Выйшаў на днях на сайце svaboda.org артыкул пра маіх калегаў. Пра тое, як яны, маладая амэрыканская пара, любіць Беларусь. І чаму. Пра іх падарожжы і ўражаньні ад краіны. Але гаворка не пра артыкул. Гаворка пра камэнтары пад артыкулам і на Фэйсбуку.
Вось я люблю сваю краіну і яе людзей. Але я не разумею, чаму 99,9% камэнтароў — аднатыпнае бездапаможнае ныцьцё і соплі пра тое, што добра любіць Беларусь з амэрыканскім заробкам. Твая любоў да краіны вызначаецца тваім заробкам?! Ты ня можаш сабе дазволіць зьезьдзіць у Дудуткі або ў Налібацкую пушчу? Сурʼёзна?
Ты працуеш на пана, які адабраў у цябе пашпарт, лупіць нагайкай і плаціць ежай? І нічога ня можаш зьмяніць, таму што працадаўца пагражае расправіцца з тваёй сямʼёй? А як ён пусьціў цябе ў інтэрнэт, вось у чым пытаньне... А можа ты ня быў у Налібаках не таму што ня можаш, а таму што ты лянівы тхор...
Так, дарагія мае, гэта рытарычныя пытаньні. Адказ на іх відавочны. Усе гэтыя камэнтатары проста працуюць у лепшым выпадку ў офісе і чакаюць, калі назапасяць на Логан і выплацяць за кватэрку на Каменнай Горцы. І яшчэ чакаюць, калі прыйдзе новы начальнік і зробіць ім заробак як у Амэрыцы, зыходзячы на гэтую тэму бурбалкамі ў інтэрнэце...
Вось што я табе скажу, дарагі ныючы сябар. Нават тыя мае знаёмыя, якія нылі пра тое, што тут няма чаго лавіць і трэба хутчэй валіць з гэтай краіны, і, у адрозьненьне ад цябе, паднялі свой азадак і гэта зрабілі, працягваюць ныць і клясьці ўжо новую краіну. Або ўкалваць з раніцы да вечару зараз ужо ў капіталістычным раі, чакаючы, калі на пэнсіі змогуць сабе дазволіць наведаць Парыж. Ёсьць, вядома, і тыя, хто чагосьці хутка дамогся і мае паважаную пасаду і час на падарожжа...
Уласна, як і тут, у Беларусі. Хтосьці ные, бухае і чакае, калі нехта за іх зробіць новага прэзыдэнта або пакліча іх калупаць у носе зь дзевяці да пяці за 5000 даляраў. А нехта што-небудзь робіць. Хоча падарожнічаць — падарожнічае. Хоча працаваць на сябе — прагарае, расчароўваецца, набівае гузы, але працуе. І з другіх, паверце мне, ніхто не ные ў інтэрнэце пра тое, як зручна любіць Беларусь з амэрыканскім заробкам. Яны альбо на блакітных азёрах, альбо ў Налібаках, альбо ў Парыжы, альбо працуюць.
І апошняе. Ведаеце чаму ў нас карумпаваная ўлада, няма выбараў ужо 23 гады і нашы падаткі марнуюць на парады і палацы прэзыдэнта? Таму што вы седззіце, ныеце, лаеце «змагароў», але чакаеце, калі яны выйдуць на плошчу і ўсё за вас зробяць. Менавіта таму нікога з вас не спытаюць, калі зьнясуць Асмалоўку, чарговы парк або ваш дом, таму што дзядзькі з «Газпрома» або Эміратаў далі грошы на чарговыя палацы і фаервэркі. Не спытаюць, бо ведаюць, што вы панаракаеце ў інтэрнэце і раніцай пойдзе да сябе ў офісе чакаць, калі за вас хтосьці нешта зьменіць у вашым жыцьці.
Аляксандар Яшнікаў
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.