дзьве спэцыяльныя машыны, якія папоўняць парк камунальнай тэхнікі.

Акрамя таго, будзе арганізаваны адпачынак для дзяцей з праблемных сем’яў у цэнтры адпачынку «Зубраня» на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі». У агляднай пэрспэктыве маюць наладзіцца наўпроставыя авіязносіны паміж Кішынёвам і Менскам, а таксама распрацоўваецца пагадненьне аб павелічэньні доступу да мэдычных паслугаў для малдаванаў, якія жывуць у Беларусі.

«Працуем далей!», — падсумаваў Ігар Дадон, дадаўшы, што 30 верасьня ў Менску будзе зладжаны Фэстываль малдаўскага віна.

Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон
Прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон

Як нагадвае Інтэрфакс, малдаўскія СМІ крытыкавалі візыт Дадона ў Беларусь, ацаніўшы яго як «турыстычную паездку».

Тады ў склад дэлегацыі былі ўключаныя вылучна супрацоўнікі апарату прэзыдэнта і чальцы праўладнай «Партыі сацыялістаў», але ніводнага прадстаўніка апарату ўраду. Пры гэтым сустрэча з Лукашэнкам адбылася ў Віцебску, дзе кіраўнікі ўдзельнічалі ў адкрыцьці фэстывалю «Славянскі базар».

У Менск чальцы малдаўскай дэлегацыі прыляцелі рэйсавым самалётам праз Маскву, а назад, на распараджэньне Лукашэнкі, для іх быў арганізаваны адмысловы авіярэйс.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG