Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская юрыстка хоча даць паказаньні ў Сэнаце ЗША


Наталья Весяльніцкая

Юрыстка Наталья Весяльніцкая гатовая даць паказаньні ў Сэнаце ЗША з нагоды сустрэчы з Дональдам Трампам-малодшым.

У інтэрвію расійскаму тэлеканалу RT адвакатка заявіла, што можа прыехаць у ЗША, калі ёй будзе гарантаваная бясьпека. Паведамленьні пра свае сувязі з Крамлём Весяльніцкая назвала «масавай гістэрыяй».

У чэрвені летась Весяльніцкая сустрэлася з сынам Дональда Трампа. Яму паведамілі, што юрыстка мае кампрамат на кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратаў Гілары Клінтан. Трамп-малодшы заявіў, што сустрэча аказалася бескарыснай. Прэзыдэнт ЗША адзначыў, што ня бачыць у дзеяньнях сына нічога заганнага.

Акрамя Весяльніцкай у сустрэчы ўдзельнічалі яшчэ некалькі расейцаў і памочнікаў Трампа. Нядаўна стала вядома, што пры размове прысутнічаў супрацоўнік расейскай кампаніі, якая дапамагала правесьці конкурс Трампа «Міс Сусьвет» у Маскве. Сустрэчай ужо зацікавіўся спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер, былы дырэктар ФБР, які займаецца расьсьледаваньнем магчымай змовы штабу Трампа з Крамлём.

Паводле агенцтва Associated Press, Весяльніцкая трапіла ў поле зроку амэрыканскіх спэцслужбаў яшчэ чатыры гады таму. Юрыстка тады прадстаўляла інтарэсы кампаніі, якую ў ЗША абвінавацілі ў адмываньні грошай на падставе «Акту Магніцкага». Паводле інфармацыі журналістаў, Весяльніцкую падчас расьсьледаваньня дапытваў фэдэральны пракурор.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG