Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «ГодбязПаўла». Жывая відэатрансьляцыя з Кіева


Архіўнае фота. Падчас разьвітаньня з Паўлам Шараметам у Кіеве. 22 ліпеня 2016 году

Кіраўніцтва інтэрнэт-выданьня «Ўкраінская праўда» заклікае калег і грамадзкіх актывістаў далучыцца да сёньняшняга шэсьця «Год бяз Паўла», прымеркаванага да гадавіны забойства журналіста Паўла Шарамета. І сёньня ж ва Ўкраіну зь візытам прыбывае кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Плянуецца, што ўдзельнікі акцыі зьбяруцца ў Кіеве а восьмай раніцы на рагу вуліц Івана Франка ды Багдана Хмяльніцкага, дзе год таму ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў Павал Шарамет, калі накіроўваўся на працу.

Жывая відэатрансьляцыя Свабоды:

Пасьля правядзеньня акцыі на месцы гібелі і ўшанаваньня памяці журналіста хвілінаю маўчаньня актывісты сфармуюць калёны і накіруюцца з плякатамі ды партрэтамі Паўла Шарамета да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны і Нацыянальнай паліцыі, якая займаецца расьсьледаваньнем справы пра забойства. Ініцыятары акцыі патрабуюць адказу на пытаньне, хто быў заказчыкам і забойцам Паўла Шарамета.

Напярэдадні шэраг міжнародных і украінскіх журналісцкіх і праваабарончых арганізацый зьвярнуліся да ўкраінскіх уладаў з патрабаваньнем забясьпечыць эфэктыўнае расьсьледаваньне гэтай справы.

«Ва Ўкраіне склалася сталая традыцыя беспакаранасьці нападаў і забойстваў журналістаў, зьвязаных з выкананьнем імі прафэсійнай журналісцкай дзейнасьці. Георгій Гангадзэ, Ігар Аляксандраў, Барыс Дзеравянка — сьпіс загінулых у злачынствах, паводле якіх вінаватыя так і не панесьлі справядлівага пакараньня, можна працягваць. Таму мы перакананыя, што без радыкальнай зьмены самой арганізацыі працэсу расьсьледаваньня, нягледзячы на ўсе запэўніваньні вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы, грамадзтва не атрымае станоўчага выніку ў гэтай справе», — адзначаецца ў звароце.

Журналісты і праваабаронцы патрабуюць далучыць да нацыянальнай сьледчай каманды сьледчых, пракурораў і дэтэктываў высокага ўзроўню кваліфікацыі з краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Вялікай Брытаніі і США, а таксама забясьпечыць празрыстасьць расьсьледаваньня з правядзеньнем рэгулярных публічных штоквартальных справаздач па выніках справы.

Сёньня ж а 12-й гадзіне сваякі і беларускія калегі Паўла Шарамета наведаюць ягоную магілу на Паўночных могілках пад Менскам.

***

Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня 2016 году ў у цэнтры Кіева ў выніку падрыву аўтамабіля. Украінская ўлада кваліфікуе сьмерць журналіста як наўмыснае забойства. Да гэтага часу афіцыйнага падазраванага ў расьсьледаваньні забойства Шарамета няма.

Павал Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990–2000-х гадах быў кіраўніком аддзела спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу «ОРТ», пасьля — «Першага каналу». Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў на сайце «Українська правда», а таксама на радыё «Вести».

XS
SM
MD
LG