Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праставатая хітрасьць «Маларосіі»


Здавалася, патавая сытуацыя на Данбасе замарожаная на доўгія гады, і нічога новага там цяпер здарыцца ня можа. Але вось кіраўнік самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандар Захарчанка зрабіў гучную заяву аб заснаваньні «новай дзяржавы» — Маларосіі. Маўляў, прадстаўнікі рэгіёнаў былой Украіны сабраліся ў Данецку і прынялі рашэньне стварыць новае дзяржаўнае ўтварэньне, якое павінна прадстаўляць усю Ўкраіну.

У 2014-2015 гадах Расея насілася з аналягічным праектам пад назвай «Наваросія», але была вымушаная адрынуць яго пад ціскам Захаду і сустрэўшы супраціў Украіны. І вось зноў.

Цяжка ўявіць, што гэта самадзейнасьць кіраўніцтва ДНР. Раз-пораз пастраляць ва ўкраінскі бок яны яшчэ могуць самастойна. А такія скандальныя крокі, думаю, санкцыянаваны Масквою. У чым сэнс гэтага дэмаршу?

Наўрад ці гэта сьведчыць пра тое, што Расея, рукамі ДНР дэнансуе Менскія пагадненьні, бярэ курс на сілавое абвастрэньне сытуацыі на Данбасе. Масква ў гэтым цяпер не зацікаўленая. Яна імкнецца неяк падштурхнуць Захад адмяніць эканамічныя санкцыі, хоча замірыцца з новай адміністрацыяй ЗША. Пра абмежаванасьць задач праекту «Маларосія» чыста піяраўскімі чыньнікамі сьведчаць два факты. Другая марыянэткавая структура — ЛНР — не падтрымала гэтую ідэю. І афіцыйныя ці паўафіцыйныя асобы ў Маскве неяк скептычна ацанілі ініцыятыву ДНР.

На мой погляд, гэта такі манэўр, які павінен адцягнуць увагу ад нейкай важнай, але непрыемнай для Расеі, падзеі.

Справа ў тым, што 17 ліпеня спаўняецца тры гады з таго моманту, як над Украінай зьбілі Boeing, «Малайзійскіх авіялінияў», які выконваў рэйс MH17. Да гэтай даты быў прымеркаваны даклад экспэртна-журналісцкай групы Bellingcat, у якім на 72 старонках падрабязна даказваецца датычнасьць Расеі да згаданага злачынства. Гэтаму спадарожнічаюць публікацыі ў мэдыях розных краінаў. На чарзе суды над падазраванымі ў злачынстве, судовыя позвы родзічаў загінулых падчас трагедыі да ўраду РФ. То бок, падзея зноў апынулася ў цэнтры сусьветных інфармацыйных плыняў. Усё гэта непрыемна для Крамля.

Таму, каб пераключыць увагу, ладзіцца такая піяр-акцыя. Заява Захарчанкі стала тэмай дня. Пра яе паведамілі шмат СМІ, пачалі камэнтаваць палітыкі, уключаючы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку. На нейкі час пра зьбіты самалёт забыліся. Што і трэба было.

А дыстанцыяваньне афіцыйнай Масквы і ЛНР ад ініцыятывы Захарчанкі — гэта такая гульня, праставатая хітрасьць. Каб Захад не павёўся на яе, не палічыў за правакацыю, якая разбурае кволы мір на ўсходзе Ўкраіны.

Не абышлося і безь дзяжурнай заявы аб тым, што «Маларосія» зьбіраецца далучыцца да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, а таксама СНД. Гэта ўжо стала такой нядобрай традыцыяй. Саюзная дзяржава выконвае функцыю кволай міжнароднай легітымацыі для краінаў, што трапілі ў ізаляцыю. Туды шмат разоў прасілася Прыднястроўе. У 1999 годзе Югаславія падчас ваеннай апэрацыі NATO заявіла аб уступленьні ў Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Цікава, што цяпер парэшткі той краіны робяць рашучыя крокі па далучэньню да ЭЗ і NATO. У 2008 годзе, пасьля расейска-грузінскай вайны, Абхазія і Паўднёвая Асэтыя, якія абвясьцілі незалежнасьць, таксама хацелі ўступіць у Саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі. Прайшло амаль дзесяць гадоў, а гэтыя марыянэткавыя ўтварэньні не пусьцілі ня толькі ў склад Саюзнай дзяржавы ці ЭАЭС, ці АДКБ, але нават у такую напаўжывую арганізацыю, як СНД. Бо нават саюзьнікам Расеі відавочныя марыянэткі непатрэбныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG