Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У музэі Якуба Коласа не дазволілі выставу да 120-годзьдзя брата паэта Міхася Міцкевіча


Арганізатарка выставы, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч

Кіраўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа адмовілася праводзіць выставу да 120-годзьдзя Міхася Міцкевіча (Антося Галіны), малодшага брата Якуба Коласа, пэдагога, пісьменьніка, рэлігійнага дзеяча, які правёў шмат гадоў у эміграцыі.

Міхась Міцкевіч
Міхась Міцкевіч

Фармальная прычына — выстава не заплянаваная папярэдне, патрэбны дазвол Міністэрства культуры. Арганізатарцы выставы, унучцы Якуба Коласа Марыі Міцкевіч давялося шукаць для ўжо падрыхтаванай выставы іншае месца. Выстава ўсё ж адкрылася — у Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва.

«У плянах музэю выставы няма, таму патрэбны дазвол Мінкульта»

Чатыры гады таму, калі праходзіў папярэдні зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», Марыя Міцкевіч падрыхтавала выставу «Колас у эміграцыйным друку», якая экспанавалася ў Коласаўскім музэі і мела вялікі посьпех і сярод дэлегатаў зьезду.

Марыя Міцкевіч
Марыя Міцкевіч

«Сёлета я таксама зьвярнулася да кіраўніцтва музэю Якуба Коласа, бо так супала: 13 ліпеня споўнілася б 120 гадоў Міхасю Міцкевічу, малодшаму брату Якуба Коласа, які палову свайго жыцьця правёў у эміграцыі — Нямеччыне і Злучаных Штатах, а 15 ліпеня ў Менску адкрываўся Зьезд беларусаў сьвету, і меркавалася запрасіць дэлегатаў. Пагатоў шмат матэрыялаў, прысьвечаных Міхасю Міцкевічу, ёсьць у Коласаўскім музэі.

Спачатку ніякіх пярэчаньняў не было. Дырэктарка музэю папрасіла мяне падрыхтаваць сьпіс запрошаных, а таксама падаць сцэнарны плян і прэс-рэліз. Потым спатрэбіўся яшчэ і тэматычны плян, які я не магла зрабіць самастойна, бо трэба пазначыць, якія матэрыялы ёсьць у музэі, іх нумары. Мне дапамагла супрацоўніца музэю, я падрыхтавала і гэты тэматычны плян.

Урэшце мне прыйшоў ліст за подпісам дырэктаркі музэю Зінаіды Камароўскай, што ў плянах музэю няма такой выставы і патрэбны дазвол Міністэрства культуры. Я ведаю, колькі Мінкульт будзе вырашаць такое пытаньне — як мінімум месяц. Але час прысьпешваў, і я зьвярнулася да Ганны Запартыкі, да Натальлі Гардзіенкі — ці можна правесьці выставу ў архіве. Таму выстава менавіта тут, у Беларускім дзяржаўным архіве-музэі літаратуры і мастацтва», — распавяла Марыя Міцкевіч.

Дарэчы, у экспазыцыі ёсьць фатаздымкі 20-гадовай даўніны: на выставе, прысьвечанай 100-годзьдзю Міхася Міцкевіча выступае Зінаіда Камароўская, а прысутнічаюць Адам Мальдзіс, Янка Запруднік, Марыя Міцкевіч.

Міхася Міцкевіча заўважылі Гарэцкі і Багдановіч

Якуб Колас (Кастусь Міцкевіч) і Міхась выхоўваліся разам. Міхась быў адзіным з чатырох братоў Якуба Коласа, які паступіў у настаўніцкую сэмінарыю, пайшоў шляхам знакамітага старэйшага брата. На выставе ёсьць Міхасёў дыплём аб заканчэньні сэмінарыі.

Дарэчы, Якуб Колас вельмі ганарыўся малодшым братам, дапамагаў яму. Пасьля сьмерці бацькі Колас узяў малодшых братоў Міхася і Юзіка да сябе ў Пінкавічы і сам іх там вучыў, гадаваў. Пазьней апекавацца Міхасём стаў Язэп Лёсік — родны брат маці Канстанціна і Міхася Міцкевічаў. Марыя Міцкевіч працягвае:

«Яшчэ ў настаўніцкай сэмінарыі Міхась стаў друкавацца. Язэп Лёсік выдаваў газэту „Вольная Беларусь“, і ў ёй у 1917 годзе зьявіўся першы твор Міхася „Як Мікіта бараніў сваіх“, а потым артыкул „Беларуская нацыянальная школа“. Пасьля таго як „Вольную Беларусь“ зачынілі, Міхась друкаваўся ў газэтах „Звон“, „Беларусь“. Свае публіцыстычныя артыкулы ён падпісавў „М-ч“, Міхась Міцкевіч, а літаратурныя — Антось Галіна. Псэўданім быў ад імя яго любімага дзядзькі Антося, які гадаваў усіх дзяцей. А Галіна — галінка таго вялікага дрэва сям’і Міцкевічаў».

Зрэшты, нават нешматлікіх публікацыяў было дастаткова, каб Міхася прыкмецілі Максім Багдановіч і Максім Гарэцкі. Апошні ў сваёй кнізе «Беларуская літаратура» пісаў, што гэта «вельмі спадзеўны і бэлетрыст, і публіцыст».

«Нацыі ня можа быць без нацыянальнай школы. А мова — гэта аснова нацыянальнай школы»

Пад уплывам Язэпа Лёсіка Міхась Міцкевіч уключыўся ў грамадзкі рух — быў абраны дэлегатам Усебеларускага зьезду і лічыў сябе радным БНР.

У 1919–1920 гг. Міхась выкладаў беларускую мову ў Менскай беларускай гімназіі. На выставе ёсьць пасьведчаньне, падпісанае С. Ракам-Міхайлоўскім, аб прызначэньні Міхася на пасаду настаўніка. Міхась тады пісаў у артыкуле «Беларуская нацыянальная школа», што ніякай нацыі ня можа быць без нацыянальнай школы. А мова — гэта аснова нацыянальнай школы. І гэтае перакананьне ён пранёс праз усё жыцьцё — што дзеці павінны вучыцца на беларускай мове.

Ёсьць яшчэ і пастанова Саюзу настаўнікаў, што калі хто з настаўнікаў ня будзе выкладаць па-беларуску, будзе звольнены. «Маўляў, няхай ідуць выкладаць у расейскія і польскія школы. Першы подпіс — Сымона Рака-Міхайлоўскага, другі — Язэпа Лёсіка, трэці — Міхася Міцкевіча», — патлумачыла Коласава ўнучка.

Падчас вайны Міхась Міцкевіч працаваў настаўнікам у Мікалаеўшчыне і школьным інспэктарам. У экспазыцыі выставы ёсьць ліст да стрыечнага дзядзькі й сябра Якуба Коласа, дырэктара школы ў Мікалаеўшчыне Ігната Юр’евіча Міцкевіча, дзе Міхась тлумачыць, чаму ён вымушаны быў эміграваць зь Беларусі. Кажа Марыя Міцкевіч:

«Калі за Польшчай не было магчымасьці працаваць па-беларуску, то немцы далі такую магчымасьць — адкрываць беларускія школы. І Міхась працаваў настаўнікам і школьным інспэктарам. І ў тым, што Мікалаеўшчына не была спаленая, таксама яго вялікая заслуга. Але Міхась разумеў, што будуць вялікія складанасьці і для Коласа, і для сям’і, і вырашыў паехаць у эміграцыю.

Нават у гэтым лісьце ён піша: не забудзьцеся дзецям даць пасьведчаньні, захавайце мой кабінэт. Нават зьяжджаючы, клапаціўся пра школу, пра дзяцей».

Янка Брыль у сваіх лірычных мініятурах і запісах распавядае, што Міхась Міцкевіч выратаваў жыцьцё настаўніку, якога хацелі расстраляць, але дзякуючы Міхасю настаўніка адправілі ў Аўстрыю.

Вучыў Вітаўта Кіпеля і Янку Запрудніка

Летам 1944 году Міхась Міцкевіч эміграваў у Нямеччыну, знаходзіўся ў некалькіх лягерах для перамешчаных асобаў. Там ён таксама настаўнічаў — ў лягерах арганізоўваліся школы, але не было падручнікаў. І настаўнікі самыя выдавалі ў Нямеччыне чытанкі з ілюстрацыямі.

У лягеры Рэгенсбург Міхась Міцкевіч быў дырэктарам пачатковай школы. Літаратар, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода Ян Максімюк напісаў кнігу «Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945–1950)». Ён піша, што дзякуючы гэтай гімназіі навучэнцы ня толькі атрымлівалі добрую адукацыю, але мелі магчымасьць паступіць у прэстыжныя ўнівэрсытэты.

«Да прыкладу, Вітаўт Кіпель пасьля гэтай гімназіі паступіў у Цюбінгенскі ўнівэрсытэт, Янка Запруднік — у Лювэнскі ўнівэрсытэт. А другое — яны на ўсё жыцьцё засталіся беларусамі. Наколькі моцны там быў пэдагагічны склад і беларускі дух! А каб аб’яднацца, неабходная была царква, і яны ў гэтых лягерах будавалі царкву. Міхась далучыўся да справы, ён быў старшынём праваслаўнага брацтва», — апавядае Марыя Міцкевіч.

Пераклаў на беларускую мову 4 Эвангельлі

У 1950 годзе Міхась Міцкевіч пераехаў у ЗША. У экспазыцыі выставы ёсьць успаміны Янкі Запрудніка пра дзядзьку Міхася, а таксама ўспаміны Івонкі Сурвілы, якая была малая, калі Міхась быў яшчэ школьным інспэктарам і прыяжджаў да іх у Баранавічы.

У ЗША Міцкевіч выдаваў газэту «Беларус», а таксама на працягу 15 гадоў і за свой кошт часопіс «Голас царквы», дзе, дарэчы, друкаваліся і вершы Коласа.

Марыя Міцкевіч кажа, што найцікавейшыя пераклады рэлігійных тэкстаў. Міхась пераклаў чатыры Эвангельлі. Рукапісы Марыя Міцкевіч прывезла некалі з Амэрыкі і перадала айцу Сяргею Гардуну:

«Адзін раз — у 1990 годзе — я езьдзіла на зьезд беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Кліўленд, дзе ўпершыню пабачыла і Вітаўта Кіпеля, і Янку Запрудніка. Мяне завезьлі да дзядзькі, я ўбачыла яго, была ў яго дома. Дзядзька Міхась быў ужо ў даволі сталым веку. Я адтуль прывезла шмат кніжак, у тым ліку і рукапісы Міхася Міцкевіча».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG