Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Крэмль хацеў бачыць у Белым доме Гілары Клінтан


Сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна ў Гамбургу 7 ліпеня 2017 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ён здолеў «вельмі добра паладзіць» са сваім расейскім калегам Уладзімірам Пуціным падчас іх «выдатнай» сустрэчы на мінулым тыдні ў Нямеччыне.

Пра гэта ён паведаміў у інтэрвію заснавальніку рэлігійнага тэлеканалу CBN (Christian Broadcasting Network) Пэту Робэртсану. Трамп адзначыў, што ён не чакае, што ён і Пуцін будуць заўсёды і ва ўсім згаджацца.

«Ён хоча таго, што добра для Расеі, а я таго, што добра для Злучаных Штатаў», — растлумачыў Трамп.

Прэзыдэнт ЗША таксама выказаў здагадку, што Крэмль хацеў бы, каб на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах перамагла Гілары Клінтан.

«Калі б Гілары перамагла, то нашы ўзброеныя сілы былі б разваленыя. Нашы энэрганосьбіты сталі б нашмат даражэйшыя, — сказаў ён. — Са мной — зусім ня так, і менавіта гэта не падабаецца Пуціну ў маёй палітыцы. І менавіта таму я пытаюся: з чаго гэта ён мусіў быць зацікаўлены ў маёй перамозе? З самага першага дня я заяўляў аб умацаваньні ўзброеных сілаў, а ён ня хоча гэтага бачыць ».

Тым ня менш Трамп настойвае, што яго першая асабістая сустрэча з Пуціным, якая адбылася падчас саміту «Вялікай дваццаткі», была плённай.

«У нас была добрая сустрэча. Гэта была асабістая сустрэча, даволі доўгая, — сказаў ён. — Яна працягвалася 2 гадзіны 15 хвілін. Усе зьдзівіліся таму, што яна была такой працяглай, але гэта было добра, а зусім ня дрэнна. Думаю, што мы паладзілі, і гэта добра, а ня дрэнна. Людзі кажуць: „О, яны не павінны ладзіць“. Але хто гэтыя людзі? Думаю, мы вельмі добра ладзім. Мы надзвычай магутная ядзерная дзяржава, як і яны. Неразумна ня мець нейкі адносіны».

На думку Трампа, спыненьне агню ў Сырыі зьяўляецца важным прыкладам посьпеху, якога яму ўдалося дасягнуць у адносінах з Расеяй.

«Думаю, у нас была выдатная сустрэча, — сказаў Трамп. — Мы зрабілі адну рэч — дамагліся спыненьня агню ў буйным раёне Сырыі, дзе быў жудасны вэрхал і жудасныя забойствы. Дарэчы, яно працягваецца ўжо чатыры дні. Перамірʼе доўжыцца ўжо чатыры дні».

Нягледзячы на крытыку з боку дэмакратаў у Кангрэсе і некаторых рэспубліканцаў, Трамп апісваў сваю першую сустрэчу з расейскім лідэрам у аптымістычным тоне.

«Гэтая сустрэча дала шмат вынікаў, але я веру, што вельмі важна весьці дыялёг, паколькі калі ў вас няма дыялёгу, то ўзьнікае шмат праблемаў у нашай краіне, і ў іх краіне, — сказаў ён. — Думаю, нам патрэбны дыялёг. Нам патрэбны дыялёг з усімі».

Разам з тым Трамп папярэдзіў, што з Пуціным «часам ня будзе выходзіць дамаўляцца пра нешта, а часам будзе».

Ён таксама згадаў шэраг прычынаў, зь якіх расейскі лідэр можа ставіцца да яго насьцярожана.

«Мы самая магутная краіна ў сьвеце, і мы робімся ўсё больш і больш магутнымі, таму што я выступаю за моцныя ўзброеныя сілы, — сказаў прэзыдэнт ЗША. — Гэта не падабаецца Пуціну ўва мне. Таму я і кажу: з чаго б яму хацець, каб прэзыдэнтам быў я?»

Трамп таксама выказаў меркаваньне, што яго энэргетычная палітыка падрывае пазыцыі Расеі на энэргетычных рынках.

«З самага пачатку я выступаю за разьвіцьцё сланцавых тэхналёгіяў і іншыя рэчы, каб зьнізіць цэны на энэрганосьбіты, — падкрэсьліў Трамп. — Мы будзем забясьпечваць сябе самі, гэта будзе ўжо хутка. Мы будзем экспартаваць энэрганосьбіты, а Пуцін гэтага ня хоча. Яму спадабалася б Гілары, таму што яна хоча пабудаваць больш ветраных станцыяў. Ён бы аддаў перавагу гэтаму, таму што ў выніку цэны на энэрганосьбіты вырасьлі б, а Расея шмат у чым залежыць ад энэрганосьбітаў».

«Так што ёсьць шмат рэчаў, якія я раблю, якія ў дакладнасьці процілеглыя таму, чаго б ён хацеў», — рэзюмаваў прэзыдэнт ЗША.

XS
SM
MD
LG