Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мулкае быцьцё побач з чужымі целамі, ці Інтымнасьць не прапаноўваць


Алена Германовіч
Алена Германовіч

У чарзе ў краме спрабую разгадаць знакі, якія падае мне пэнсіянэрка, што прымасьцілася ззаду са сваім кошыкам. На што яна намякае, калі паціху, рытмічна і настойліва, штурхае свой кошык у маю паясьніцу? Адсунуцца няма куды, хіба кінуцца на шыю з абдымкамі мужчыне, што стаіць сьпераду. Ці яго паштурхаць кошыкам. Бач, стаіць, ня рухаецца, давай, шавяліся, я табе дапамагу. Адступаю на крок — кабетка з кошыкам за мной. Можа, зялёны колер маёй кашулі яе раздражняе, ці рудыя валасы? Ці яна бачыць скрозь эпідэрміс, і інтуітыўна адчувае, што я маю патрэбу ў масажы нырак? Дзякуй табе, пэнсіянэрка з майго раёну, за клопат! Хутчэй бы выбрацца з чаргі. Куды ня кінься — усюды людзі. Яны дыхаюць, пацеюць, пахнуць прыемнай і ня вельмі парфумай, яны прыціскаюцца да тваёй сьпіны — целамі і кошыкамі. Як быццам баяцца застацца сам-насам, адступіць на крок, стаць самастойнай адзінкай, а не калектывам ці жывым арганізмам — чаргой.

«Свабодная каса, свабодная каса!», — лямантуе недзе прадавец. Ніхто не скранаецца з месца. Як жа, ага, мы ня верым. На трэці заклік адзін хлопец нерашуча перабіраецца да той касы, і за ім цягнуцца хвастом ігуаны ўсе астатнія. Зараз там чарга, тут нікога няма.

аднекуль матэрыялізуецца кабетка з анучай

Ігуана. Кажуць, гэта байка, хай так. Мне яна падабаецца. Пра ігуану, якая пакусае сваю ахвяру, і потым цягаецца за ёй паўсюды, зазірае ў вочы, чакае, пакуль небарака «дасьць дуба», каб потым накінуцца на яго. Заходзіш у платную грамадзкую прыбіральню, азіраесься — нікога няма, плаціш 50 капеек, ідзеш… Чаму, скажыце мне, прынамсі ў гэтым горадзе, усе кабінкі ў прыбіральні зроблены так, што з-за дзьвярэй бачна твая галава і ніжняя частка цела? Чаму тут не суцэльныя дзьверы, а недарэчная брамка, разьлічаная толькі на тое, каб схаваць ад чужых вачэй тую частку твайго цела, што пасярэдзіне? І тут «ігуана»… Толькі заходзіш у кабінку — абавязкова ў гэтую ж хвіліну аднекуль матэрыялізуецца кабетка з анучай, якая нешта бурчыць і злосна піхае швабру пад дзьверы — вось для чаго там, відаць, вялізарная шчыліна. З агідай назіраеш, як моцнымі настойлівымі штуршкамі звонку да тваіх ног набліжаецца брудны хвост анучы.

…У чарзе на споведзь людзі прымасьціліся адно да аднаго, цесна прыціснуліся плячыма. Адзіны жывы арганізм. Падыходзіш да канфэсіяналу — туды ж за табой цягнецца хвастом ігуаны ўся чарга, натапырвае вушы. «Прабачце, гэта ўсё-ткі не публічная споведзь, не маглі бы вы трохі далей адысьці?», — прапаноўваеш, зьнешне сама ветлівасьць, за якой хаваецца гнеў. Глядзяць недаўменна, з пачуцьцём абразы, адсоўваюцца — на адзін сантымэтар.

чужыя целы прыціскаюцца да цябе

Чужыя людзі, чужыя целы прыціскаюцца да цябе, уваходзяць у тваё быцьцё, як быццам ты — частка іх, гэтага арганізму з мноствам ног, рук, галоў, нейкай пачвары ці цмока. Як быццам яны ня могуць існаваць без цябе, а ты — бязь іх. Як быццам ім страшна існаваць аўтаномна, у сваім уласным целе, ці яны не адчуваюць саміх сябе без таго, каб побач, блізка-блізка, быў нехта яшчэ.

Ты апранаеш шкарпэткі пад басаножкі, і чорны станік пад белую кашульку, зялёную спадніцу, ружовыя акуляры — каб заўтра прачытаць пра гэта зьдзеклівыя допісы ў сацыяльных сетках: «Як, скажыце, як людзі могуць насіць шкарпэткі пад басаножкі, чорныя станікі пад белыя кашулькі? — А я цярпець не магу, калі носяць зялёнае з сінім! — Мяне раздражняюць вязаныя боты на дзяўчатах летам! — Я ненавіджу, калі апранаюць спадніцы на крывыя ногі, фу! — Вар’яцтва — калі мужчыны носяць жаночыя сумкі сваіх сябровак, гэта фу-фу! — Калі я бачу непаголеныя ногі — гэта проста сэрцу разарвацца, як можна такім быць! — Так, так!». Бясконцае мноства допісаў. Твая вопратка некага раздражняе, твае сумкі, боты, шкарпэткі абавязкова некаму засьцяць вочы, ты не павінен, ня можаш, ня мусіш, бо ім гэта не падабаецца. Гэтыя ж людзі часта ківаюць на «Эўропу», на свабоды розныя, на тое, што там можна жаніцца М і М, Ж і Ж. Такія свабоды яны прымаюць, і падтрымліваюць. Пішуць, што гэта лібэральна, прагрэсіўна і дэмакратычна. А шкарпэткі, жаночыя сумкі ў мужчынскіх руках, чорнае на белым, зялёнае на чырвоным, вузкія спадніцы, шырокія шорты на няголеных нагах — не дэмакратычна!

як залатаць дзіркі ў асабістых межах?

Празь дзіркі ў разбураных ушчэнт платах асабістага жыцьця-быцьця-існаваньня нехта ўвесь час суне свой нос, каб праверыць — ці не засталося што яшчэ па-за ўвагай пільнай «грамадзкасьці». Як адрамантаваць гэтыя разбураныя муры, залатаць дзіркі ў асабістых межах? Можа, на штуршкі ў чарзе кідацца ў адказ у абдымкі? Праводзіць акцыі ў абарону тых, хто хоча насіць шкарпэткі на басаножкі на няголеных нагах? Прыхільнікі «лібэральных каштоўнасьцяў» сьцьвярджаюць, што паважаюць права чалавека спаць М з М, ці Ж з Ж, ці хто як хоча і з кім, хоць з пчоламі, хоць з вусенямі. Але ніхто не паважае тваё права стаяць на сем-дзесяць сантымэтраў ад іншага фізычнага цела, ці апранаць што табе ў галаву ўзбрыдзе.

…Днямі я сустрэла чалавека (прынамсі, пачула пра яго), які здолеў усталяваць і адстаяць свае межы, праўда, коштам пакутаў іншых. У гарадзкім аўтобусе было сьпякотна. Кандуктарка стомлена прысела ля мяне на задняй пляцоўцы: «Ох, хоць на хвілінку сяду, так сьпякотна, так сьпякотна! Яшчэ той абагравальнік у салёне ўключыў! — Кіроўца? Для чаго? І так сьпякотна ж! Вы ня можаце яму пра гэта сказаць? — Ды дзе там я яму скажу! Ён нікога не дапускае ў кабіну, і ня слухае нікога, робіць што хоча. Уключыў абагравальнік у салёне — і ніхто яму ня ўказ. Пра што вы кажаце, калі ён на кожным прыпынку пасьля рэйсу працірае сваю кабіну ўнутры вільготнай анучкай? Нешта ж гэта кажа пра чалавека, праўда? І нікога не дапускае туды, і ўсё анучкай працірае і працірае. Страшна падумаць, што ў яго дома робіцца, як толькі зь ім жывуць іншыя!».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG