Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны суд Менску пачаў справу аб эканамічнай неплатаздольнасьці (банкруцтве) ААТ «Мотавела».

Пра гэта зьявілася інфармацыя на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестру зьвестак аб банкруцтве.

На прадпрыемстве ўведзены «ахоўны пэрыяд» да 5 кастрычніка, часовым кіраўніком прызначаная Вольга Рачко, кіраўніца ТАА «Антыкрызіснае кіраваньне». За тры месяцы мае быць вырашана, ці ёсьць падставы для пачатку конкурснай вытворчасьці. Калі адказ будзе станоўчы, застанецца вырашыць, санаваць прадпрыемства або ліквідаваць.

Заяву ў суд падавала само ААТ «Мотавела». Прычынай стала ўстойлівая неплатаздольнасьць. Прадпрыемства мае даўгі перад сямю банкамі, шэсьць зь іх — заклады па абавязаньнях трэціх асобаў. Ўласныя абавязаньні — больш чым на 28 мільёнаў даляраў. Як удакладняецца ў дакумэнце, у банкаўскім закладзе знаходзіцца нерухомасьць заводу коштам амаль 88 мільёнаў даляраў.

Сума патрабаваньняў крэдытораў, забясьпечаных закладам маёмасьцi «Мотавела», перавышае 61 мільён даляраў (187% кошту актываў), па грашовых абавязаньнях — амаль 60 мільёнаў даляраў. Зараз асноўны від дзейнасьці «Мотавела» не вытворчасьць матацыклаў і ровараў, а здача ў арэнду памяшканьняў.

Пасьля зьняволеньня былога стратэгічнага акцыянэра заводу з Аўстрыі Аляксандра Мураўёва 99,88% акцыяў прадпрыемства, якія яму належалі, перайшлі ва ўласнасьць Дзяржаўнага камітэту маёмасьці.

Сёлета ў красавіку менскія чыноўнікі прапаноўвалі перанесьці «Мотавела» ў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Аднак у чэрвені Менгарвыканкам вырашыў аб’явіць завод банкрутам і выставіць ягоную зямлю на аўкцыён.

Паводле афіцыйных зьвестак, сёньня на «Мотавела» засталася дзясятая частка колішніх работнікаў — 243 чалавекі ў параўнаньні з 2685, якія былі 10 гадоў таму. Выручка за 2015 год склала каля 6 мільёнаў даляраў (апошнія даступныя зьвесткі), тады як у сярэдзіне 2000-х была ў чатыры разы большай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG