Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Газпром» «цішком» пачаў пракладаць другую нітку «Турэцкага патоку»


Карабель-трубапракладнік
Карабель-трубапракладнік

«Газпром» пачаў будаўніцтва другой ніткі газаправоду «Турэцкі паток» без адпаведных дамоўленасьцяў з Эўропай і Турэччынай. Пра гэта ў сераду піша газэта «Ведомости» са спасылкай на контрагентаў падрадчыка і фэдэральнага расейскага чыноўніка.

Паводле дадзеных выданьня, на дно Чорнага мора ўжо выкладзена 20-25 кілямэтраў трубаправоду. Работы выконвае карабель-трубапракладнік швэйцарскай кампаніі Allseas. Бесьперабойную працу трубапракладнікаў забясьпечваюць тры грузавыя судны, якія папаўняюць яго запасы трубаў на маршруце.

Раней афіцыйна паведамлялася аб пракладцы толькі адной ніткі газаправоду. Як расказаў 10 ліпеня міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак, па дне Чорнага мора пракладзена каля 50 кілямэтраў газаправоду. Новак таксама растлумачыў, што Турэччына яшчэ не дала канчатковага пацьверджаньня пунктам выхаду газаправоду на сваёй тэрыторыі, але зробіць гэта «ў найбліжэйшым часе».

Фарсіраваць будаўніцтва газаправоду «Газпром» змушае магчымасьць прыняцьця новых амэрыканскіх санкцый, якія могуць спыніць рэалізацыю праекту, бо Расея ня мае тэхналёгіяў для глыбакаводнай пракладкі труб, пішуць «Ведомости».

Праект «Турэцкі паток» прадугледжвае будаўніцтва дзьвюх нітак газаправоду, адна — для Турэччыны, другая — для транзыту расейскага газу ў Эўропу. Будаўніцтва плянуецца завяршыць да канца 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG