Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: на ўсходзе Ўкраіны ў «ГУЛАГу» працуюць тысячы зьняволеных


На ўсходзе Ўкраіны, на тэрыторыях падкантрольных прарасейскім сэпаратыстам, дзейнічаюць працоўныя лягеры, дзе на паднявольных працах занятыя тысячы зьняволеных. Атрыманыя ад гэтага прыбыткі ідуць на фінансаваньне так званых «ДНР» і «ЛНР». Пра гэта паведаміла ў чацьвер нямецкая радыёстанцыя Deutschlandfunk са спасылкай на сьведчаньні былых вязьняў, перадае «Нямецкая хваля».

Паводле дадзеных журналістаў, там утрымліваюцца каля 10 тысяч чалавек, многія зь якіх адбываюць пакараньне незаконна, паколькі падпадаюць пад амністыю, якую ўкраінскія ўлады абвясьцілі яшчэ ў 2014 годзе. Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў пытаньнях правоў чалавека Валерыя Луткоўская адзначыла, што ўрад у Кіеве ня здольны дапамагчы сваім грамадзянам, вязьням гэтых лягераў, бо ўкраінскія законы ў гэтым рэгіёне не выконваюцца.

Амбасадар Украіны ў Нямеччыне Андрэй Мельнік у інтэрвію радыёстанцыі заявіў, што Ўкраіна ўжо тры гады ня мае доступу да гэтых рэгіёнаў і тым больш да тамтэйшых турмах, і зьвярнуў увагу на важнасьць ціску на Расею. Кіраўнік нямецкага бюро міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Вэнцэль Міхальскі таксама адзначыў, што на перамовах па ўрэгуляваньні ў Данбасе вельмі рэдка абмяркоўваюцца правы людзей, якія жывуць на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях.

Украінская «Ўсходняя праваабарончая група» называе гэтыя лягеры «ГУЛАГам з адабрэньня Масквы». Паводле яе ацэнак, штомесячны даход ад паднявольных працаў зьняволеных складае да 500 тысяч эўра.

Улады «ЛНР» і «ДНР» на просьбу пракамэнтаваць гэтую інфармацыю не адрэагавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG