Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аршанская кроніка 1986-2001»: выйшла першая ў Беларусі кніга пра мясцовы грамадзка-палітычны рух


Віктар Андрэеў

«Калі мы чытаем нейкі падручнік па гісторыі, то бачым аповеды пра тых, хто меў пасады, хто аддаваў загады... А пра салдат ніхто не згадвае».

У Воршы прайшла прэзэнтацыя ўнікальнай кнігі, стваральнікам якой стаў Віктар Андрэеў — адзін зь лідэраў рабочага руху пачатку 1990-х, рэдактар незалежнай газэты «Куцейна», зачыненай за крытыку мясцовых уладаў, заснавальнік мясцовага інтэрнэт-рэсурсу orshatut.by.

Героі кнігі, запрошаныя на прэзэнтацыю. Выступае Юры Санько
Героі кнігі, запрошаныя на прэзэнтацыю. Выступае Юры Санько

«Не пра генэралаў, а пра салдат», — так вызначае аўтар свой падыход:

«Калі мы чытаем нейкі падручнік па гісторыі, то бачым аповеды пра тых, хто меў пасады, хто аддаваў загады... А пра салдат ніхто не згадвае. Таму мне хацелася сабраць зьвесткі пра шараговых аршанцаў, якія ў невялікім горадзе рабілі вялікія справы. Прычым у той час, калі большасьць клапацілася пра тое, што паесьці і як увогуле выжыць. А гэтыя людзі яшчэ й нешта рабілі! І зрабілі! І дзякуючы ім Ворша сёньня мае, да прыкладу, каштоўныя помнікі архітэктуры, абароненыя ад зьнішчэньня ўдзельнікамі клюбу гісторыі і даўніны «Повязь».

Фрагмэнт кнігі
Фрагмэнт кнігі

«Аршанская кроніка 1986-2001» — гэта гісторыя дэмакратыі найноўшага часу, калі на «баку неабыякавай грамадзкасьці была мясцовая дзяржаўная прэса, вялікую вагу меў БНФ, незалежны прафсаюз, да „апазыцыі“ прыходзілі раяцца дэпутаты, бо ў грамадзкай думкі была вельмі вялікая вага аўтарытэту», — піша Віктар Андрэеў. Паводле яго, дэмакратыя не бывае «мясцовага значэньня», яе героі і ўрокі заўсёды актуальныя.

Героі кнігі: у цэнтры Андрэй Мельнікаў, адзін з арганізатараў фэсту «Аршанская бітва», справа — Юры Нагорны, стваральнік мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы.
Героі кнігі: у цэнтры Андрэй Мельнікаў, адзін з арганізатараў фэсту «Аршанская бітва», справа — Юры Нагорны, стваральнік мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы.

Юры Санько і мастак Алесь Кажамяка
Юры Санько і мастак Алесь Кажамяка

Кнігу з 250-ці старонак, напісаную ў выглядзе кронікі падзеяй, аўтар выдаў за ўласныя сродкі. Кніга мае стаць неўзабаве даступнай на сайце http://orshatut.by/.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG